Курсы валют

Доллар США
2.5992
Евро
Российский рубль

Погода

14..16 °C

Фельетон

На крыж і на ікону маліцьмуцца да скону

Nyauves

Старшыня РГА «Белая Русь» Аляксандр Радзькоў параіў беларусам «не ныць з-за крызісу, проста жыць па сродках, сувымяраць свае жаданні з тым, як жыве краіна». А экс-кіраўніца Нацбанка Надзея Ермакова заўважыла, што «нам трэба зацягнуць паясы і проста менш транжырыць… Ніхто яшчэ з голаду ў нашай краіне не памёр». Дарэчы, сама Ермакова атрымлівае пенсію 8,5 мільёна рублёў і мае катэдж у Драздах.

Навука — рухавік жыцця,
Яна нам адкрывае далі.
Але такога адкрыцця,
Прызнацца, людзі не чакалі
Праз сотні нават зім і лет.
Навука, словам, заявіла,
Што ёсць і пераверне свет
Сумлення вірус (ці бацыла).
А потым быў наступны крок,
Што пераблытаў нашы ролі:
Ці ненаўмысна, ці знарок
Хтось вірус выпусціў на волю.
Пачаў перадавацца ён
Ад чалавека к чалавеку,
Навёўшы ў клёпках гэткі шмон,
Якога не было спрадвеку.
Злачынцаў патэнцыйных раць
З-за гэтай віруснай напасці
Людзей не стала забіваць,
Тым болей махляваць ці красці.
І наш забыты Богам край
Нарэшце вірус той наведаў,
Стварыўшы пекла, а не рай
Для ўсіх хапуг і дармаедаў.
Як быццам воўк у лесе здох:
Пры страшным вірусным нападзе
Надарыўся перапалох
Сярод чыноўнікаў пры ўладзе.
Набок звіхнуліся мазгі,
Чыны сябе не разумелі:
Бы нечакана хтось другі
У іхнім пасяліўся целе.
Адзін чыноўнік-гарлапан
Стаў кулакамі біць у грудзі:
— Раней я ўводзіў вас у зман,
Прабачце мне за гэта, людзі!
Плявузгаў пра шчаслівы лад,
«Карміў» вас рознаю лухтою.
На самай справе ў нас дыктат,
Усе мы ў Бацькі пад пятою.
Я заклікаў не цешыць плоць,
Не шыкаваць, а жыць па сродках —
З таго, што вам дае Гасподзь
І што расце на вашых «сотках».
А сам я жыў зусім не так,
Не быў у скуры Папялушкі
І не туляўся, як жабрак,
Бо дапусцілі да «кармушкі».
Здавалася мне казкай быль,
Нібы за пазухай у Бога:
Дыхтоўны ёсць аўтамабіль,
Даброт і грошай маю многа.
Жыву зусім не на дварэ,
А збудаваў катэдж шыкоўны:
Калі «да ветрыку» прыпрэ,
Не трэба бегаць да «шпакоўні».
Але сумленне, як бабёр,
Цяпер грызе мяне, паверце.
Ашчадна жыцьму з гэтых пор,
Нібы манах, да самай смерці.
На хлеб свой зарабляцьму сам
Ці з торбаю пайду па свеце.
Катэдж жа пад садок аддам —
Няхай парадуюцца дзеці.
Затым кабета «выйшла ў круг»
І нават стала на калені.
— Тлуміў мяне нячысты дух,
Не раіў думаць аб сумленні.
Народ стагнаў, а я сама
Жыла, нібыта каралеўна,
Бо гэткай пенсіі няма
Цяпер ні ў кога з вас, напэўна.
Сабе пабудавала дом —
Ажыццявіла мроі-мары.
А з кім там жыць? Хіба з катом…
Дык і здавала за даляры.
Прабач за гэта мне, народ!
Цяпер паехаць буду рада
У вёску, дзе засох гарод
І дзе мяне чакаюць грады.
Затым і ўвесь чыноўны люд,
Што збудаваў сабе святліцы,
Запэўніў слёзна:
— З-за пакут
Мы будзем каяцца й маліцца!
Узяўшы Запавет Стары,
Пацалавалі крыж, ікону
І жыць пайшлі ў манастыры —
Грахі замольвацьмуць да скону…
* * *
Я фельетон пісаў дарма,
Бо вось якая закавыка:
Сумлення віруса няма,
А толькі ёсць бацыла Зіка.

Алесь Няўвесь

Рубрыца «Фельетон»:

Цяжкая задача — перапіс сабачы

«Сервіс» у судзе радуе людзей

Змусілі кабету атрымаць газету…

Каб жылося без пакут, дэпутату — «парашут»

Добавить комментарий