Курсы валют

Доллар США
2.4376
Евро
Российский рубль

Погода

24..26 °C

Пункт гледжання

Без панікі

Zakonnikov

Па былых лякалах, у палоне савецкіх міфаў пра Вялікую Айчынную вайну афіцыйная Беларусь адзначыла 75-годдзе Перамогі над фашысцкімі захопнікамі. А суайчыннікі па-за казённай пампезнасцю згадалі ўдзячным словам родзічаў і ўсіх герояў, якія аддалі жыццё за свабоду, пакланіліся жывым ветэранам.

У такія дні з асаблівай сілай ускалыхваюць душу ўспаміны непасрэдных удзельнікаў трагічных і гераічных падзей. Я, сын франтавіка і партызанкі, пачуў і вычытаў з мемуарнай, дакументальнай і мастацкай літаратуры шмат таго, што па-сапраўднаму ўзрушыла. Але сёлета, у сітуацыі, выкліканай пандэміяй каранавіруса, ветэраны па-новаму, гранічна адкрыта, без рэтушы і рэверансаў апавядалі пра вайну, выказваліся пра сённяшнія рэаліі.

Як можна здагадацца, гэта не паказвалася па мясцовых тэлеканалах. Ад тутэйшых «палітрукоў» такой прадукцыі не дачакаешся. Трэба аддаць належнае праўдзівым расійскім журналістам, бо яны змаглі (пры цэнзурным уціску ўсёй улады і канкрэтнага кіраўніцтва) стварыць атмасферу даверу і разняволення, а затым усё сказанае адстаяць, не кастрыраваць, вынесці на тэлеэкран, у інтэрнэт. Іх суразмоўцы ні на каго не аглядаліся, «рэзалі горкую праўду-матку».

Я пераканаўся, што людзі, якія ацалелі ў бойні, былі паранены, мерзлі, галадалі ў акопах і траншэях, у блакадным Ленінградзе, шчыра згадвалі перажытае, больш разумна і аб’ектыўна, чым сучасныя начальнікі, ацэньвалі пагрозы сённяшняй смяротнай хваробы і давалі парады. Такое было ўпершыню, бо раней ветэраны, як правіла, гаварылі пераважна слоўнымі клішэ, якімі корміць насельніцтва прапаганда. Якраз у іх адкрытасці і праўдзе бачыцца мне выдатная адметнасць сёлетняга свята.

А між тым чалавецтва, на гэты раз усё без выключэння, зноў апынулася на вайне. Калі правіцель, які пастаянна займаецца самапіярам, шапказакідальніцтвам і дылетанцкімі рэкамендацыямі, смяротную небяспеку лічыць «так называемой пандемией», то вядомы расійскі пульманолаг, доктар медыцынскіх навук, прафесар А. Авяр’янаў, знаходзячыся на пярэднім краі, ратуючы людзей, аналізуючы сітуацыю за апошні месяц, кажа: «Это война. Действительно, война. И здесь нужно принимать меры, чтобы с этой бедой справиться».

Я не спецыяліст у медыцыне, але ўласныя назіранні пра змаганне з каранавірусам у Беларусі выкажу. Псіхоз, пра які талдычыць правіцель, у грамадстве нагнятаюць не самі людзі, а старанна падагнаная, каб дагадзіць «галоўнаму спецыялісту-вірусолагу», статыстыка.

Бяда прыйшла нечакана да ўсіх насельнікаў планеты, якія разам шукаюць шляхі супрацьстаяння. Толькі правіцель Беларусі, як спешчаны, капрызлівы дзіцёнак, кінуўшыся вобзем, дрыгае ножкамі: «А я ўсё роўна хачу, буду!»

Насельніцтва знаходзіцца між двух агнёў, яно не ведае, каму верыць. З аднаго боку, ідзе прыхарошванне статыстычных дадзеных, бо правіцель сказаў, што «никакого короновируса нет», «от него не умирают». А з другога — у інфармацыйную прастору з усіх куткоў прыходзяць змрочныя весткі. Разгублены чалавек мітусіцца, кідаецца ад аднаго берага да другога.

Ці не лепш даносіць да людзей толькі праўду, яна заўсёды лепш, чым падман. Хлусня шкодзіць двойчы: цяпер, таму што змазвае рэальную небяспеку і расхалоджвае насельніцтва ў складаных умовах існавання, і пасля — людзі перастаюць давяраць уладзе.

