Курсы валют

Доллар США
2.3977
Евро
Российский рубль

Погода

16..18 °C

Социум

Уладзімір Някляеў: Трэба разлічваць на сябе такіх, якія мы ёсць, а не трызніць…

Image 7926

Калі паэт Уладзімір Някляеў «пайшоў у палітыку», некаторыя казалі, што гэта негатыўна паўплывае на яго творчасць. Аднак сённяшняя размова сведчыць пра адваротнае. Паэт застаўся паэтам. Але гаварылі мы больш пра надзённае — празаічнае…

— Рашэнні, якія прымаюць беларусскія ўлады ва ўмовах каранавіруснай пандэміі, шмат каму здаюццца спрэчнымі. А як вы іх ацэньваеце?

— Уявіце, што вы на беразе імклівай, бурлівай ракі. І на беразе гэтым нейкае насланнё. Ці чума, ці вайна. А на тым беразе нічога такога. І вы б пераплылі на той бераг, каб зратавацца, але ніколі ў такой бурнай рацэ не плавалі і наперад ведаеце, што вам яе не пераплыць. І лодкі ў вас няма. Так што спроба пераплыць раку — верная пагібель. Таму вы прымаеце рашэнне застацца. А раптам пранясе, неяк абыдзецца…

Рашэнне, якое прымаецца праз безвыходнасць, гэта не рашэнне. Гэта безвыходнасць пад выглядам рашэння. Менавіта ў такой сітуацыі знаходзіцца Лукашэнка, які ніколі ў такой бурнай рацэ не плаваў, і лодкі (эканомікі), на якой можна было б пераплыць, у яго няма. Менавіта таму ён — і мы разам з ім — на гэтым беразе. На якім нічога, апроч надзеі, што раптам пранясе.

— Не перакрывае межы і не ўводзіць каранцін не толькі Беларусь, але і Швецыя, з якой вы вярнуліся. Па-першае, чаму? Па-другое, калі Лукашэнка кажа, што мы робім, як і шведы, дык яно так, ці ёсць розніца? І калі ёсць, у чым яна?

— Вярнуўся я, бо тут, а не там, родныя, блізкія, сябры. Жонка тут, якая адна і ў якой на руках хворая маці… Я ў Швецыю паехаў, каб нішто не замінала мне пісаць, але калі днём і ўночы думаеш, непакоішся: як яны, што з імі? — пісаць немагчыма. Там мяне, як госця, уладкавалі так, што я быў у значна большай бяспецы, чым тут, але… Але ў такія часы трэба быць са сваімі.

Розніца паміж намі і шведамі ў тым, што ў шведаў усё ж ёсць лодка. У бурнай рацэ цяперашняга эканамічнага крызісу яна можа зачарпнуць вады, прасесці, але не патоне: гэта адна з вядучых эканомік Еўропы. Таму рашэнне прымалася не праз безвыходнасць, а праз прагматызм, у якім шведам не адмовіш.

Яшчэ прынцыповая розніца ў тым, што шведам ад пачатку ніхто не маніў, не казаў, што каранавірус — фігня, проста псіхоз. Улады адразу папярэдзілі: гэта цяжкае, з непазбежнымі ахвярамі, выпрабаванне для нацыі, да якога трэба быць гатовымі. І ўлады ведалі, што таксама важна, з чым і да каго звярталіся. Шведы істотна адрозніваюцца не толькі ад далёкіх, але і ад блізкіх суседзяў. У іх асаблівы характар, своеасаблівыя адносіны да жыцця і смерці. Пачытайце скандынаўскія сагі… Ледзяны эпас.

Каранавірус — не толькі нагрузка на фізіку, не меншая (калі не большая) — на псіхіку. Дык вось вывесці шведа з раўнавагі, давесці да панікі, скалануць яму псіхіку — гэта трэба пастарацца любому вірусу.

Істотнае яшчэ тое, што калі прымаюцца нейкія законы, пастановы, рашэнні, дык шведы не спрачаюцца, правільныя яны ці няправільныя, а пунктуальна іх выконваюць. Кожны робіць тое, што абавязаны рабіць. А пра правільнасць ці няправільнасць рашэнняў яны думаюць да таго, як рашэнні прынятыя. Таму калі сказана, што людзі з групы рызыкі мусяць сёння сядзець па хатах, яны і сядзяць па хатах. А не паказваюць, бегаючы па вуліцах, што ім вірус па калена.

— Нобелеўская лаўрэатка, польская пісьменніца Вольга Такарчук піша: «Мы рыхтуемся да вялікай бітвы за новую рэальнасць, якую мы не можам нават сабе ўявіць, паволі разумеючы, што нічога ўжо не будзе такім, як раней». Свет стане іншым? Горшым? Лепшым?

