Курсы валют

Доллар США
2.0494
Евро
Российский рубль

Погода

7..9 °C

Фельетон

Раб, што радзіўся ў няволі, вольным не стане ніколі

Nyauves

Для таго, каб расійскія спевакі выступілі ў Дзень Незалежнасці, магілёўскія чыноўнікі збіраюцца заплаціць: Газманаву за пяць песень — 37 тысяч, Лешчанку за чатыры песні — 29 тысяч, Вараб’ёву за дзве песні — 17 тысяч долараў…

Меўся на ўскраіне Пушчы
Нават не Гай, а Гаёк:
Хтосьці не надта відушчы
І не разгледзіць здалёк.

Можа, для некага дзіўна,
Толькі з далёкай пары
Там у суполцы адзінай
Птушкі жылі і звяры.
Раптам усё ператрушчыў
Лёс,
І пачаўся раздрай.
Стаў незалежным ад Пушчы
Той адасоблены Гай.
Выбралі абарыгены
За верхаводу Ваўка:
Аўтарытэт несумненны
Меў ён у межах Гайка.
Воўк жа, ахвочы да ўлады,
Тут жа стварыў «вертыкаль».
Абарыгены не рады,
Бо дыктатура амаль.
Хтосьці і зыркаў зацята…
Дык, каб яго не клялі,
Воўк для насельнікаў свята
Ладзіў калі-нікалі:
Хай жа ніхто не звягае,
Што весялосці няшмат!
Дзень Незалежнасці Гаю
Святам лічыўся са свят.
Бедна жылося, ды ўсё-ткі
Пыха Ваўка — цераз край:
Не шкадаваліся сродкі,
Каб падбадзёрыўся Гай.
…Зноўку ў Гаі сустракалі
Гэты адметнейшы дзень.
Заяц — адзін з «вертыкалі» —
Так парашыў:
— Грамадзе
Трэба канцэрт на паляне.
Ён жа і нам на руку:
Той, хто паслухае, стане
Пець дыфірамбы Ваўку.
Думку Ліса падтрымала:
— Правільна кажаш, Касы!
Маем артыстаў нямала —
Звонкія ў іх галасы!
Мецьмем настрой летуценны,
Як віртуоз Салавей
Выдасць рулады са сцэны.
Хто яшчэ можа лацвей?
— Будуць насельнікі рады
Трохі паслухаць Дразда.
Ён жа таксама рулады
Нам выдае ля гнязда, —
Мовіла ўзнёсла Вавёрка.
Заяц прыструніў яе:
— Ды не пра тое гаворка!
Нам не патрэбны «свае».
Гай наш — сярмяжны, адсталы.
Так павялося здаўна.
Хто мы для Пушчы? Васалы.
Моду дыктуе яна.
Там жа пяюць і Сарокі
Лепш, чым у нас Салаўі!
Браць бы ў Сарок тых урокі
Птушкам, што ў нашым Гаі.
Так што на свята артысты
З Пушчы прыедуць няхай.
Будзе канцэрт галасісты,
Аж затрапечацца Гай,
Як на паляне са сцэны
Выступяць з Пушчы Дразды!
— Там жа захмарныя цэны.
Чым іх заманім сюды? —
Голас нясмелы Вавёркі. —
Нашым сышла б і яда…
— Мне для пушчанскае зоркі
Сродкаў любых не шкада! —
Заяц сказаў зухавата. —
Будзе канцэрт — на вякі!
І прыляцелі на свята
З Пушчы «майстры-спевакі».
Іх урачыста сустрэлі,
Нават паднеслі дары…
Потым замежныя трэлі
Слухалі птушкі й звяры.
Хораша ім, без сумневу,
Песні спяваў Салавей.
І ад ягонага спеву
Стала на сэрцах цяплей.
Праўда, сказала Лісіца:
— Голас цудоўны, ды ўсё ж
Заяц павінны згадзіцца:
Наш праспяваў бы не горш.
Потым чатыры хвіліны
Слухалі Цецерука.
Гук не такі салаўіны
Быў у таго спевака.
Рваў ён без поспеху глотку,
Нават скакаў, як цяльпук,
Ды і ў сваім асяродку
Ёсць неблагі Цецярук.
Тупнуўшы да мікрафона,
Для слухачоў «на дэсерт»
Каркнула тройчы Варона,
Чым завяршыла канцэрт.
Хтосьці вушам не паверыў:
Што гэта — ява ці сон?
Тут, у Гаі, да халеры
Гэткіх уласных Варон.
Выказаў словы падзякі
Заяц замежным гасцям
(Іхні канцэрт — «аніякі»,
Дык і завошта — няўцям).
Меў ад імя «вертыкалі»
Кожны яшчэ і букет.
Бурна гасцей шанавалі,
Як прывялі на банкет.
Там атрымалі за песні
І ганарар спевакі.
Ледзьве у дзюбах панеслі
Груз непад’ёмны такі.
Злёталі надта ж удала,
Весела, радасна ім…
Моўчкі Сава назірала
Збоку за гэтым усім.
Сумна прыйшла да высновы,
Паназіраўшы, яна
(Мудрыя, лічыцца, Совы,
Думы паўзуць у галовы
Ім ад цямна да цямна):
«Мы незалежна ніколі,
Мусібыць, не зажывём:
Будзе рабом і на волі
Той, хто радзіўся рабом…»
* * *
Свята ў краіне настане,
Бацька прамову штурхне!
Толькі чамусьці пытанне
Раптам узнікла ў мяне:
Мы святкавацьмем, няйначай,
Так і не ўстаўшы з калень,
Дзень Недалужнасці нашай?
Ці Незалежнасці Дзень?

Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Лепш замест раздраю збіцца ўсім у зграю

Нейкі злыдзень спадцішка выпіў тоны малака

Хоць кантралёраў — цьма, ды толку з іх няма

І ўяўная міна ўзарвацца павінна

Добавить комментарий