Курсы валют

Доллар США
2.0373
Евро
Российский рубль

Погода

7..9 °C

Фельетон

Быццам сонейка з-за хмар, маладзіцы гэтай твар

Nyauves

Беларуская спявачка Ірына Дарафеева так патлумачыла сваё жаданне стаць дэпутатам: «Хочацца нешта змяніць і ў сваім жыцці, і ў жыцці краіны». А на пытанне, як канкрэтна можна «дапамагчы грамадству і народу», спявачка прызналася, што «пакуль аб гэтым рана гаварыць.

Зусім няма падстаў дзівіцца
І натуральна акурат,
Што прыгажуня-маладзіца
Рашыла атрымаць мандат.

Яна ад клопатаў народа
Не хоча быць у старане.
А ёсць і іншая нагода.
— Без перамен абрыдла мне,
Жыццё здаецца прэснаватым,
Будзённа ўсё, як ні круці.
А калі стану дэпутатам,
Дык штосьці зменіцца ў жыцці.
Магчыма, хоць якія змены
І для народа прыўнясу.
Не ўсё ж мне «галасіць» са сцэны,
Спяваць да старасці папсу… —
Так маладзіца заявіла,
Абгрунтаваўшы выбар свой.
І выглядае гэта міла,
Яна як быццам з галавой!
Ды паднялі зласліўцы лямант,
І кожны бедную дзяўбе:
— Чаго ты сунешся ў парламент?
Карысць якая ад цябе?
Хоць голас у цябе хвалёны,
Хоць ты сама — як матылёк,
Каб мудрыя пісаць законы,
Патрэбны не курыны клёк.
У дэпутата — розум-глыба
І красамоўства — будзь здароў!
Ты ж будзеш там маўчаць, як рыба,
Звязаць не зможаш пару слоў.
З усіх людзей дасведчы самы
Трымаць павінны гэты руль.
Ты ж нават і сваёй праграмы
Не прапаноўваеш пакуль.
А наш народ разумны трошку —
Не купіць ён ката ў мяшку
(Тым болей не набудзе кошку),
Дык і сядзі ў сваім кутку…
Зламыснікі і недарэкі!
За тон зняважлівы такі,
За гэтыя насмешкі-здзекі
Няхай адсохнуць языкі!
Не горшай будзе маладзіца,
Як абярэ яе народ.
Яна ў парламент наш гадзіцца —
Там разяўляць не трэба рот.
За іх усё падрыхтавана,
Усё прадумана даўно.
Гаваруна (тым больш буяна)
Каторы тэрмін не відно.
З заканатворчага працэсу
Ім застаецца драбяза:
Прамову выслухаць, як месу,
Затым націснуць кнопку «за».
Не радуе малюнак гэты:
Сядзяць, прабачце, як пянькі,
Не надта зграбныя кабеты
І таўстапузыя дзядзькі.
Аж пасвятлее ў гэтай зале,
Бы сонца выгляне з-за хмар,
Калі няўзнак у тым кагале
Убачым «Беларусі твар»*.
Я голас ёй аддаць гатовы,
І можна зразумець мяне,
Бо хоць не ўчуе вуха словы,
Ды вока з любасцю зірне…

Алесь Няўвесь

Алесь Няўвесь

Да ведама чытачоў: зборнік Алеся Няўвеся «Цырк на дроце» можна купіць у мінскай кнігарні «ЛогвінаЎ» ( пр. Незалежнасці, 37а).

Рубрыца «Фельетон»:

Папрокі святару зусім не па нутру…

Правяральшчыкі — цугам. Ім хадзіць бы за плугам…

А цяпер і пагатоў будуць жыць да ста гадоў

Быў бы якраз трактар ці «МАЗ»

Добавить комментарий