Курсы валют

Доллар США
2.6236
Евро
Российский рубль

Погода

9..11 °C

Фельетон

Не знае стомы «невядомы»…

Nyauves

Гучны рэзананс атрымала «справа графіцістаў», калі міліцыянеры збілі юнакоў. Супраць ахоўнікаў парадку была ўзбуджана крымінальная справа, але нядаўна пацярпелыя атрымалі паведамленне следчага, што «справа прыпынена ў сувязі з неўстанаўленнем асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага».

Навіна — проста жах дый годзе,
Спярша не верылася нат:
У міліцэйскім асяроддзі
Завёўся нейкі злыдзень-гад.

Ніхто яго не чуў, не бачыў,
Не сустракаў ніколі, хоць
Як след выконвае задачы,
Таксама мае кроў і плоць.
І гэты злыдзень невядомы —
Як Франкенштэйн ці нейкі спрут:
Ён увіхаецца без стомы,
З’яўляецца і там, і тут.
Палічыць хтосьці пустасловам,
Маўляў, плявузгаю брыду?
Я недаверлівым галовам
Нядаўні прыклад прывяду.
Патрыятычнае графіці
Нанеслі хлопцы на сцяну
(Мяне нягоднікам лічыце,
Аднак жа іх не папракну).
«Злачынцаў» міліцыянеры
Заспелі за заняткам тым
І прынялі, вядома, меры —
Папрок зрабілі маладым:
— Нашто вы пэцкалі, скажыце?
Як вам не сорамна, сябры?
А заўтра вашыя графіці
Замазваць прыйдуць маляры.
Дык пратакол на вас складзём мы,
Каб вы адумацца маглі…
І тут службовец незнаёмы
Паўстаў, нібыта з-пад зямлі.
Ніхто дакладна не разгледзеў,
Ці лейтэнант ён, ці маёр.
А хлопцы не самлелі ледзьве,
Бо ён, як кажуць, танкам пёр.
— Паскуды! — гаркнуў
Злыдзень гэты. —
Я вас на парашок сатру
Ці ператрушчу на катлеты,
Каб паслужыць гаспадару!
Адразу ў ход пусціў ён ногі
І, быццам гіры, кулакі.
Дубасіў хлопцаў да знямогі —
Во быў раз’юшаны які!
Калегі — той расправы сведкі —
Стаялі моўчкі ля сцяны.
Уразіў іх малюнак гэткі,
І разгубіліся яны.
А злыдзень ім задаў пытанне:
— Ці не за вас я ўсё раблю?
І… знік, як «вожык у тумане»,
Бы праваліўся скрозь зямлю.
А потым міліцыянеры,
Як гаварыць вярнуўся дар,
Аформілі свае паперы,
У суд паклікалі ахвяр.
Ды не маўчалі і ахвяры,
«Наверх» адправілі лісты:
Маўляў, разбілі нашы твары,
Бакі намялі нам «мянты»,
Яны і іншых гэтак «месяць»
Без дай прычын — не толькі нас…
У рэшце рэшт хлапцам праз месяц
Прыйшоў ад следчага адказ:
«Вас не нявечылі гурбою,
Зламыснік — чалавек адзін.
І гэта ён нанёс пабоі,
Не шкадаваў чужых рабрын,
Без жалю «пералічваў» косці
І з вас чыніў наогул здзек.
А хто ён? Невядомы хтосьці,
Хоць наш, напэўна, чалавек…»
Я думаю і дзень, і тыдзень,
Свае напружваю глузды:
«А можа й праўда нейкі злыдзень
Зацёрся ў іхнія рады?..»
* * *
Прасцей не мелі аксіёмы:
— Якое слова акурат
Дадаць да слова «невядомы»?
Раней сказалі б мы:
— «Салдат»!
Аднак цяпер у будні й святы
Павінны помніць я і ты:
Ёсць невядомыя салдаты,
Ёсць невядомыя «мянты»…

Алесь Няўвесь

Да ведама чытачоў: зборнік Алеся НЯЎВЕСЯ «Цырк на дроце» можна купіць у мінскай кнігарні «ЛогвінаЎ» ( пр. Незалежнасці, 37а).

Рубрыца «Фельетон»:

Пустыя жываты, зашытыя раты

На конкурс бульбаш вязе эпатаж

Ці стрывае Пракоп міліцэйскі паклёп?

Занятак цяжкі — знаходзіць пляшкі

Добавить комментарий