Курсы валют

Доллар США
2.5658
Евро
Российский рубль

Погода

6..8 °C

Фельетон

Чаму ж службоўцам неўспадоб, што хлопцы вырылі акоп?

Nyauves

Актывістаў зарэгістраванага ў Чэхіі «Маладога фронту» Зміцера Дашкевіча і Сяргея Пальчэўскага затрымалі ў Веткаўскім раёне, калі яны капалі акопы ў лесе паблізу мяжы з Расіяй. На затрыманне прыехалі леснікі, людзі ў цывільным, дзве машыны міліцыянтаў у бронекамізэльках, пажарнікі… На хлопцаў склалі пратакол «за парушэнне цэласнасці подсцілу і жывога надглебавага пакрыцця» і за «неадпаведнасць нормам аптэчкі ў аўтамабілі». Дашкевіч, у якога меўся страйкбольны аўтамат, заявіў, што ён не разумее рускай мовы, таму выклікалі двух настаўніц беларускай мовы, якія мусілі выступіць у ролі перакладчыц…

Аднойчы гарадок раённы
Апанаваў перапалох.
Усе, хто там насіў пагоны,
Хто ўзяць у рукі зброю мог,

Былі паднятыя на ногі
І, так бы мовіць, сталі ў строй,
Бо паступіў сігнал трывогі:
Чакае нас смяротны бой.
А з-за чаго сыр-бор?
Нібыта
Атрад захопніцкі, чужы
(Ці дыверсанты, ці бандыты)
Акопы рые на мяжы.
Пакуль няясна:
Злыдняў — рота
Ці, можа, нават батальён…
Хаця нікому неахвота,
Як кажуць, лезці на ражон,
Хаця і будзе гэта блага —
Загінуць ад варожых куль,
Але ж давалася прысяга,
Дый грошы плацяць ім пакуль.
Удзел у спохватцы, вядома,
Няхай прымаюць леснікі.
Яны ж у лесе — быццам дома,
Знаёмы ім усе куткі;
Яны, як колісь партызаны —
Гаспадары лясоў-балот —
Манеўр зрабіўшы нечаканы,
Па сцежках пойдуць у абход.
І пра пажарных узгадалі:
Як ворагі падпаляць лес,
Дык пойдуць шчыльнымі радамі
З брансбойтамі наперавес.
І вось да ўскраіны раёна,
Дзе люд амаль што не жыве,
Пагрозна рушыла калона
З браневіком у галаве.
Як спешыліся ўсе ваякі,
Дык расцягнуліся ў ланцуг
І напярэдадні атакі
Распачалі да ўзлеску рух.
На фланзе па лясной сцяжынцы
Накіравалі леснікоў:
Каб разгубіліся чужынцы,
Напасці трэба з двух бакоў.
За дрэвам хтось лапатай бліскаў,
А значыць, наступаць пара,
Бо стан варожы вельмі блізка.
І гулка грымнула:
— Ура!
Калі падбеглі ўсім саставам
Да ворагаў, як жарабцы,
Адразу ім няёмка стала:
Акоп капаюць… два хлапцы.
Начальнік — мокры, успацелы —
Задаў пытанні проста ў лоб:
— З кім ваяваць вы захацелі?
Нашто капаеце акоп?
Сваім жа ваяўнічым людзям
Аддаў загад пры гэтым ён:
— Мы злыдняў забіваць не будзем,
А лепей возьмем у палон.
— Расія вораг наш! — адразу
Яму далі адказ хлапцы. —
Паблізу размясціла базу.
Вы чулі ж, пэўна, пра Клінцы?
Расія ў кожную хвіліну
Акупаваць гатова нас.
Мы будзем бараніць краіну
З акопа гэтага якраз!
— Ды вы звычайныя нацдэмы?! —
Усклікнуў гнеўна камандзір. —
За тое, што пацелі ўсе мы,
Пад суд вас, гады, аддадзім!
І тут задумаўся начальнік:
«Што ж ім паставіць у віну?
Эксцэс і праўда незвычайны…
Хацелі распачаць вайну?
Калі цяпер у пратаколе,
Які, канешне, скласці след,
