Курсы валют

Доллар США
2.1254
Евро
Российский рубль

Погода

0..2 °C

Фельетон

Браканьер пайшоў у лес і ў гушчар дрымучы ўлез…

Nyauves

Жыхар Клічава, прыхапіўшы арбалет і стрэлы, пайшоў у лес на незаконнае паляванне і… заблудзіўся. Змушаны быў пазваніць ратаўнікам. Браканьера чакае штраф і канфіскацыя зброі.

Займеў злачынныя намеры
Немалады дзяцюк Іван:
Рашыў падацца ў браканьеры.
Быў у Івана хітры план.

Яму не трэба дубальтоўка,
Тым больш нягеглы драбавік,
Каб на бягу падстрэліць воўка
Ці з капытоў зваліўся дзік.
Лес нерухомы, анямелы.
Калі гучацьме бах ды бах,
Прымчацца егеры на стрэлы,
Урэзаць могуць па зубах.
І будзе ўвогуле пагана,
Як забяруць яго білет.
Таму ў дасціпнага Івана
Быў за плячыма арбалет.
Страляеш — як індзеец з лука.
Дык не абудзіцца абшар:
Страла ляціць, лічы, без гука —
Звініць-пішчыць, нібы камар.
Яна праб’е любое дрэва —
Не толькі звера — навылёт.
Дык лепшай зброі і не трэба,
Каб браканьерыць без прыгод.
Дзяцюк Іван на ногі скоры
І ўжо туляецца ў бары.
Спалохана
У гнёзды-норы
Залезлі птушкі і звяры.
Іх папярэдзіла сарока —
Трашчала ў вершалінах дрэў,
Што небяспека недалёка.
Іван здабычу не сустрэў
Ні пасярэдзіне, ні з краю.
Рашыў: «Зашыліся звяры.
Таму глыбей іх пашукаю,
Палажу трохі ў гушчары…»
І скрозь завалы-бураломы
У глыбіню Іван палез.
Спыніўся ўрэшце. Незнаёмы
Навокал, як здалося, лес.
Адчайна кінуўся налева,
Але адразу, як на здзек,
Падставіла карэнне дрэва,
Нібы падножку — чалавек.
Пабег направа, потым прама…
Патугі марнымі былі.
Апошняй кропкай стала яма,
Што выскачыла з-пад зямлі.
Бядак ад гора ледзь не плача,
І думка ўбілася, як цвік:
«Ну што за насланнё? Няйначай,
Мяне шальмуе лесавік…»
Івана гэта падкасіла,
Бы расстраляны ён ва ўпор,
Бо браканьер з нячыстай сілай
Не ведаўся да гэтых пор.
Ды штось рабіць патрэбна ўсё-ткі.
Не змог ён выдумаць мудрэй,
І толькі вырвалася з глоткі:
— Ратуйце, людзі! Э-гэ-гэй!
(Пашкадаваў, што дубальтоўку
Не ўзяў — бабахнуў бы як след.
А з арбалета мала толку,
Страляе ціха арбалет.)
Крычаў Іван-бядак да змору:
Мо ўчуе чалавек які?
Ды, на бяду, ў такую пору
У лес не ходзяць грыбнікі.
«Магілай стане лесу схова…» —
Знясілеўшы, падумаў ён.
Ды прыгадаў своечасова,
Што ёсць мабільны тэлефон.
Ратаўнікам Іван з надзеяй
Паслаў сігнал трывожны SOS:
«Шукайце! Невядома дзе я…»
Ды разам з імі чорт прынёс
Яшчэ й ахоўнікаў прыроды.
Яго нутро наскрозь відно.
Хоць не паспеў нанесці шкоды,
Ды кара будзе ўсё адно.
Расстанецца і з арбалетам,
Як хіжы браканьер любы.
Цяпер хадзіцьме толькі летам
У лес,
І толькі па грыбы…
* * *
Хай моліцца нягоднік Богу,
Што ён жывым застаўся ледзь,
Бо не прыйшоў на дапамогу
Яму абураны мядзведзь…
Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Не руплівец, а гультай больш карысці дасць, бадай

Стук-грук — абы з рук

Людзі тоны малака «выпівалі» спадцішка!

Усё роўна здзейснім мары: не Мальдзівы, дык Канары

Loading...

Добавить комментарий