Курсы валют

Доллар США
1.9383
Евро
Российский рубль

Погода

23..25 °C

Фельетон

Не той «навар» дае даляр

Nyauves

Беларусь прадала еўрааблігацыі на 1,4 мільярда долараў пад 7,6 працэнта гадавых. А для беларускага насельніцтва сярэдняя стаўка на валютных банкаўскіх дэпазітах складае ўсяго 2,3 працэнта…

Не гадуюць скот, не сеюць жыта,
Дзесяць год не ходзяць у калгас
Два пенсіянеры — дзед Мікіта
І прастакаваты трохі Стас.

Толькі ўсё ж яны не дармаеды,
Працы не цураюцца любой.
Часта й палітычныя бяседы
У цяньку вядуць паміж сабой.
Спрэчкі вырастаюць памаленьку —
Сварацца наконт кіраўніка:
Стас галасаваў за Лукашэнку,
А Мікіта выбраў Пазняка.
Быццам бы той час далёка ззаду,
І пара забыцца аб «вайне»,
Толькі Стас хваліць гатовы ўладу,
А Мікіта бэсціць і кляне.
Стас даводзіць: Бацька для народа —
Як для іудзеяў Маісей:
І паслухаць Бацьку — асалода,
І заўсёды дбае пра людзей.
— Пустадомак Бацька твой! —
Мікіта
Насылае ледзьве не праклён. —
Сёння ўсё знявечана, дабіта.
Хто ў тым вінаваты?
Ясна — ён!
Так даволі тлумна, па-старэчы
Бавілі дзяды свой вольны час.
Неяк пры чарговае сустрэчы
Радасцю пачаў дзяліцца Стас:
— Я пра гэта нават і не марыў, —
Распусціў ад шчасця смаркачы. —
Мне дачка дала аж сто даляраў!
Іх рашыў на смерць прыберагчы.
Даў параду
Чалавек харошы:
«Ты, магчыма, пойдзеш у нябыт
Праз дзясятак год.
Дык тыя грошы
Пакладзі, стары, на дэпазіт».
Я кажу: «Ды лепей у панчоху!»
Ён жа на сваім стаіць: «Стары!
Здай у банк,
Каб мець навару троху —
Кожны год працэнты два ці тры».
Ён пераканаў,
І сёння ўранку
З’ездзіў я, Мікіта, у райцэнтр.
Там аддаў свае даляры банку —
Хай на іх налічвае працэнт.
Мецьму кучу грошай неўзабаве! —
Ганарысты вельмі ў Стаса від. —
Дзякуючы банку і дзяржаве
Я цяпер, як кажуць, пры халяве —
Буду жыць як існы паразіт!
На свайго хаўрусніка Мікіта
З’едліва зірнуў са стараны.
— Выбачай, але скажу адкрыта:
Ты не мудры,
Ты, браток, дурны.
Думаеш дарма, што наша ўлада,
Грошыкі захапаўшы, цябе
Ашчаслівіць
Тым «наварам» рада.
Пад сябе
Яна, браток, грабе!
Чэрпаеш усе навіны дзе ты?
Іх табе дае тэлеэкран.
Каб чытаў «нячэсныя» газеты,
Ведаў бы, што гэта ўсё падман.
Будзеш паразітам ты для ўлады?
Два працэнты — выгада твая?
А ў замежжы
За такія ўклады
Больш улада плаціць утрая!
Беларусы што — другога сорту?
Пах у нашых грошай не такі?
Проста пасылае ўлада… к чорту:
«І таго вам годзе, вахлакі!»
— Ты мне наплявузгаў тут, нібыта
Самы генеральны пракурор.
Мо яно і праўда…
Ды, Мікіта,
З «вахлакамі» трохі перабор… —
Стас сказаў з ухмылкаю на твары. —
Ці ж дурныя нашы людзі ўсе?
Ён, калі займее зноў даляры,
Іх у банк, канешне, панясе…
* * *
Людзі! Пасля довадаў Мікіты
Ведайце, адкрыўшы дэпазіт,
Што не вы для ўлады паразіты,
А для вас улада паразіт.

Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

«Уласнай» вуліцай герой незадаволены парой….

На парадзе для нас самы раз унітаз

Калі стан душы паганы, падавайся ў «партызаны»

Калі ты гэткі зух, дык запрагайся ў плуг

Loading...

Добавить комментарий