Курсы валют

Доллар США
2.6264
Евро
Российский рубль

Погода

8..10 °C

Политика

Андрэй Хадановіч: «Ён не ўстаіць, яго трасе»

Image 8163

Дзесяць гадоў таму, у дзень выбараў 19 снежня 2010 года, я пераклаў песню польскага барда Яцка Качмарскага «Муры», неафіцыйны гімн польскай Салідарнасці. Пераклаў і выгукнуў, як дазвалялі акустычныя ўмовы, на мітынгу на плошчы Незалежнасці. (З пастамента дзеячу, якога няёмка згадваць, але іншых пастаментаў на плошчы проста няма.) Мітынг, як усе добра памятаюць, брутальна разагналі, лідэраў пратэстаў арыштавалі. А вось песня засталася.

Засталася і адгукнулася праз дзесяць гадоў, зрабіўшыся адным з двух галоўных хітоў беларускіх пратэстаў-2020. Запісалася з удзелам Сяргея Ціханоўскага, а потым актыўна спявалася на пікетах Святланы Ціханоўскай. Тысячы людзей вывучылі словы і былі гатовыя падпяваць прынамсі рэфрэну «Разбуры турмы муры». З’явіліся дадатковыя куплеты з заклікам да «братоў-афіцэраў» і іншымі беларускімі актуаліямі. (Усе адзнакі «народнай» песні.) Шматлікія юцьюб-ролікі з сустрэчаў з кандыдаткай у прэзідэнты, дзе «Муры» зрабіліся незаменным элементам, уражвалі атмасферай адзінства, энтузіязму і ўпэўненасцю ў хуткай перамозе. Здавалася, што мур сапраўды рухне калі не сёння, то заўтра. А ў мяне закрадалася трывожнае ўражанне: надта ж прыгожа. Занадта прыгожа, каб быць праўдай. І ў дзень перад выбарамі 9 жніўня я пераклаў іншую песню з той жа мелодыяй і амаль тым жа рэфрэнам «хутка рухне, рухне, рухне», але зусім іншай атмасферай.

Бо рэч у тым, што «Муры» Качмарскага — не зусім арыгінал, а хутчэй вельмі вольны пераспеў каталонскай песні Луіса Лляка пад назвай «Слуп» (у арыгінале «L’Estaca»). Напісанай яшчэ ў 1968 годзе, на хвалі змагання каталонцаў за незалежнасць і супраць дыктатуры Франка. Назва тонка намякае на іншае слова — «L’Estat» («дзяржава», чытай наўпрост — «рэжым»), так што каталонцам не трэба было тлумачыць, які «слуп» заклікае паваліць іхні бард. Гульня словаў, якую варта было захаваць — і якая па-беларуску ў прынцыпе захоўваецца, бо фінальную фразу з прыпеву «І дабро дасць рады злу» можна чытаць і такім спосабам: «І дабро дасць рады з Лу». Але давайце прыслухаемся да настрою не толькі «пераможнага» рэфрэну, але і трох трагічных куплетаў.

Дзед мне казаў на парозе,
покуль чакалі святла,
а ля слупа пры дарозе
сумна жывёла раўла:
«Слуп, як нашая доля,
так прывязаны і мы.
Звалім яго, каб ніколі
болей не ведаць турмы!

Давай наляжам дружна ўсе!
Ён не ўстаіць, яго трасе.
Ён хутка рухне, рухне, рухне,
бо струхлеў, прагніў, прасеў.
Хістай мацней ганебны слуп!
Ён вораг волі і святлу.
Ён хутка рухне, рухне, рухне,
і дабро дасць рады злу!

Вёсны мінаюць і зімы,
рукі падзерліся ў кроў,
а слуп у сэрцы радзімы
магутнейшы ад муроў.
Я ведаю, ён прагнілы,
ды ўбіты глыбока ў душу,
і я, губляючы сілы,
у песні падмогі прашу.

