Курсы валют

Доллар США
2.0655
Евро
Российский рубль

Погода

20..22 °C

Фельетон

Адклалі скальпелі і шпрыцы, каб босу збудаваць святліцы

Nyauves

Работнікі медыцынскай установы ў Глускім раёне ў працоўны час і ў выхадныя дні будавалі дом свайму кіраўніку.

Калі сабраў начальнік хцівы
І медсясцёр, і дактароў,
Дык гэтым разам — проста дзіва! —
Па завядзёнцы ён не роў,
Наадварот, сказаў ласкава:

— Хачу паведаміць, сябры,
Што вас зусім другая справа
Чакае з гэтае пары.
У ціхім месцы над ракою
Пабудаваць рашыў я дом.
Дык мы, калегі, талакою
Яго паціху і ўзвядзём.
Патрэбна мне не проста хата,
А невялікі церамок.
Вось толькі грошай малавата,
Каб я наняць рабочы мог.
А вы ж не зломкі, не калекі,
А хто й наогул як бугай.
Такая праца — гэта лекі,
Прычым найлепшыя, бадай.
Яму, начальніку-сатрапу,
Хтось запярэчыць мог хіба,
Тым больш адважна даць у храпу?
Адно што моўчкі, спадылба
На боса зыркалі зацята.
А ён дадаў напрыканцы:
— Як лялька, мабыць, будзе хата,
Бо вы ва ўсім, відаць, спяцы,
І мне збудуеце святліцы!
З тае часіны дактары,
Адклаўшы скальпелі і шпрыцы,
У рукі бралі тапары,
Насілкі, гэблікі, рыдлёўкі,
А санітаркі як адна
Азы асвоілі тынкоўкі,
Каб, быццам шкло, была сцяна.
Забылі медыкі пра святы,
І ў будні дзень, і ў выхадны
На фронт ударны, як салдаты,
Гурмою ездзілі яны.
Яны ўвіхаліся да поту,
Цягнулі гэты цяжкі воз,
І за харошую работу
Узнагароджваў часам бос:
Як дзень працоўны дужа доўгі
І з ног валіліся ўрачы,
Дык гаспадар тае будоўлі
Прывозіў годныя харчы;
Калі ж выконвалі не норму,
А нават дзве ці паўтары,
Дык, акрамя пад вечар корму,
І чарку мелі дактары.
Нам рэзультат цяпер вядомы:
Лячыць ім не было калі,
Затое існыя харомы
Кіраўніку яны ўзвялі.
Эміры пазайздросцяць нават!
Дый з помаччу гаспадара
Набыў з іх кожны добры навык
Ці муляра, ці маляра.
І калі ў іх не стане працы,
Дык скажуць:
— Чорт яе бяры!
І пойдуць будаваць палацы
Або катэджы дактары.
* * *
Што абнахабіўся начальнік,
Няхай засведчаць следакі.
Аднак чаму, сябры, маўчалі
Пакорліва «будаўнікі»?
Прыгоннае мінула права —
Пра гэта скажа вам любы.
Але ў душы — у тым і справа! —
Мы па-ранейшаму рабы…

Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Як навесці марафет, каб усё было як след

Прэстыж паставіўшы на кон, прыдумалі яны закон…

Надзея ў іх цяперака, што выручыць Амерыка

Сярод знаёмых і сяброў нямала птушак і звяроў

Добавить комментарий