Курсы валют

Доллар США
2.5658
Евро
Российский рубль

Погода

15..17 °C

Фельетон

Цяжкая задача — перапіс сабачы

Nyauves

У Барысаўскім, Слуцкім, Шумілінскім, Сенненскім, Чашніцкім і іншых раёнах уводзіцца падатак на сабак. Яго будуць плаціць і сельскія жыхары.

Маладзёна Саўку ранкам
Шэф пазваў у кабінет
І папёр адразу танкам:
— Нехлямяжы ў нас бюджэт.

Па падатках горшы самы
Наш у вобласці раён.
Як вылазіць трэба з ямы,
Дык не лішні і мільён.
Здасца дзіўнаю задача
Для цябе, Савось, але
Трэба перапіс сабачы
Нам правесці на сяле.
Ты ж у нас хлапчына хваткі —
Іх усіх улічыш. Так?
Потым мы збяром падаткі
З уладальнікаў сабак.
Насамрэч Савось — не волат,
А якраз наадварот.
Выглядае вельмі квола,
Дый яшчэ сляпы, як крот,
Акуляры носіць змалку.
Да таго ж — і гарадскі.
Не трымаў ніколі палку
І не браў у рукі кій.
Для яго сяло ці вёска,
Як для нас калісьці БАМ.
І ўяўвіць не мог Савоська,
Што яго чакае там.
Варта тут зрабіць рэмарку,
Што сабак у вёсках — цьма,
Бо не ўявіш гаспадарку,
Дзе ахоўніка няма.
Ён абгаўкае чужога,
А свайму вільне хвастом.
І яды не просіць многа,
Можа спаць і пад кустом.
А пастух ці паляўнічы,
Як на луг ідзе ці ў лес,
Дык з сабой сабаку кліча —
Мае пэўны інтарэс.
Так што ў вёсцы знае ўсякі,
Што сабака трэ заўжды.
Гэта ў горадзе сабакі
Як ратунак ад нуды.
Гадзяць сучкі на газоны,
І суседзі шлюць папрок,
Дык, бадай, зусім рэзонны
На сабачнікаў аброк.
…Маладзён Савось уранку
Крок зрабіў у першы двор.
Там касу кляпаў на ганку
Векавечны дзед Рыгор.
Ля хлява — сабакі будка.
Як пачуў пагрозны брэх,
Развярнуўся хутка-хутка
І з двара Савось пабег.
Забаяўся ён барбоса —
Можа цапнуць за нагу.
Дзед спыніў яго:
— Не бойся!
Шарык мой на ланцугу.
Ды затым, як дзед уведаў,
Што за злыдзень у двары,
Знік настрой харошы дзедаў,
Гнеўна выгукнуў стары:
— Помню, лысаму Хрушчову
Узбрыла такая ж дур:
Браў падатак на карову,
На авечак і на кур.
Нават яблыні і слівы
Аблажыў аброкам гад.
Колісь бацька, што не дзіва,
Да астачы высек сад…
Прэч з двара! А не, дык… — Саўку
Прыгразіў стары Рыгор,
Позірк кінуўшы пад лаўку,
Дзе ляжаў яго тапор…
Паляцела пагалоска
Ад двара к двару. І вось
Неўзабаве знала вёска,
Для чаго прыбыў Савось.
Пачалі на вулкі людзі
Выпускаць сабак з двароў:
Маладзёну цяжка будзе
Адшукаць гаспадароў.
Ашалелыя сабакі
Рвалі Саўкавы штаны.
На бяду для небаракі,
Быццам ведалі яны,
З-за якога інтарэсу
Завітаў сюды чужак.
Аж да саменькага лесу
Уцякаў ён ад сабак!
* **
Трэба грошыкі дзяржаве,
І паверыць я гатоў,
Што падатак неўзабаве
Увядуць і на катоў.
Мусіць, Саўку будзе цяжка,
Як завітвацьме ў двары:
Хоць клыкоў у іх нямашка,
Але маюць кіпцюры.

Алесь Няўвесь

Рубрыца «Фельетон»:

«Сервіс» у судзе радуе людзей

Змусілі кабету атрымаць газету…

Каб жылося без пакут, дэпутату — «парашут»

У нас увесь народ дастойны ўзнагарод

Добавить комментарий