Курсы валют

Доллар США
2.4609
Евро
Российский рубль

Погода

11..13 °C

Фельетон

Не разлічваў дэпутат на такі электарат

Nyauves

119 слуцкіх выбаршчыкаў накіравалі калектыўны зварот на імя мясцовага дэпутата абласнога Савета дэпутатаў (ён, дарэчы, — дырэктар завода) з просьбай даць справаздачу. Не дабіўшыся мэты, выбаршчыкі зладзілі перформанс каля ўвахода ў гарадскі парк: жанчына ў капелюшы і з кейсам у руках, апранутая пад «дэпутата», прапаноўвала «паслухаць яго справаздачу».

Прызнаемся: у дэпутата
Сярод народных нашых мас
Аўтарытэту небагата,
Прынамсі, у апошні час.

Ды і ва ўладнай вертыкалі
Няма ніякае вагі.
У першы дзень яго абралі
І ўжо забылі ў дзень другі.
А вось у Слуцку грамадзяне
Зрабілі ўсё наперакос.
«Калі займеў такое званне,
Дык і ўпрагайся ў гэты воз, —
Вердыктам, быццам прыгаворам,
Яго агрэў электарат. —
Калі ў кагось бяда ці гора —
Дапамагай як дэпутат».
Але не спраўдзіліся планы,
Быў марным у людзей спадзеў,
Бо дэпутат, людзьмі абраны,
Рабіць нічога не хацеў.
Рэмарка тут якраз дарэчы:
Займее дэпутат мандат,
Дык рэдка ходзіць на сустрэчы,
Пабоку ўвесь электарат.
Да гэтай прыкрай завядзёнкі
Даўно прывыклі людзі ўсе,
Пра нейкі бунт няма й гамонкі,
І крыж свой кожны сам нясе.
У Слуцку ж дэпутату людзі
Накіравалі свой зварот:
«Абраннік наш! З цябе не ўбудзе,
Калі ты сходзіш у народ.
Ніхто пакуль не чуў, не бачыў,
Што дапамог ты хоць каму.
Дык ты, браток, у справаздачы
Парадуй нашую гурму…»
Абраннік — кіраўнік завода,
Мясцовы, мовіць так, бугор.
Яму да лямпачкі народа
Папрокі, ганьба і дакор.
І дэпутат, само сабою,
К электарату не пайшоў.
Ад злосці людзі ўсёй гурбою
Наладзіць вырашылі шоу.
Кабета выканала ролю
Абранніка. Тамтэйшы люд
З яе наздекаваўся ўволю —
Як быццам трапіла на суд.
Папрокаў-кпінаў — шквал пякельны,
І зневажалі хто як мог.
Нібыта рыба на патэльні,
Яна круцілася, дальбог.
Маўчала, бедная, зацята,
Ды агрызалася парой,
У шкуру ўлезшы дэпутата,
Стаяла за яго гарой.
І нават прыгразіла:
— Годзе
Чыхвосціць і кляйміць мяне!
Бо хтось з прысутных на заводзе
Маім працуе… Так ці не?
Я вам такую лазню ўстрою,
Такое пекла вам ствару!
І пагляджу тады, героі,
Ці будзе гэта па нутру…
І зналі ўсе: пагроза тая,
Каб сам агучыў дэпутат,
Зусім, напэўна, не пустая,
Паскудства нарабіў бы шмат.
Замоўкнуць бы, на добры розум,
Суцішыцца б усёй гурбе…
Ды выдаў люд сваю пагрозу:
— Мы больш не выберам цябе!
Вось тут я развяду рукамі:
У нас не лічаць галасоў,
Яго, на жаль, у выбаркаме
Абраннікам прызначаць зноў.
* * *
Як кажуць, выпусцілі пару
На той кабеце слуцакі.
Яна прымала мужна кару…
Аднак жа варыянт такі —
Не надта ўдалае рашэнне.
Жанчыны гэтае ўзамен
Абралі б лепш яны мішэнню
Ці пудзіла, ці манекен.
Маглі б такога «дэпутата»
Не толькі абазваць аслом
Або пакрыць ад злосці матам,
Але й агрэць яго калом.

Алесь Няўвесь

Да ведама чытачоў: зборнік Алеся Няўвеся «Цырк на дроце» можна купіць у мінскай кнігарні «ЛогвінаЎ» ( пр. Незалежнасці, 37а).

Рубрыца «Фельетон»:

Зноў цешаць мары пра даляры

Міністр нечакана пакрыўдзіў султана

Ленін пралетарыят зноў заве за далягляд

Не прыдумаеш знарок пра салёны агурок…

Добавить комментарий