Не трэба хлусіць, бо праўда ўсё роўна выплыве, але і няварта перагінаць у змрочнасці. Страх — не памочнік у вайне з каранавірусам, якая становіцца зацяжной. Мы павінны паводзіць сябе без панікі, адэкватна: не крычаць, што шапкамі закідаем хваробу, і не апускаць рукі ў роспачы — усюды кепска. Задача грамадства — разумна і спакойна рабіць усё неабходнае, каб выжываць з найменшымі стратамі.

Медыкі — гэта не штрафныя батальёны, якімі можна затыкаць дзіркі ў начальніцкай стратэгіі. Кожны добры ўрач стаў неацэннай каштоўнасцю, і яго трэба шкадаваць, не выводзіць са строю бяздумнасцю і валюнтарызмам.

Аддаючы належнае айчыннай медыцыне, якая захавала з савецкага часу шмат станоўчага вопыту ў змаганні з інфекцыйнымі хваробамі, варта глянуць на сітуацыю глыбей. Новыя абставіны выявілі не толькі негатоўнасць у плане наяўнасці кадраў, медыцынскага абсталявання, засцерагальнага адзення, лекаў. Такое адбылося ва ўсім свеце, пандэмію прадугледзець немагчыма.

Але ёсць іншыя важныя аспекты. Гэта найперш — непадрыхтаванасць першага, паліклінічнага звяна ў дыягностыцы небяспечнай хваробы, адсутнасць важных для выяўлення віруса апаратаў КТ, што прыводзіць да развіцця ў інфіцыраваных пацыентаў пнеўманій і цяжкіх ускладненняў. Тут жа — кепская арганізацыя амбулаторнага лячэння, бо многія скардзяцца, што доктар нават па тэлефоне не цікавіцца станам хворага, які пад падазрэннем.

Колькі часу гаворыцца пра праблемы з запісам да ўрача, але і цяпер у «прасунутай IT-краіне», дзе кампутар у паліклініцы не стаіць бадай толькі ў туалеце, запісацца на прыём працуючаму чалавеку складана. Да гэтай пары не выкарыстоўваюцца электронныя рэцэпты, а ў пандэмічнай сітуацыі гэта было б выйсцем як для пацыентаў, так і для медыкаў. Дык чым заняты ад моманту дэкларацыі і да сёння адпаведны аддзел Міністэрства аховы здароўя?

Трэба адзначыць таксама недастатковую псіхалагічную падрыхтаванасць медыцынскіх работнікаў да працы ў экстрэмальных умовах. Безумоўна, кожнаму чалавеку страшна знаходзіцца паблізу ад хворых, якія змагаюцца з вірусам. Але прафесія накладвае абавязкі, якія трэба строга выконваць. Асабліва гэта тычыцца сярэдняга медыцынскага персаналу. Я выдатна разумею, што рызыкаваць уласным жыццём за тую зарплату, якую атрымліваюць многія медыкі, найперш сярэдняга і ніжэйшага звяна, не надта хочацца. Лічу, што даўно наспеў карэнны перагляд аплаты працы ў сферы медыцыны. Дарэчы, гэта тычыцца і іншых бюджэтнікаў, і пенсійнага забеспячэння. Тут пануюць хранічная несправядлівасць і валюнтарызм.

На барацьбу з бядой кінуты матэрыяльныя рэсурсы, аддадзена столькі нерваў, душэўных і фізічных сіл лепшых прадстаўнікоў медыцыны. Таму важнейшай задачай амбулаторнага абслугоўвання з’яўляецца падтрыманне дасягнутага выніку ў лячэнні пацыентаў, якасная рэабілітацыя тых, хто прайшоў праз пекла. Будзе жывы і здаровы чалавек — выздаравее і эканоміка, якая інакш губляе ўсялякі сэнс. Гэта зразумела кожнаму дурню...

Франтавікі расказваюць, што навучыліся ваяваць пасля Курскай бітвы. Да гэтага над камандзірамі і байцамі вісела сталінская сякера: «Ни шагу назад!». А таму не было манеўравання, спалучэння ў баявых дзеяннях наступу і адходу. Ветэран згадвае: «Нам отступать нельзя. А немцы отступят, займут высотку, и мы перед ними, как на ладони. Так и воевали до 1943 года. Немцы всегда наверху, а мы внизу — под огнем».

Задумаемся над словамі чалавека, чый вопыт аплочаны крывёю, і не будзем паўтараць памылак.

У заключэнне невялікая заўвага. Чыноўнікі і іх прапагандысцкія паслугачы не смеюць папракнуць мяне ў крытыканстве, ачарненні або галаслоўнасці. Толькі што змаганне з каранавірусам перажыла мая сям`я, а таму ведаю, што гэта такое.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Такі час

Праўда і свабода

Паміж дабром і злом

У адны вароты

Добавить комментарий