Курсы валют

Доллар США
2.3995
Евро
Российский рубль

Погода

16..18 °C

Социум

Нязнайкі ў горадзе сонца

Image 7848

Калі вы належыце да творцаў, што працуюць са словам, ніколі не слухайце плэер у грамадскім транспарце. Трымайце вушы гатовымі да сустрэчы з цудоўным, і яно вас не абміне. Цікавы сюжэт пісьменніку, рэвалюцыйную ідэю філосафу, рэкламны слоган капірайтэру, геніяльную фразу для знаёмства пачаткоўцу-пікаперу здольны падарыць сусед-пасажыр, які — не раўнуючы Леў Талстой — не можа маўчаць. Сёй-той не можа настолькі таленавіта, што ніякі плэер вас не ўратуе.

Добрыя ўчынкі

Месяц таму я якраз ехаў у аўтобусе без плэера. Публіка, ужо крыху прыгнечаная віруснай статыстыкай, была нешматлікая і насцярожаная, але яшчэ без масак. Акрамя аднаго, што адрозніваўся ад усіх. Яго можна было нават пахваліць за выхаванасць і сацыяльную адказнасць. Але тут ён узяў мабільны тэлефон — і ўсё пачалося. Не, ён не расказваў, як паэт П. празаіку Г., сюжэт геніяльнага твору. На ўвесь аўтобус ён крыкма крычаў нябачнаму суразмоўцу (ці суразмоўніцы), якім ён сёння малайцом. Як паслухаўся і надзеў яе. Як ніхто не разумее, а ён разумее. Як да іншых таксама дойдзе, але будзе позна. Ён ні секунды не пераймаўся, што ўсе яго чуюць. Што ўсе чуюць толькі яго. Ён гарлаў. Гудзеў. Енчыў. Скуголіў. Роў. І ніякая маска не магла заткнуць яму рота. А я ледзь стрымаўся, каб не сказаць: «Добра, Нязнайка, мы ўсе цябе пачулі!»

Бо гэта быў ён, з дзяцінства знаёмы тыпаж. Герой носаўскага «Нязнайкі ў Сонечным горадзе». Чалавек-які-робіць-добрыя-ўчынкі. Робіць упэўнена і без ваганняў у тым, што мае рацыю. Спадзяецца, што гэта ацэняць — і будзе яму шчасце. (Канкрэтны Нязнайка за тры добрыя ўчынкі хацеў чароўную палачку ў падарунак.) Але канцэнтруецца на сваім «подзвігу» так самазабыўна, што рабіць іншыя добрыя ўчынкі проста не хапае рук. Таму, здзяйсняючы яго, не можа паралельна не зрабіць якога-небудзь паскудства.

Перачытваючы класіку

«На другой день Незнайка проснулся пораньше и начал совершать хорошие поступки. Первым делом он как следует умылся холодной водой, причём не жалел мыла, и хорошенько почистил зубы.

— Вот и есть уже один хороший поступок, — сказал он сам себе, утершись полотенцем и старательно причёсывая волосы перед зеркалом.

Торопыжка увидел, что он вертится перед зеркалом, и сказал:

— Хорош, хорош! Нечего сказать, очень красивый!

— Да уж красивее тебя! — ответил Незнайка.

— Конечно. Такую красивую физиономию, как у тебя, поискать надо!

— Что ты сказал? Это у кого физиономия? Это у меня физиономия? — обозлился Незнайка да как хлестнёт Торопыжку по спине полотенцем.

Торопыжка только рукой махнул и поскорей убежал от Незнайки.

— Торопыжка несчастный! — кричал ему вслед Незнайка. — Из-за тебя хороший поступок пропал!» (Мікалай Носаў. «Нязнайка ў Сонечным Горадзе».)

Знаёмы персанаж? Вядома ж. Хто яшчэ (затрымаемся на хвілінку ў грамадскім транспарце) у бітма набітым тралейбусе бароніць сваю даму сэрца, распіхваючы іншых локцямі так, што сэрцы выскокваюць з горлаў? Хто саступае месца бабульцы, ледзь не прыдушыўшы пры гэтым трох дзядуляў? Або робіць заўвагу іншаму, які не саступіў, і вось ужо іх меланхалічны абмен ветлівымі рэплікамі патроху перарастае ў бойку?

