Курсы валют

Доллар США
2.1228
Евро
Российский рубль

Погода

-1..1 °C

Фельетон

Кіраўнікі — святыя, ды людзі ў іх не тыя

Nyauves

З правераных у першым паўгоддзі мінскіх індывідуальных прадпрымальнікаў падаткавыя інспекцыі выявілі парушэнні ў 98,5, а ў Віцебскай вобласці — 99,8 працэнтаў. У Інтэрнэце выказваецца аднадушнае меркаванне: гэта не людзі дрэнныя, а законы.

У тых, хто ў нас трымае руль,
Сказаць-засведчыць ёсць нагода:
Ад прадпрымальнікаў пакуль
Краіне не карысць, а шкода.

І хоць ты ім на галаве
Чашы, як кажуць, кол-палена,
З іх кожны як куркуль жыве,
Не хоча працаваць сумленна.
Дый абнахабіліся ўшчэнт —
Не ўсе выплачваюць падаткі!
Ну, словам, гэты кантынгент
У шэрай масе самы гадкі.
Між тым для іх, «вашывых блох»,
Улада ўсе стварыла ўмовы,
Каб кожны разгарнуцца мог,
Каб люд казаў: «мяшок грашовы».
Для іх законы прынялі
(Карпелі нашы дэпутаты),
Каб зажылі як каралі,
Не нылі тыя тарбахваты.
Аднак жа ім усё не так,
Грабуць, грабуць — і ўсё ім мала,
Хоць поўны ў кожнага валляк.
А каб вас, злыдні, разарвала!
Дый людзі ўвогуле, на жаль,
Свайго не распазналі шчасця:
Уладзе трэба даць медаль,
Да ног з удзячнасцю прыпасці.
Аж жылы рвуць кіраўнікі,
І рэзультат іх працы — плённы.
А водгук ад людзей які?
Паўсюль чуваць адны праклёны.
Галоўнае — няма вайны,
Ніхто нас не бярэ за грудзі.
А што насельнікі? Яны
Крычаць:
— Мы хочам жыць як людзі!
Крычаць:
— Даброты падавай!
Давай прыстойныя зарплаты!
А самі ці ствараюць рай?
Ці рупяцца, каб родны край
Быў і шчаслівы, і багаты?
Яшчэ на памяці: калі
Павіслі над краінай хмары,
Пабеглі ўсе свае рублі
Мяняць на еўра і даляры.
Дык на дэфолт (інакш — капут)
Магла краіна напароцца.
І нездарма тутэйшы люд
Кармілец абазваў «народцам»…
…Папрокаў і зняваг мільён
Пачую я за опус гэты.
Але пісаў я фельетон
Для прэзідэнцкае газеты…
* * *
Тым, хто кіруе з года ў год,
Пытанне: калі вы святыя,
Дык мо не той для вас народ
Ці для народа вы не тыя?..

Алесь Няўвесь

Да ведама чытачоў: зборнік Алеся Няўвеся «Цырк на дроце» можна купіць у мінскай кнігарні «ЛогвінаЎ» ( пр. Незалежнасці, 37а).

Рубрыца «Фельетон»:

Вельмі смешны анекдот пра ўручэнне ўзнагарод

Быццам сонейка з-за хмар, маладзіцы гэтай твар

Папрокі святару зусім не па нутру…

Правяральшчыкі — цугам. Ім хадзіць бы за плугам…

Добавить комментарий