Курсы валют

Доллар США
2.0255
Евро
Российский рубль

Погода

21..23 °C

Фельетон

Дык хто ж цяпер у нас падыме жылкамгас?

Nyauves

На сайце Мінгарвыканкама з’явілася інфармацыя аб правядзенні адкрытага конкурсу на пасаду намесніка кіраўніка Кастрычніцкага раёна, які курыруе ЖКГ. Сярод патрабаванняў да кандыдата — практычны вопыт і стаж кіруючай работы ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі не менш за 5 гадоў, адказнасць, стрэсаўстойлівасць і ўменне працаваць у камандзе.

Здзівіцца можна, скажам прама,
Ад явы той — і нездарма:
Ёсць старшыня райвыканкама,
Але намесніка няма.

Здавалася б, ну хто не рады
Займець шыкоўны кабінет,
Праводзіць розныя нарады,
Затым, дарваўшыся да ўлады,
Пажыць-пашыкаваць як след?
Чаму ж не стала крэсла ласым,
Ніхто ў намеснікі не йдзе?
Бо трэба правіць жылкамгасам,
А гэта значыць, быць бядзе.
Ён, жылкамгас, на самай справе
Хвалюе ўсіх, ва ўсіх наўме,
І можна крэсла неўзабаве
Змяніць на камеру ў турме.
Шчаслівы лёс, калі пранесла,
Калі памілаваў Гасподзь…
Дык і не ўздзіў, што ў тое крэсла
Ніхто не рваўся дабрахоць.
І аб вакансіі аб’яву
Далі высокія чыны:
Магчыма, возьмецца за справу
Бязглузды хтось са стараны.
І выйшла так, што кінуў вокам
На тэкст аб’явы той Рыгор.
Ён «дармаедам-абібокам»
Міжволі стаў з нядаўніх пор.
Сантэхнікам у жылкамгасе
Адпрацаваў даволі шмат,
Але аднойчы ўвадначассе
Начальства скараціла штат.
Рыгор чамусь падумаў здуру
(Хоць ён наогул не дурны):
«Няхай маю кандыдатуру
Разгледзяць велькія чыны.
Не зломак я, не пустадомак.
Пазбаўлю клёпкі ад нуды,
Дый там жа не паб’юць, вядома,
Калі прысунуся туды.
Чарга там, мусібыць, — вужакай», —
З адчаем меркаваў Рыгор.
Ды не было чаргі ніякай,
Пусты чамусьці калідор.
Паджгаў Рыгор да кабінета…
Састаў камісіі такі:
Адна дзябёлая кабета
І два мажныя дзецюкі.
Рыгора ногі — як палены.
Ды акрыяў крыху, калі
Камісіі высокай члены
Яго распытваць пачалі.
Праблем не бачылася, скажам,
Калі распытвалі пра стаж.
Хваліўся «камунальным» стажам —
Пятнаццаць год адбухаў аж!
А як жа вопыт кіраўнічы?
Рыгор — выдатны кіраўнік:
Усіх збярэ, усіх пакліча,
Як трэба ехаць на пікнік.
Каму прывезці ўсё для юшкі,
Каму падтрымліваць касцёр —
Даваў каманды ён, і ў кружкі
Таксама наліваў Рыгор.
Адсюль выснова вынікае:
Рыгор — «камандны» чалавек.
А рыса важная такая
Была каштоўнаю спрадвек.
Адказнасці ў Рыгора годзе,
Не кідае на вецер слоў:
Наконт гулянак на прыродзе
Дзяцюк ніколі не падвёў.
Рыгор устойлівы да стрэсаў.
Яны ў яго рабоце — спрэс:
У жылкамгасе шмат працэсаў,
Якія выклікаюць стрэс.
Напрыклад, разлілося мора,
Бо дзесь прарвалася труба.
Дык у сантэхніка Рыгора
З-за гэтага не стрэс хіба?
Ёсць, аказалася, таксама
Другіх патрэбных рыс набор.
І акурат для выканкама
Па ўсіх параметрах Рыгор.
Няхай бярэ ён лейцы ў рукі
І падымае жылкамгас.
І людзі жыцьмуць без дакукі,
Праблем паменей будзе ў нас.
Ды дзядзька-член, як мех, пузаты
Насупіўся, нібы індык.
Сказаў:
— Ідзі, Рыгор, дахаты.
І вынес ён такі вердыкт:
— Хоць вопыт маецца і хватка,
Ды ты няўдалы кіраўнік.
Няма ў цябе харызмы, братка,
І не падвешаны язык.
Таму табе не ўдасца гэта —
Падстроіцца пад наш капыл:
І не выходзіць з кабінета,
І ўсім пускаць у вочы пыл…
* * *
Мы з ЖКГ спазналі гора,
Нам жылкамгасы неўспадоб.
І каб прызначылі Рыгора,
Дык толку, пэўна, больш было б.
Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Выйшаў голым на балкон… Ці здзівіў кагосьці ён?

Ці праб’юцца ў чэмпіёны з дапамогай Марадоны?

Ён быў бы самым знаным героем-партызанам

Хто агітуе за байкот, таго ў турму на дзесяць год!

Добавить комментарий