Нязнайкі свядомыя і несвядомыя

Неяк так склалася, што такія людзі — добра, выражуся карэктней, рысы характару і тэндэнцыі ў паводзінах — раз-пораз сустракаюцца мне сярод маіх беларускіх знаёмых. Горш за тое, я назіраю штось такое і ў сабе. Божа барані чымсьці не дагадзіць мне, калі я раз на год сабраўся зрабіць нешта карыснае па доме! Дзядзечка Поджэр — проста майстар на гадзіну ў параўнанні з тэатрам аднаго актора, які я абсалютна бясплатна ладжу сямейнікам. Або: не смейце чапаць, пакуль я вяду няроўны бой з Паэзіяй ці, скажам, выпісваю для вас гэтыя вось сумнеўныя сентэнцыі!

Але вернемся да тых нязнаек, якія нават не знаюць, што яны — нязнайкі. Звычайна такія асобы ведаюць няшмат, але тое, што яны ведаюць, аж адскоквае ад зубоў (прычым — тваіх). Прапануеш камусьці з іх «чай», а ён ці яна, замест падзякаваць, прачытае лекцыю, што «чай» — гэта па-руску, а правільна «гарбата». Наступны раз прапануеш іншаму «гарбату», а ў адказ будзе павучэнне, што «гарбата» — гэта па-польску, а правільна — «чай». Так што не ўгадаеш, лепш адразу прапаноўвай «каву». Асцярожна, некаторыя з іх ужо запомнілі, што «добрай раніцы» па-беларуску няма, а ёсць толькі «добры дзень» — і гора таму, хто не разабраўся спрасонку, з кім і як правільна вітацца. Развітваючыся з імі, таксама будзь пільны. Скажаш «пакуль» — а табе ў адказ: «Ганьба, руская калька». Аргументы пра польскае «na razie» і ўкраінскае «на разі» не праканаюць. Так што лепей сыходзь па-ангельску.

Высокія падвойныя стандарты

Аднойчы яны дазналіся, што габрэяў на нашых землях (як і ў Польшчы) называлі жыдамі, і гэтае слова калісьці не мела ў сабе нічога зняважлівага, проста нейтральная назва нацыянальнасці, а слова «яўрэй» — так бы мовіць, пазнейшае напластаванне і не зусім па-беларуску. Дазналіся — і спяшаюцца падзяліцца з усімі гэтай свежай для сябе інфармацыяй. Найперш, вядома ж, з самімі габрэямі. Не тое, каб у іх наіўныя галовы зусім не прыходзіць думка, што габрэям гэта можа не спадабацца. Што само слова «жыды» пачало зусім інакш успрымацца ў нас і пасля халакосту, і ў выніку руска-савецкага антысемітызму. Часам такая думка іх галовы наведвае. Але і што з таго. Нашмат жа важней данесці сваю праўду! А пакрыўджаныя няхай патрываюць, пакуль наша цудоўнае слова вернецца ў паўнацэнны ўжытак і згубіць усе абразлівыя адценні свайго сэнсу.

Само сабой, што традыцыя казаць пра Беларусь «Белоруссія», а таксама «Ўайтраша», «Белараша», «Вайсрусланд» і г.д., усіх нас пры гэтым глыбока абражае, як і думка, што народы-суседзі маюць поўнае права самі вырашаць, як ім нас называць, бо ў іх свае моўныя законы. Тут мы ўсе — і я, грэшны, таксама — адразу згадваем пра паліткарэктнасць.

— Дык а што тады з «жыдамі»?

— Ай, не звальвай ты ўсё ў адну кучу, гэта зусім іншае, — адкажуць мне.

А ў мяне адчуванне, што Нязнайка зноў хацеў зрабіць добры ўчынак, але выйшла, як заўсёды.

Ці трэба апавядаць тут пра шматмудрых жыхароў нашай сталіцы, якія едуць у госці да гарадзенцаў і расказваюць ім, што правільней Горадня, а не Гародня? І пакуль яны сварацца (мы сварымся), будзе «Гродно».

