Курсы валют

Доллар США
2.1154
Евро
Российский рубль

Погода

0..-2 °C

Фельетон

Гэта ж трэба: дэпутаты — як гарэзы-дашкаляты

Nyauves

Прэзідэнт сказаў, што трэба падтрымліваць жанчын, якія вылучаюць свае кандыдатуры ў парламент, бо «мужыкі не дурэюць там, не скачуць, не бегаюць — сорамна перад жанчынамі».

Калі заўтра дзень жаночы,
Дык жанчына-дэпутат
Працаваць не надта хоча —
Дома спраў задужа шмат.

І рашылі дэпутаты:
Нашы слаўныя жанкі
Хай кіруюцца дахаты,
Не сядзяць тут, як пянькі,
Хай мужам сваім кабеты
Вараць хвацкія баршчы,
Смажаць смачныя катлеты,
Каб не смажыць уначы.
Бо хоць заўтра ў іх і свята,
Ды чакае дзень цяжкі:
Мала веры, што заўзята
Гатавацьмуць мужыкі.
Як жанчын зусім не стала,
Як сышлі яны дамоў,
Ажыла адразу зала,
Быццам ток па ёй прайшоў.
Выгляд важны, самавіты
Быў да гэтае пары
У так званае эліты.
Маладзён і дзед стары
Пазіралі, як Сакраты,
Думу думалі яны:
Хто пайшоў у дэпутаты,
Той, канешне, не дурны.
Памагалі думаць думы
І агучваць іх парой,
Як з іголачкі, касцюмы
І наогул строгі строй.
Ажыўляліся памалу,
Не буянілі спярша.
Потым крыкнуў зычна ў залу
Старшыня:
— Гуляй, душа!
Дык адкінем, хлопцы, сорам —
Больш жанок між нас няма!
Падурэем, вэрхал створым,
Бо Палата — не турма!
Мы даўно ўжо не грашылі,
Хоць хацелася штодня!
І рвануў свой гальштук з шыі
Самавіты старшыня.
А другія дэпутаты
Пазрывалі пінжакі.
— Не насілі б строй пракляты,
Каб не нашыя жанкі!
А затым без дай прычыны
Хлынуў вэрхал сапраўды,
Бы здзяцінелі мужчыны
Ці «паехалі» глузды.
Утварыўшы круг шырокі
(Месца многа балазе),
Пачалі пускацца ў скокі
Дэпутаты па чарзе.
Як малеча, ў даганялкі
Стаў гуляць там хто-ніхто…
І пачуўся заклік палкі:
— Трэба выпіць грам па сто!
Так сказаць, як след пацэліў,
Атрымаў падтрымку ён.
Павыцягвалі з партфеляў
І каньяк, і самагон.
Адшукалі і закуску:
Сала шмат, цыбулі пук…
Дый пілі па-беларуску —
Не з-пад пугі, без прынук.
Як па трыста грам кульнулі
(Хтось заглыкаў і пяцьсот),
Пачаліся тыя «гулі»,
Што шануе ўвесь народ.
Мужыкі спярша без злосці
Высвятлялі, хто лаўчэй.
Потым даў у зубы хтосьці,
Нехта вутнуў між вачэй.
Тут жа крэслы паляцелі
З іхніх рук ва ўсе бакі…
Так у вёсцы на вяселлі
Часта б’юцца мужыкі.
Не затухла б іх разборка
І імпэт бы не пагас,
Ды пачула гвалт вахцёрка
І паклікала спецназ.
Нашы міліцыянеры
Прыбылі туды як бач…
«Нахлусіў ты нам без меры!» —
Пэўна, скажа мне чытач.
Паспрачацца я гатовы:
Так і праўда быць магло.
А як доказ — Бацькі словы.
Бацька ў нас не памяло!
* * *
Кажуць нам, што ў дэпутаты
Той, хто хоча, ў нас ідзе.
Быццам выбар ёсць багаты —
Шмат дастойнейшых людзей.
Што ж выходзіць на паверку?
Як зірнуць са стараны,
Дык чыноўнікамі «зверху»
Прызначаюцца яны.
Толк, аднак жа, невялічкі
З прабывальнікаў Палат,
Калі схільнасці і звычкі,
Бы ў гарэзаў-дашкалят…

Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Не знойдзем лекаў днём з агнём — лячыцца зёлкамі пачнём

Зажылі б мы лепш у два разы, каб вырошчваў Бацька гарбузы

Гэта мэта райсавета: каб была адна газета

Патрымаеш чысты ліст — ты амаль што экстрэміст

Добавить комментарий