Курсы валют

Доллар США
2.5992
Евро
Российский рубль

Погода

14..16 °C

Фельетон

Угробяць без пары такія дактары

Nyauves

Галоўны рэдактар часопіса «Здравоохранение», доктар медыцынскіх навук, прафесар Юрый Абаеў заявіў, што праз 10—15 гадоў у Беларусі адбудзецца катастрофа: не будзе каму вучыць дактароў, бо ў медыінстытутах працуюць кадры, якія даўно не займаліся практычнай медыцынай.

У сціплы гарадок раённы
Хірург прыехаў малады.
Як чалавек амаль прыгонны,
Размеркаваны ён сюды.

Ніхто хірурга ў захалусце
Загнаць не змог бы і калом,
Ды ў нас такі закон чамусьці,
Што трэба «адрабляць» дыплом.
Спецыяліста маладога
Даўно чакаў галоўны ўрач:
Бальніцы самы раз падмога,
Бо кадраў мала — хоць ты плач.
Ды «запрагаць» як след спачатку
Галоўны хлопца не хацеў:
Крый Божа, скальпель ці пальчатку
Забудзе ён у жываце.
На хлопца рана апірацца,
Бо вопыту амаль што нуль.
У час складаных аперацый
У старане стаяў пакуль.
Калі б зірнуў на хлопца хтосьці,
Дык згледзеў бы, што твар — крывы,
Бы ўпершыню ён бачыць косці,
Вось-вось самлее ад крыві.
І вось брыгада даручыла
Адрэзаць нешта ў дзецюка.
Глядзеў ён круглымі вачыма,
І калацілася рука.
Але ж адрэзаў. Ды няўдала.
Дзяцюк няшчасны ледзь жывы.
На той парэз хірург бывалы
Гадзіну аж накладваў швы.
Больш у бальніцы не хацелі
Рызыкаваць. З тае пары
Зразаў ён прышчыкі на целе
Або праколваў пухіры.
Але прызначылі аднойчы
Яго дзяжурыць уначы.
Як скончыўся іх дзень рабочы,
Сышлі астатнія ўрачы.
Звычайна ноччу вельмі мала
Бывала ў дактароў турбот,
Бо гарадок жа заняпалы,
Людзей у ім — наплакаў кот.
І трэба ж здарыцца такому
Эксцэсу ў тую ноч якраз,
Калі хірургу маладому
Там давялося бавіць час.
Дзяўчо ў бальніцу паступіла —
Баліць жывот і бледны від.
Пасля аналізаў паныла
Сказаў хірург:
— Апендыцыт…
Дык трэба хутка, без замінкі
Разрэзаць скальпелем жывот,
Інакш для беднае дзяўчынкі
Жахлівым можа быць зыход.
Навошта гэткая праблема?
Хвіліны могуць мець вагу,
Аднак хірург заенчыў нема:
— Ды я не ўмею! Не магу!
Як быццам важкая прычына —
Магчыма, зробіць горш… Але ж
Медсёстры, у гадах жанчыны,
Хірургу загадалі:
— Рэж!
Ды скальпель маладзён у рукі
Браць не хацеў усё адно:
— Не атрымаў такой навукі!
Мае выкладчыкі даўно
Не мелі практыкі ніякай
Дый нам савалі манекен.
Таму, хоць мой дыплом з адзнакай,
У хірургіі я — бязмен.
Парэзаць мог бы добра вельмі,
Усё як след зрабіў бы, каб,
Як на занятках у вучэльні,
Вы мне далі мышэй ці жаб…
Прыйшлося выклікаць падмогу —
Прыехаў сам галоўны ўрач.
Дзяўчынка тая, дзякуй Богу,
Яшчэ пабегае наўскач!
А маладзён не зведаў кары.
Сказалі:
— Калі ты пусты,
Дык падавайся ў санітары —
Навучаны круціць бінты…
* * *
Затое нас чакае кара,
Мы многа зведаем пакут:
Рыхтуе нам ветэрынараў,
А не ўрачоў медінстытут.

Алесь Няўвесь

Да ведама чытачоў: зборнік Алеся НЯЎВЕСЯ «Цырк на дроце» можна купіць у мінскай кнігарні «ЛогвінаЎ» ( пр. Незалежнасці, 37а).

Рубрыца «Фельетон»:

А на халеры тыя дзверы?

Не знае стомы «невядомы»…

Пустыя жываты, зашытыя раты

На конкурс бульбаш вязе эпатаж

Добавить комментарий