Напішаш здуру пра такое,
Дык потым абсмяецца свет…»
Таму малодшаму па чыне
Начальнік даў такі загад:
— Ты глянь, што ёсць у іх машыне.
Магчыма, знойдзеш кампрамат.
Служака ў чыне капітана,
Што затаіў таксама злосць,
Пабег выконваць апантана
Загад і ўсклікнуў потым:
— Ёсць!
Зірніце ўласнымі вачыма:
Знайсці ўдалося аўтамат.
Хоць гэта і муляж, магчыма,
Але надзейны кампрамат!
Службовец і другое «шые»
(Зарплату плацяць нездарма!):
— У той аптэчцы, што ў машыне,
Ні ёду, ні бінтоў няма!
«Байцоў» начальнік дакарае
(І іранічны той дакор):
— Дык як жа вы варожай зграі
Даваць збіраліся адпор?
У рускіх зброі ёсць багата,
Не з палкай пойдзе вораг ваш,
А ў вас няма і аўтамата,
Замест яго — якісь муляж.
А каб паранілі ў час бою?
Прапалі б вы і пагатоў:
Для перавязкі ў вас з сабою
Няма ні ёду, ні бінтоў!
Здалі б вы ворагам краіну,
На ўсіх наклікалі б бяду…
Ужо за гэтую правіну
Я пратакол на вас складу.
Яшчэ й ахоўнікі прыроды
Зрабіць рашылі свой уклад,
Абвінавацілі, што шкоды
Ад іх акопа вельмі шмат:
— Капалі на сваю патрэбу,
Каб напаказ правесці «шоу»,
Дык сапсавалі конча глебу
І пагубілі мурашоў!
Хлапцы ж ні пры якіх умовах
Падпісваць гэты пратакол
Не хочуць —
Хоць ты на галовах
Чашы, як кажуць людзі, кол.
— Прабачце, ды на рускай мове
Не петрым, — кажуць, — ні шыша.
Дык вы, шаноўныя панове,
Перакладзіце нам спярша.
У нас жа беларускі навык.
Яшчэ вучыў нас педагог
І па-нямецку шпрэхаць. Нават
Два словы помнім — «хэндэ хох!»
Ну ці ж не злыдні? Ці ж не гады?
З іх боку — гэта проста здзек,
Бо выставіць службоўцаў рады
Як недавумкаў-недарэк.
Смяяцца ж будуць у народзе,
Маўляў, тут на асле асёл:
Па-беларуску з іх ніводзін
Не можа скласці пратакол!
Во клёпкам выдалі нагрузку!
Не варта браць было ў палон…
Чытаць і чуць па-беларуску
Ім дазваляе наш закон.
Начальнік лыпае вачыма,
Яго імпэт зусім патух…
Прывезлі з горада вучылак
(Чамусьці не адну, а двух).
Вучылкі пераклалі неяк,
Што ў пратаколе грозным тым…
І акрыяў начальнік-невук,
Як бачыш зноўку стаў «крутым».
За тое, што «народа служку»
Змаглі зняважыць «смаркачы»,
Ён ім на поўную катушку
Цяпер збіраецца ўпячы.
А лепш бы ён зрабіў выснову:
«Калегі, з гэтае пары
Нам вывучаць патрэбна «мову»,
Узяўшы ў рукі буквары!»
* * *
Я камень у хлапцоў не кіну —
Маўляў, паехалі глузды.
Згадаць патрэбна Украіну,
Што дачакалася бяды.
Бадай, не за гарамі дзесьці
Расіі хіжае захоп.
І кожны з нас
На ўласным месцы
Павінны вырыць свой акоп…

Алесь Няўвесь

Да ведама чытачоў: зборнік Алеся Няўвеся «Цырк на дроце» можна купіць у мінскай кнігарні «ЛогвінаЎ» ( пр. Незалежнасці, 37а).

Рубрыца «Фельетон»:

Тым, хто не ўкінуў бюлетэнь, патрэбна соўгаць у каршэнь!

Хоць конь, як кажуць, залаты, але адкінуў капыты

Скарыстаем мудра лес, дык не трэба і АЭС

Дэфіцыт на медалі, бо Расіі аддалі

Добавить комментарий