Курсы валют

Доллар США
2.1262
Евро
Российский рубль

Погода

-7..-9 °C

Фельетон

Калі не радуюць гульнёй, няхай ідуць варочаць гной

Nyauves

Калі хакеісты мінскага «Дынама» прайгралі ў КХЛ адзінаццаты раз запар, увесь састаў каманды звазілі на трактарны завод. Адзін з рабочых сказаў хакеістам: «Клюшкай махаць нашмат лягчэй, чым працаваць тут…»

З хакеем нават і не драма —
Ужо трагедыя, бадай,
Бо сёння мінскае «Дынама»
Краіну ганьбіць, скажам прама, —
Хоць ты каманду распускай.

Гульня не клеіцца ў каманды,
Не набіраюцца ачкі,
У КХЛ не толькі гранды —
Мутузяць нават навічкі.
Для прэзідэнта шайба — цацка,
Апроч футбольнага мяча.
А ўсе мы ведаем, што Бацька,
Як трэба, дык сячэ з пляча.
А гэта значыць, што галовы,
Як кажуць, паляцяць з плячэй.
Да кары Бацька ўжо гатовы,
Ды многа іншых спраў яшчэ.
І справядлівы гнеў ягоны:
Жывуць гульцы, як каралі,
Грабуць лапатамі мільёны,
А вось аддача — на рублі.
Рабіць, канешне, нешта трэба
Тым, хто ў адказе за хакей,
Інакш не будзе «лусты хлеба»
І невядома, што далей.
Аднак гулец любы — з кантрактам,
Не адбярэш зарплат, на жаль.
Таму падумалі: а раптам
Праняць удасца «на мараль»?
Няхай убачаць хакеісты,
Што мае ў нас
Рабочы клас.
(А хто-ніхто й рублёў за трыста
Штодзённа ходзіць у калгас.)
Няхай упэўняцца, што потам
Даецца людзям нават грош,
У хакеістаў, можа, потым
Абудзіцца сумленне ўсё ж,
І будуць рупіцца на лёдзе,
Нібы рабочы ля станка,
Бо зразумеюць, можа, годзе
Мільёны мець нашармака.
За перамогу біцца ўпарта
Пачнуць, выходзячы на лёд.
Рашылі, што каманду варта
Звазіць на трактарны завод.
Гульцы ўспрымалі як пацеху,
Нібы атракцыён які,
Сваю экскурсію па цэху,
Дзе, як чмялі, гулі станкі
І дзе тачыліся дэталі.
Вясёлым быў па цэху шлях —
Гульцы нахабна рагаталі
З найбольш мурзатых рабацяг.
Ну а затым была размова
У перапынку на абед.
Рабочы люд глядзеў сурова,
Гульцам у косці даў як след:
— На гульні мы да Мінск-арэны
Нясём апошнія рублі,
А рэзультат у вас нязменны —
Ні разу не перамаглі.
Вам добра п’ецца, смачна есца,
Бо грошай — куры не клююць.
А пабылі б на нашым месцы,
Дык лепш гулялі б хоць чуць-чуць.
Адзін дзяцюк, пакрыты стружкай,
Сказаў — як вынес ім прысуд:
— Лягчэй махаць на лёдзе клюшкай,
Чым працаваць у цэху, тут.
І адгаворкі недарэчы,
Бо проста не хапае зла…
Уся каманда з той сустрэчы
Як апляваная пайшла.
Па тэрыторыі завода
Брылі панураю гурмой
(Папрокі чуць — не асалода),
А за заводскай прахадной
Іх капітан махнуў рукою:
— Працуюць там не больш за нас!
…Пасля «экскурсіі» такое
Прайгралі
У чарговы раз.
* * *
Каб зналі, сто рублёў ці дзвесце
Даюцца ўсім якой цаной,
Патрэбна ў шахту іх завезці
Або ў калгас — варочаць гной…

P.S. Калі фельетон быў напісаны, стала вядома, што мінскае «Дынама» звольніла ўсіх сваіх трэнераў.

Алесь НЯЎВЕСЬ

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Вынік мецьмем неблагі, калі ўсім дадзім сцягі

«Вораг здохне няхай, мы ж патрапім у рай!»

Праўду выказаў святар — атрымаў пад дых удар

Не абдзяляе Бацька ўвагай і ўвесь народ частуе дзягай

Loading...

Добавить комментарий