Мэты і сродкі

Але гэта ўсё дзіцячыя жарты, бо зараз будзе прыклад 18+, здольны ўразіць неакрэплую псіхіку. Пару тыдняў таму адзін Нязнайка з Горада Сонца (вядомы, дарэчы, дзеяч нашай культуры) падзяліўся ў сваім фэйсбучку фотачкай з паездкі на пленэр. Фотка была, так бы мовіць, экалагічнага зместу. На дрэве побач з дарогай — акуратна прымацаваная драўляная шыльда з надпісам. Надпіс, даруйце за цытату, наступны: «Уважаемые автовладельцы, замеченный за выбросом мусора будет в…н в ж…у. Работает бригада лесников гомосексуалистов». (Кропкі ў экспрэсіўных словах, як і злучок паміж двух апошніх, адсутнічалі.) Ніякага асуджэння ці нават паблажлівай іроніі побач са змешчаным здымкам не назіралася. Затое назіралася трохзначная колькасць пазітыўных лайкаў ад тых, хто, відаць, ацаніў трапнасць гумару.

А я вось не ведаў, смяяцца ці плакаць. Адзін кароткі надпіс дае для разумення нашага грамадства з яго лагернымі фобіямі больш за шматтомнае сацыялагічнае даследаванне. Што тут сказаць? Нязнайка таксама пачынаў з пытанняў гігіены, як умеў, рабіў добрую справу, змагаючыся за чысціню. Перафразуючы іншы вельмі палітнекарэктны анекдот: «Якая добрая мэта, якія кепскія сродкі».

Не толькі пра экалогію

Бачыце, пытанні экалогіі без гамафобіі ў нас ніяк не вырашыць. А пытанні палітыкі ў версіі хрысціянскіх кансерватараў? Пытанні веры? Патрыятызму? Абароны нацыянальных сімвалаў ды інтарэсаў? Няўжо так неабходна дзеля ўсяго гэтага палохаць «леснікамі-гамасексуалістамі»? Здавалася б, кожны нармальны грамадзянін разумее, што «кабак на касцях» — гэта кепска, і не абавязкова ўзмацняць аргументацыю антысеміцкімі абвінавачаннямі ў адрас уладальніка? Бо і сам потым не адмыешся, і аб’ектыўна добрай справе нашкодзіш, адштурхнуўшы ад яе прыстойных людзей.

Вы не адны ў гэтым аўтобусе

Вось жа, дазвольце звярнуцца да вас, прыўкрасныя жыхары нашага цудоўнага Горада Сонца. (І ўсіх іншых гарадоў, мястэчак і вёсак, бо нават папсовыя рынгтоны ведаюць, што «сонца свеціць всем адзінакава».) Вельмішаноўныя правыя і глыбокапаважаныя левыя! Мужныя абаронцы каштоўнасцяў і вартаўнікі пікетаў! Мудрыя мысляры фэйсбуку ды іншых сацыяльных сетак і блогаў! Грамадзяне, што ўжо вылучыліся ў прэзідэнты, і тыя, хто яшчэ вагаецца! Акторы нашай культурнай сцэны ў масках і без! Сонцы маладзіковыя стрымаў нашага стрэмнага часу! І многія, многія іншыя. Каханенькія-родненькія, як файна, што вы ў нас ёсць. Што маеце мэты і ідэалы, у якія, — спадзяюся, — шчыра верыце. Што ваш унікальны свет уключае дарагія вам думкі і пачуцці, за якія вы, — таксама спадзяюся, — гатовыя змагацца і плаціць па не самым выгадным курсе.

Засталося ўсвядоміць, што вы ў гэтым аўтобусе не адны. Навучыцца з павагай ставіцца да думак і пачуццяў, мэтаў і ідэалаў сваіх апанентаў. Не пачуўшы і не зразумеўшы якіх, не варта спадзявацца, што пачуюць і зразумеюць вас. «Адзіна правільнае» слова можа мець дзясяткі сінонімаў, а «адзіна слушная» пазіцыя — не менш разумную альтэрнатыву. І не адну. Не паўтарайма памылак знанага Нязнайкі. Давайце разам вучыцца рабіць добрыя справы запар, а не ўперамешку з кепскімі.

Андрей Хаданович

Чытайце таксама:

Сціплае абаянне сціпласці

Класікі і сучаснікі: топ 5 беларускай сучаснай прозы

Рубрика «ВЗГЛЯД И ГОЛОС»:

Виталий Цыганков. Приглашение к диалогу?

Александр Федута. После прошлого

Игорь ДракоКто должен править

Петр КузнецовСистема «ниппель»

Добавить комментарий