Курсы валют

Доллар США
2.062
Евро
Российский рубль

Погода

19..21 °C

Фельетон

Ён быў бы самым знаным героем-партызанам

Nyauves

Тры жыхары Быхаўскага раёна выкралі больш за 200 метраў чыгуначных рэек, якія вялі да торфапрадпрыемства.

Здарэнняў у раёне многа.
Такога ж не было даўно:
Прапала некуды дарога —
Чыгуначнае палатно.

Як растварылася ў паветры,
Сышла, як скрозь пясок вада.
Прычым не тры-чатыры метры,
А цэлых дзвесце. Во бяда!
Прэстыж пакладзены на шалі,
Зганьбуе ўсіх эксцэс такі,
Таму да ночы мазгавалі
Над версіямі следакі.
— Пашанцавала, дзякуй Богу, —
Спярша сказаў слядак адзін,
Што не галоўную дарогу
Збаёдалі: Масква — Берлін.
Пайшлі б па свеце плёткі-чуткі,
Што неспакойна вельмі тут,
Каб цягнікі хаця б на суткі
Не выйшлі на такі маршрут.
У гэтым панавала згода:
Смяяцца з нас не будзе свет —
Вядзе чыгунка да завода,
Што выдае торфабрыкет.
І тым не меней трэба ўсё-ткі
Напружваць следакам мазгі,
Каб не хадзілі чуткі-плёткі.
Таму сказаў слядак другі:
— А падаецца мне, калегі,
Што напаскудзіў хтось чужы.
Зрабілі, можа быць, набегі
Нат дыверсанты з-за мяжы.
Энергетычную бяспеку
У нас парушылі яны,
Бо торф даваў цяпло спрадвеку —
Яшчэ з глыбокай даўніны.
— Каб наш замежны вораг нейкі
Меў да бяспекі інтарэс,
Дык ён хутчэй украў бы рэйкі
Да Астравецкае АЭС. —
Яму калега запярэчыў. —
К нам у чужынцаў спраў няма.
А эканоміка, дарэчы,
Загнецца хутка і сама…
А потым вывад нечаканы
Зрабіў, усім на ўздзіў, слядак:
— Няйнакш, былыя партызаны
Дзень Перамогі стрэлі так,
Бо напярэдадні парою
Гурмой збіраюцца яны
Там, дзе ў руках трымалі зброю,
Дзе іх зямлянкі-буданы.
Хоць меней п’юць яны з гадамі,
Ды месца чарцы ўсё-ткі ёсць…
Магчыма, выпілі й згадалі
Свой шлях геройскі, маладосць…
І страсянуць рашылі потым
Героі нашы сівізной:
Як колісь, заняліся ўпотай
Той самай «рэйкавай вайной»…
Аднак ягоныя высновы
Не падтрымаў ніхто з калег.
А малады слядак талковы
Падняў увогуле на смех:
— Яшчэ скажы, што партызаны
І мост рванулі на шашы.
Хоць сярод нас ты самы знаны,
На ветэранаў не грашы,
Бо цяжка іхняму кагалу
З задачай справіцца такой:
Яны не толькі рэйку — шпалу
Падняць не змогуць талакой.
Ламалі, бедныя, галовы,
Хто ўкраў заводскія пуці,
Але да пэўнае высновы
Усё-ткі не змаглі прыйсці.
Да іх крутыя прымуць меры,
Не знойдуць злодзеяў калі…
Назаўтра міліцыянеры
Па вёсках рыскаць пачалі.
Знайшоў, нарэшце, участковы,
Што патрабуецца якраз:
Ля хаты рэйкі склаў, як дровы,
Мужык вясковы
Апанас.
З ім потым гутарыў сам-насам
Слядак — бадай, гадзіны тры.
Пытаўся ён у Апанаса:
— Навошта ты й твае сябры
«Звялі з чыгункаю рахункі»,
Знялі металу столькі тон?
Няўжо хацелася з чыгункі
Пусціць саставы пад адхон?
Наогул гэтулькі металу
Ты прывалок дамоў чаму?
Ну ўзяў бы ты якую шпалу,
Як дроў замала на зіму…
— Навошта гэты пуць заводу? —
Даў Апанас
Такі адказ. —
Працуе цераз пень-калоду,
Таму няма брыкету ў нас.
Даўно ўжо саржавелі рэйкі
(Дый шпалы ўсе пакрыты тлом).
А для маёй сям’і — «капейкі»,
Як здам іх у металалом.
А што датычыць моцы-сілы…
Пацягне на сваім гарбе
Любую ношу й дзед пахілы,
Як тая ноша — для сябе.
Мы рэйкі сцібрылі не здуру…
Затым уражаны слядак
Падчас размінкі-перакуру
Казаў сваім калегам так
Аб гэтым злодзеі паганым:
— Калі б калісьці ў час вайны
Быў гэты злыдзень партызанам,
Дык не было б яму цаны…
Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Хто агітуе за байкот, таго ў турму на дзесяць год!

Хай бы дэпартаменты вымерлі, як маманты

Разлічваў дзед на блуд і страціў грошай жмут

Кульнуўшы лішку, аблапаў мішку

Добавить комментарий