Дзед не спяе ўжо нічога,
знеслі злыя вятры
ў вырай майго старога,
і я ўсё болей стары.
Ды каб маладыя пачулі,
стаю на парозе й пяю
апошнюю песню дзядулі,
як першую песню сваю.

Давай наляжам дружна ўсе!
Ён не ўстаіць, яго ўжо трасе.
Ён хутка рухне, рухне, рухне,
бо струхлеў, прагніў, прасеў.
Хістай мацней ганебны слуп!
Ён вораг волі і святлу.
Ён хутка рухне, рухне, рухне,
і дабро дасць рады з Лу!

Рэакцыя аднаго з першых слухачоў песні — нагадваю, 8 жніўня, адзін дзень перад выбарамі — была такая: «Гэты варыянт песні больш адпавядае праўдзе жыцця». Можна было б смела радавацца такой рэакцыі і лічыць сваю задачу выкананай, каб не яго наступны сказ: «Бо ён пра безнадзейнасць». Я хуценька запярэчыў, што ніякай безнадзейнасці тут няма, бо барацьба ж не спыняецца. Але крыху падумаў і дадаў, што няма й ілюзіяў на хуткую перамогу.

Думаю, мой суразмоўнік праз некалькі дзён рэагаваў бы зусім інакш. Калі на цалкам прадказальную фальсіфікацыю выбараў беларусы адказалі зусім не прадказальным размахам пратэстаў. На жорсткасць і брутальнасць сілавікоў — стойкасцю, мужнасцю і годнасцю. Не пабаюся і пафаснага слова «нязломнасць». Выразна паменела безнадзейнасці. На нейкі момант нават з’явіліся ілюзіі. Калі на вуліцы выйшлі першыя сотні тысяч. Праўда, потым прывід хуткай перамогі трохі адсунуўся, таму што сотні тысяч так пакуль і не ператварыліся ў мільён. Усё хіснулася ад «Муроў» да больш цвярозага сцэнара, накрэсленага ў каталонскай песні.

Бо «Слуп» Луіса Лляка моцна адрозніваецца ад двух «аптымістычных» куплетаў «Муроў». «Муры» з іх вобразамі свечак, запаленых на плошчы, і сэрцаў, запаленых энтузіязмам песняра, ствараюць радасную, святочную, амаль карнавальную карціну. І ў гэтым светлым боку пратэстаў таксама добра пазнаецца сённяшняя Беларусь. Асабліва ў нядзелі, калі выходзяць сотні тысяч пратэстоўцаў: «Білі ў сто тысяч далоняў — і рытм / Ворагаў біў напавал». Або ў суботы з іх яскравымі, крэатыўнымі жаночымі маршамі.

А вось сінякі шматлікіх арыштаваных амапаўцамі, што сёлета нялюдскі здзекуюцца з людзей, хутчэй нагадваюць пра каталонскую песню, дзе «рукі падзерліся ў кроў» ад новых і новых спробаў паваліць слуп, які ўсё ніяк не валіцца, хоць аб’ектыўна, здавалася б, мусіць паваліцца, бо даўно ўжо спарахнеў знутры. «Струхлеў, прагніў, прасеў» — так, але ж, з іншага боку, і засеў «у сэрцы радзімы», «убіты глыбока ў душу». Пра што гаворка ў нашым выпадку?

Найперш пра мільёны людзей, якія ўсё цудоўна разумеюць, але пакуль так і не здолелі рызыкнуць чымсьці істотным дзеля найважнейшага. Пра дзясяткі тысяч людзей, кроўна павязаных са «слупом»-рэжымам сваімі цынічнымі інтарэсамі. Пра тупых чыноўнікаў-халуёў, якія проста прафняздатныя да любой стваральнай дзейнасці, апроч як рохнаць пры дзяржаўным карыце. Пра сілавікоў (якіх мы усё часцей называем «слабавікамі»), што самаадданым выкананнем злачынных загадаў, а часам і сваім прыродным садызмам, проста адрэзалі сабе дарогу на волю ў новай краіне, дзе справядлівасць непазбежна пераможа. Так што наіўныя лозунгі пратэстоўцаў: «Не забудем! Не простим!» — толькі дадаюць гэтым істотам апошніх цёмных сілаў, каб чапляцца са свой дзяржаўны «тытанік» і патануць адно разам з ім. Але ж агонія можа яшчэ трываць, а колькасць іхніх ахвяраў павялічваецца штодня.

