Курсы валют

Доллар США
2.0584
Евро
Российский рубль

Погода

17..19 °C

Фельетон

А хто ж дабіўся перамогі, як «морды білі» педагогі?

Nyauves

Важатыя лагера «Зара» пад Чавусамі вырашылі адзначыць заканчэнне змены, аднак узнікла спрэчка: каму выпіваць, а каму глядзець за дзецьмі? Спрэчка перарасла ў мардабой педагогаў (яны — студэнты ВНУ).

Лета — лепшая пара
Для дзяцей: штодзённа — свята.
Лагер. Песні ля кастра.
Гульні розныя. Важаты
Для дзяцей — нібыта бог,

Рэй вядзе па-заліхвацку.
Ён найперад педагог,
А парою і за бацьку.
Палюбіўся дзетвары
І цудоўны лагер гэты.
Двух важатых да пары
Паважалі шпінгалеты:
Маладзёны дзень пры дні
Побыт ладзілі цікавы,
Не сварыліся ані
За свавольныя забавы.
І да возера, і ў лес
Іх важатыя вадзілі…
Толькі здарыўся эксцэс,
Што амаль за міг адзіны
Пагубіў аўтарытэт
«Самых лепшых» тых важатых.
…Адпачылі. Заўтра след
Выпраўляцца ўсім дахаты.
Для дзяцей апошняй — ноч.
Каб яны паснулі ўсё-ткі,
Не спускаць патрэбна воч,
Бо наладзяць гулі-сходкі.
А важатым, на бяду,
Пагуляць карціць таксама,
Ды і выпіць не ваду…
З-за таго і ўзнікла драма.
Паспрачаліся яны,
Хто пасунецца на п’янку
(Кожны выпіць не дурны),
Хто дзяжурыцьме да ранку.
Як да згоды не прыйшлі,
Хто з важатай пекнай будзе
Прапіваць свае рублі,
Дык пабраліся за грудзі,
А затым і кулакі
Выбіваць ім сталі зубы.
Бой відовішчны такі
Дзецям быў надзвычай любы,
Бо прыбег увесь атрад
Паглядзець «кіно жывое».
І пачулі шмат парад
Ад заўзятараў абое:
— Засадзі яму між ног!
— Вутні знізу аперкотам!
Выхаванец кожны мог
Распавесці дома потым,
Як мутузілі сябе
Да знямогі педагогі.
Хто ж у схватцы-барацьбе
Змог дабіцца перамогі?
Дык аб тым, само сабой,
Гаварыць пакуль што рана:
Хто ж усё-ткі выйграў бой,
Мы пачуем ад дэкана…
* * *
Выйшла так, што незнарок
Маладыя педагогі
Правялі свой першы ўрок.
Ён, на жаль, агідна-ўбогі.

Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Годная ідэя, як падужаць «змея»

Дэпутацкай працы плён — адмысловы самагон

Крамы «сэканд-хэнд» — шкодны элемент

Конь чалавеку не раўня, ды сябрам выбраў бы каня

Добавить комментарий