Курсы валют

Доллар США
2.4609
Евро
Российский рубль

Погода

11..13 °C

Фельетон

Не прыдумаеш знарок пра салёны агурок…

Nyauves

Спявачка і дэпутат Ірына Дарафеева наведала магілёўскую калонію №4 і ізалятар часовага ўтрымання, затым падзялілася сваімі ўражаннямі: «Харчаванне на вышэйшым узроўні, як у рэстаране, прызнаюся шчыра, я нават пакаштавала — вельмі смачна… Мне спадабаўся салёны агурок…»

Нямала збілася ў гурму
І чынавенства, і абраннікаў.
І на экскурсію ў турму
Аўтобус іх даставіў раненька.

Ля брамы іх сустрэў маёр
У форме гладкае, параднае:
Маўляў, у нас турма — узор,
І вас экскурсія парадуе.
Спачатку пазнаёміў ён
Не са злачынцамі адпетымі,
Якіх на зоне — легіён,
А са сваімі кабінетамі.
Шыкоўнай мэблі ў іх няма,
Не вызначаюцца раскошаю
(Што ні кажы, а ўсё ж турма),
Аднак жа ўражанне харошае.
Бібліятэка, лазня, клуб —
Усюды чысціня стэрыльная.
Маёр (з фуражкай — як шуруп)
Іх зачароўваў гаварыльняю.
Затым наведалі атрад.
Маёр у шэраг зэкаў выстраіў:
Пранізваў іх яго пагляд,
Гучалі словы, быццам выстралы.
— Начальства тут не крыўдзіць вас? —
Цікавіліся некаторыя.
І ім ад зэкаў быў адказ:
— Мы тут нібыта ў санаторыі!
Належна загрузіўшы клёк
Аб зоне радаснымі ведамі,
Напрыканцы харчовы блок
«Турысты» нашыя наведалі.
Запэўніў нампаліт турмы:
— У нас усе прадукты свежыя,
Таму не дзіўна: кормім мы
Сядзельцаў нашых смачнай ежаю!
Яно і праўда: на стале
Убачылі чыны й абраннікі
І паляндвіцу, і філе,
І стравы рыбныя, і дранікі.
Хіба што не было ікры…
Для ўсіх відовішча прыемнае.
— Ну што ж, прашу за стол, сябры!
Адведайце яды турэмнае!
Усклікнуў нейкі дэпутат:
— У вас жа ежа рэстаранная!
Хоць страў, прызнацца, вельмі шмат,
Ды пасмакую ўсе старанна я!
І да стала зрабіў ён крок.
А ўслед за ім — і ўсе чыноўнікі.
— Мне ж даспадобы агурок,
Бо ён у вас такі салёненькі! —
Паведала адна з кабет,
Спявачка вельмі ў нас вядомая. —
Салёненькае, не сакрэт,
Апошнім часам ем і дома я.
І смачна хрумстнула яна…
Запрацавалі ўсе відэльцамі!
Шкада, што не далі віна,
Каб пачуваліся сядзельцамі…
А ў гэты самы час якраз
У «рэстаране», што за кратамі,
Абед далі для шэрых мас,
Якія з біркамі праклятымі.
І адчувалі ўсе нуду,
Калі ўжывалі «ежу смачную»,
Калі хлябталі баланду,
Сілком каўталі кашу ячную…
* * *
Вясёлы я зраблю намёк
(Не многа ў нас, на жаль, вясёлага):
Салёны хочаш агурок?
Хутчэй бяжы да гінеколага!

Алесь Няўвесь

Да ведама чытачоў: зборнік Алеся Няўвеся «Цырк на дроце» можна купіць у мінскай кнігарні «ЛогвінаЎ» ( пр. Незалежнасці, 37а).

Рубрыца «Фельетон»:

Ці адчула нацыя беларусізацыю?

Нашы грошы ўрад закапае ў МКАД

Чаму калісь за анекдот траплялі за калючы дрот

Знае кожны і любы: косім мы касой грыбы!

Добавить комментарий