Курсы валют

Доллар США
2.4564
Евро
Российский рубль

Погода

18..20 °C

Фельетон

Паявіўся ў каровы гаспадар адмысловы

Nyauves

Апошнім часам наш прэзідэнт наведаў фермерскую гаспадарку «Цнянскія экапрадукты», а затым СУП «Савушкіна», дзе яму падарылі карову, якая дае 36 літраў малака ў суткі. Дарэчы, на падворку ў прэзідэнта ўжо ёсць козы, авечкі…
…Згодна з рэйтынгам Еўракамісіі, Беларусь прадае масла больш, чым ЗША, а па сыру перагнала Аўстралію.

Вядома слесару й даярцы,
Вучоны знае й педагог,
Што Бацька ў сельскай гаспадарцы
Кумекае амаль як Бог.

Ягоным універсітэтам
Жыццё сялянскае было:
Яшчэ як быў ён шпінгалетам,
Спазнаў і палюбіў сяло.
Таму, бадай, зусім не дзіва:
Заняўшы месца за рулём,
Дапамагае ён рупліва
Сялу
Парадай і рублём.
Ён падсабляў заўжды калгасам,
Ды не апраўдваюць давер…
Таму ў яго апошнім часам
Спадзеў на фермераў.
Цяпер
Ён не шукае пільна хібы
У нейкім аграгарадку,
А хваліць фермераў сядзібы
І цісне «кулаку» руку.
Зрабіў ён правільна высновы!
Яно й не дзіўна: як-ніяк,
Сам Бацька — фермер адмысловы,
Калі ж па-простаму — кулак.
Хоць у яго дыхтоўны побыт
(У рэзідэнцыі жыве),
Але жывёл трымае побач —
Гадуюцца ў яго хляве.
Той хлеў — як мае быць, шыкоўны.
Авечкі не ў гнаі-гразі.
Ад іх стрыжэцца столькі воўны —
Хоць ты на трактары вазі!
Не многа ў Бацькі коз, затое
Ад кожнае яго казы
Такія хвацкія надоі!
За суткі доіць тры разы…
Аднак вядома: без каровы
Як быццам хібны гаспадар.
І фермеры
У раз чарговы
Ўручылі Бацьку шчодры дар.
Карова тая — рэкардсменка
(Як не лічыць, канешне, коз).
Давольны Бацька Лукашэнка,
Дый у каровы шчасны лёс.
Рэкорды могуць перакрыцца
Каровай гэтай — і нашмат:
Яна давала літраў трыццаць,
А ў Бацькі дасць і пяцьдзясят!
* * *
Мы сёння маем плён багаты
Ад нашых цёлак і кароў:
Больш масла прадаём, чым Штаты,
І чым Аўстралія — сыроў.
Арыенцір займелі новы:
Ужо да будучай зімы
Пры дапамозе той каровы
Еўропу пераплюнем мы!

Алесь Няўвесь

Да ведама чытачоў: зборнік Алеся Няўвеся «Цырк на дроце» можна купіць у мінскай кнігарні «ЛогвінаЎ» ( пр. Незалежнасці, 37а).

Рубрыца «Фельетон»:

Абраўшы цётку за нявесту, хлапец не дапусціў інцэсту

Кіраўнікі — святыя, ды людзі ў іх не тыя

Вельмі смешны анекдот пра ўручэнне ўзнагарод

Быццам сонейка з-за хмар, маладзіцы гэтай твар

 

Добавить комментарий