Гаворка пра тое, што на паўмільёна знакамітых ці зусім невядомых герояў, якія раптам адчулі сябе нацыяй і здольнай на салідарнасць грамадзянскай супольнасцю, — прыходзіцца досыць ананімная, але падазраю, што не такая і мізэрная, колькасць «маленькіх людзей», што або трасуцца над сваёй нікчэмнай пасадай, або маюць такі высокі інстынкт самазахавання, ажно неяк вымудрыліся не задаць сабе ніводнага з пытанняў, пасля якіх сумленныя людзі пачынаюць пратэставаць.

Што на тых, хто выходзіць на вуліцу з б-ч-б, знаходзяцца тыя, што гатовыя вырваць сцяг з рук пенсіянеркі Ніны Багінскай. На тых, хто пратэстуе ў фае ВНУ, — тыя, што выклікаюць на сваіх студэнтаў амап. На тых, хто самаарганізоўваецца ў дварах і лесапарках, спяваючы і слухаючы песні, — тыя, што разбіраюць і звозяць лавачкі, пафарбаваныя ў падазроныя колеры, а заадно і дамалёўваюць зялёныя палоскі на машынах хуткай дапамогі. На тых, хто піша на прасціне «Гэта не сцяг» (прывітанне, Рэнэ Магрыт!) і вывешвае яе на балконе, — тыя, што будуць здымаць ідэалагічна няправільную прасціну з дапамогай пад’ёмніка. На тых, хто абклеіў усе ліхтары на маёй вуліцы Славінскага белым, чырвоным і белым скотчам, — тыя, каму не гідка было здзіраць гэты скотч наступнага дня. Няма ніякіх сумневаў, што скотч з’явіцца нанова. І зноў будзе кімсьці здзерты. Бо «слуп», як у той песні, убіты ў душу так глыбока, што ў таго-сяго проста не пакідае месца для сумлення.

Гэтае супрацьстаянне адбываецца не толькі на суботніх і нядзельных шматтысячных карнавалах пратэсту. Яно доўжыцца кожны дзень, як тупое і метадычнае разгойдванне слупа ў Лляка: ніхто не абяцаў імгненнага пазітыўнага выніку, але ж ніхто — дзеля гэтага і існуе песня, як традыцыя змагання, перададзеная дзедам унуку, — не пазбавіў нас ад неабходнасці рабіць новыя й новыя спробы яго зруйнаваць. Гэта як рэгулярны выхад на працу, дарэчы, як з аднаго, так і з другога боку. Прычым калі «той бок» матывуецца скрадзенымі з нашых падаткаў зарплатамі ды іншымі падачкамі, то ад таго, чым, як — і як надоўга! — здолеем матываваць сябе мы, і залежыць вынік гэтага ўжо не гераічнага двубою, а хутчэй руціннага марафону нерваў і вытрымкі. Тое, хто здасца першым, а хто вытрывае і будзе жыць у краіне сваёй мары. Тое, як «хутка рухне».

Андрей Хаданович

Фото BBC.com использовано в иллюстративных целях

Чытайце таксама:

Нязнайкі ў горадзе сонца

Сціплае абаянне сціпласці

Класікі і сучаснікі: топ 5 беларускай сучаснай прозы

Рубрика «ВЗГЛЯД И ГОЛОС»:

Добро пожаловать в реальный мир, товарищ Лукашенко!

Диалог с властью: реальность или мираж?

Александр Федута. Удар в лицо. Новый «портрет Дориана Грея»

Віталь Цыганкоў. Беларускі кансенсус альбо пра што спрачацца з “ябацькамі”

Добавить комментарий