Курсы валют

Доллар США
2.1455
Евро
Российский рубль

Погода

-2..-4 °C

Социум

Из почты. Як жыхары інтэрната з падтрымкай праваабаронцы перамаглі сістэму

Image 7094

Хочацца выказаць самыя шчырыя словы падзякі сябру Беларускага Хельсінскага Камітэта Эдуарду Мікалаевічу Баланчуку за вельмі граматную і высокапрафесійную юрыдычную дапамогу. Калі УП «Камунальнік» горада Маладзечна спрабавала заключыць з намі часовыя дамовы на пражыванне ў інтэрнаце замест пастаянных, якія былі ў нас з заводам парашковай металургіі, дзе я працую, ён дайшоў да праўды як сапраўдны праваабаронца i пераканаў суд на двух працэсах!

Я працую на Маладзечненскім заводзе парашковай металургіі з 1984 года. У 1988 годзе зарэгістравана ў інтэрнаце г. Маладзечна, вул. Я. Купалы, д. 126. Гэты інтэрнат будаваў і абслугоўваў на свае сродкі МалЗПМ. 19 студзеня 2009 года ў Маладзечненскім райвыканкаме зарэгістраваны дагавор найму на пражыванне ў выдадзеным мне заводам памяшканні на пастаянна. Яшчэ каля трыццаці сем’яў атрымалі такія ж дагаворы з правам пастаяннага пражывання.

З лютага 2015 года інтэрнат перададзены ў гаспадарчую дзейнасць УП «Камунальнік». І з гэтага дня пачаліся нашы блуканні па пакутах. У самым прамым сэнсе.

Спачатку УП «Камунальнік» раздаў нам новыя дагаворы, у якіх быў устаноўлены тэрмін: 5 год. Падпісаць такі дагавор мы адмовіліся. Не падпісалі яго многія з тых сем’яў, якія мелі дагавор на пастаяннае пражыванне.

Затым сабраў «Камунальнік» жыхароў на сход. Прадстаўнік «Камунальніка» доўга распавядаў пра законы і парадкі, пра тое, што мы — ніхто, завуць нас — ніяк. А загадчыца інтэрната паабяцала: пераселім у барак з выгодамі ў двары. А нагоды для такога «перасялення» знойдуцца.

Потым пачалі прыходзіць па пошце апавяшчэннi і папярэджанні аб высяленні і перасяленні ў пакоі меншага памеру. Многія жыхары не вытрымалі націску — падпісалі новыя дагаворы, прапанаваныя «Камунальнікам».

На апошнім сходзе кіроўца УП «Камунальнік» абвясціў: «Пададзім заяву ў суд, каб прымусіць вас падпісаць дагавор на нашых умовах. Але калі вы суд прайграеце, то 6м2 на чалавека яшчэ ніхто не адмяняў». І гэтае абяцанне мы запісалі на дыктафон.

Нельга сказаць, што мы, жыхары, сядзелі паклаўшы рукі і чакалі літасці ці то ад Бога, ці то ад «Камунальніка», ці ад уладаў.

Дырэктар завода Тапалаў А.М. пісаў хадатайніцтва «Камунальніку». У адказ — цішыня. Хадзілі на прыём да намесніка старшыні Маладзечненскага райвыканкама Канановіч Л.М. Адказ «Камунальніка»: «Сообщаем о продлении договора найма». Зразумела: адпіска дурням.

Былі на прыёме ў кіраўніка галоўнага ўпраўлення прававога забяспечвання апарата савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі І.А. Дрозд. Прысутнічалі на сустрэчы прадстаўнікі пракуратуры і УП «Камунальнік». І.А. Дрозд параіла прадстаўніку «Камунальніка» «не крыўдзіць нас і знайсці аптымальны варыянт вырашэння праблемы». А праз суткі настрой нашых прафсаюзных праваахоўнікаў рэзка змяніўся. Прадстаўнік Маладзечненскага аддзялення СФПБ аб’явіла: «Вы ўвялі нас у зман. Ніхто вам 6м2 не абяцаў!» Быццам, у гэтым быў сэнс нашага звароту! На гэтым дапамога СФПБ скончылася.

А неўзабаве — наступнае паведамленне: або падпісваеце дагавор на нашых умовах, або пачынаем працэдуру высялення. І распачалі.

Суд Маладзечненскага раёна Мінскай вобласці адбыўся 14 жніўня 2018 года і адмовіў УП «Камунальнік» у іх патрабаваннях.

Мінскі абласны суд адбыўся 4 кастрычніка 2018 года і таксама не апраўдаў спадзяванняў «Камунальніка». Напэўна, ведаючы аб дарэмнасці сваіх намаганняў, у Мінскі абласны суд з УП «Камунальнік» не прыехаў ніхто. А мы чакалі вырашэння свайго лёсу з 10 да 15 гадзін.

Разам са мною па кабінетах чыноўнікаў і па судах блукалі яшчэ дзве мае «сяброўкі па няшчасцю». Адна — 55 год, яшчэ працуе на заводзе, другая — былая работніца, пенсіянерка, 66 год.

Чаму менавіта нас кіроўцы «Камунальніка» абралі дзеля здзекаў — невядома. Магчыма, спадзяваліся, што мы — адзінокія жанчыны і абараніць нас няма каму. І адчуўшы сябе «гаспадарамі» будынку, вырашылі, што і жыхары будынку — іх уласнасць. Ва ўсіх дакументах, што нам дасылалі, УП «Камунальнік» так і адзначае сябе: «собственник». Уладар, значыць.

Зараз усе тыя жыхары, каго «Камунальнік» прымусіў падпісаць дагавор на 1, 3, 5 год, так сама могуць зноў вярнуць дагавор на пастаянна, але толькі праз суд.

Гэтыя метры мы зараблялі ўсё жыццё. Спадзяемся, што пакуты нашы скончыліся! Мы больш за 30 год адпрацавалі на прадпрыемстве, каб цяпер нам пагражалі «выселіць у барак» ці на 6м2.

Адзіны чалавек, які рэальна дапамог і падтрымаў нас, Эдуард Мікалаевіч Баланчук. Ён аказаў нам канкрэтную юрыдычную дапамогу, чаго ні адзін чыноўнік не здолеў (ці не пажадаў) зрабіць!

Няхай такіх людзей будзе больш! За імі — будучыня! І тады Беларусь стане сапраўды краінай для жыцця!

Посах Святлана Аляксандраўна і іншыя жыхары інтэрната з города Маладзечна, усяго 12 подпісаў.

Loading...

Добавить комментарий