— Гледзячы што мець на ўвазе пад светам… Калі тое, што прыдумаў чалавек, ягоныя вынаходніцтвы, новыя тэхналогіі ўключна са штучным інтэлектам, на парозе стварэння якога знаходзіцца свет, дык, безумоўна, усё ў свеце зменіцца. Калі ж разумець пад светам самога чалавека, дык не зменіцца нічога. Чалавек змяняе прыроду, але ягоная прырода нязменная. І калі для прыроды пагроза ў зменах, дык пагроза для чалавека ў ягонай нязменнасці.

Можна сцвярджаць, што гэта не так, што людзей змяняе прагрэс, але дзе сведчанні гэтаму? Паравая машына падвысіла прадукцыйнасць працы, павялічыла вытворчасць, якасць прадукту, але не якасць саміх вытворцаў. І гэтаму якраз ёсць сведчанні: дзве апошнія сусветныя вайны.

Попел печаў Асвенцыма — гэта не чума? Што пасля гэтага змянілася?

Што змянілася пасля Хірасімы і Нагасакі, пасля Чарнобыля?..

Возьмем літаратуру, якае даследуе не тое, што вакол чалавека, а яго самога ў розныя моманты ягонага гістарычнага быцця. Былі вельмі розныя ўмовы, у якіх існаваў чалавек у старажытнай Грэцыі, у сярэдневяковай Англіі ці пазнейшай Нямеччыне. Але і ў Гамера, і ў Шэкспіра, і ў Гётэ чалавек той самы.

Што з гэтага вынікае? З гэтага вынікае, што на ўвесь час нашага існавання на зямлі пад сонцам нам трэба разлічваць на сябе такіх, якія мы ёсць. А не трызніць аб нейкім new homo sapiens, які ўзнікне праз тое, што свет скалане пандэмія. Гэта рэфлексіі інтэлектуалаў, большасць якіх ніколі не задавальняў рэальны стан чалавецтва, і яны праглі і прагнуць чалавецтва новага. Толькі не кажуць, дзе яго ўзяць?

— Большасць людзей сёння калі не ў паніцы, дык у разгубленасці: што з імі будзе заўтра? А тут яшчэ самаізаляцыя. Што рабіць?

— Ведаеце, мяне столькі разоў і па-рознаму ізалявалі, што самаізаляцыя — не найгоршы выпадак. А калі яшчэ ёсць магчымасць пісаць, дык я не заўважаю ні месца, у якім пішу, ні часу.

Зразумела, не ўсе пішуць вершы і музыку, не ўсе малююць. Значыць, трэба шукаць, чым сябе заняць, каб ад відна да цямна не слухаць з усіх шчылін: хто і што яшчэ сказаў пра каранавірус? Так могуць клёпкі пасыпацца.

Праўду сказаць, зараз цяжка пішацца. Бо вярэдзіць пытанне: «А хто будзе чытаць?..» — якое ўзнікае не толькі праз пагрозу, звязаную з пандэміяй. Нікуды не падзеліся, як нікуды не падзеўся грып пры каранавірусе, іншыя пагрозы. Напрыклад, пандэмія аўтарытарызму, якая пакацілася па свеце раней за пандэмію каранавіруса і ўскосна стала прычынай узнікнення апошняй: аўтарытарны ўрад Кітая хаваў інфармацыю пра каранавірус датуль, пакуль ён не вырваўся ў свет, і ўжо не было магчымасці справіцца з ім лакальна.

У нас найчасцей кажуць пра цяперашнюю няпростую сітуацыю як пра выпрабаванне для ўлады, для таго ж Лукашэнкі. Улада — гэта найперш адказнасць за народ, і не выглядае на тое, што беларуская ўлада гэтае выпрабаванне вытрымлівае. І праз гэта цяперашняя сітуацыя — яшчэ большае выпрабаванне для народа. Для нацыі, перад якой пытанне: «Быць ці не быць?» — толькі абвастраецца.

Калі быць, дык як? Калі жыць, якое мусіць быць жыццё? Годнае? Ці ўсё адно, якое, абы было?..

Звычайна нам не да адказаў на такія пытанні. Але зараз самы час над імі задумацца. Хоць бы дзеля таго, каб нечым заняць сябе ў самаізаляцыі.

Александр Томкович

Читайте также:

SOS инвалидов

Волонтер Андрей Стрижак: «На уровне медиков ныне проходит линия обороны»

Вадим Иосуб. Власти нужно выйти из состояния обморока и начать принимать решения

Оптимизм Сергея Харевского

Добавить комментарий