Курсы валют

Доллар США
2.5862
Евро
Российский рубль

Пункт гледжання

Тэрорам нас не скарыць!

Zakonnikov

Для кагосьці палітычныя падзеі ў Беларусі — гэта толькі інфармацыйная ежа, якую большасць насельніцтва планеты паглынае і ўспрымае будзённа, без асаблівых эмоцый: ці мала што адбываецца ў свеце кожны дзень? Зусім па-іншаму рэагуем на іх мы — непасрэдныя ўдзельнікі, грамадзяне краіны.

Палітыка, якой палохаліся і пазбягалі мільёны звычайных людзей, раптоўна ўкруціла ў бязлітасны вір абсалютна кожнага жыхара, бо сёння ніхто не можа застацца абыякавым статыстам. Тым больш, што мірныя пратэсты грамадзян супраць яўных і дакументальна пацверджаных масавых фальсіфікацый на выбарах сустрэлі яшчэ невядомы дасюль накат татальнага тэрору ад уладнай вертыкалі і сілавікоў. Дыктатар, а ён ужо канчаткова замацаваў за сабою гэты змрочны статус, калі дазволіў страляць па людзях, у тым ліку па жанчынах, гумовымі кулямі, кідаць ім пад ногі святлошумавыя гранаты, труціць газам, сапраўды аб’явіў знішчальную вайну народу. Пра гэта паведамляюць практычна ўсе ўплывовыя інфармацыйныя агенцтвы свету. Схавацца ад праўды злачынцы не могуць!

Дыктатар і яго паслугачы заўсёды стараюцца заблытаць, замыліць падзеі, разбурыць хроніку развіцця сітуацый. У Беларусі і Расіі такое назіраецца на працягу многіх гадоў. З гэтай прычыны, каб расставіць кропкі над «і», згадаем, што прывяло наша грамадства да палітычнага тупіку.

Праўда заключаецца ў тым, што рэакцыйны рэжым А. Лукашэнкі не мае праўдзівых, прынцыповых аналітыкаў, і таму ён саманадзейна перацаніў цярплівасць беларусаў, якія 26 гадоў гібеюць у беззаконні і гвалце. Раней афіцыйным СМІ і прапагандыстам-палітрукам лёгка было абдурваць замбіраваны постсавецкі люд, палітычна неадукаваных вясковых і гарадскіх абывацеляў, запалохваць іх дэмакратычнымі пераменамі. Але цяпер вырасла новае пакаленне людзей, якіх прымітыўнымі спосабамі не падманеш, якія маюць інфармацыйныя і вандроўныя магчымасці бачыць эканамічныя і сацыяльныя вынікі ў развітых еўрапейскіх краінах, параўноўваць замежны дабрабыт са сваім, якія рашуча рэагуюць на ўладную хлусню, фальсіфікацыі і падтасоўкі, на падкантрольныя парламент, суды, СМІ, на невыкананне чыноўнікамі законаў.

Тэрор у Беларусі пачаўся не са стральбы робатаў-сілавікоў па дэманстрантах гумовымі кулямі і кідання гранатамі, не з забойстваў або збіцця да паўсмерці, а затым катаванняў безабаронных людзей у РАУС і следчых ізалятарах. Пальма першынства належыць Цэнтральнай выбарчай камісіі на чале з Л. Ярмошынай. Кіраўніца сама, каб дагадзіць правіцелю, стала актыўнай падбухторшчыцай у кляпанні крымінальных спраў супраць невінаватых людзей, а затым са сваёй камандай нахабна і цынічна зачышчала выбарчае поле. Гэта тычыцца ўсяго працэсу забеспячэння галасавання, стварэння ўчастковых выбарчых камісій, корпусу назіральнікаў, грубага адхілення альтэрнатыўных кандыдатаў на пасаду прэзідэнта ад удзелу ў выбарах. Навошта было ўладзе адміністратыўным рэсурсам заганяць грамадзян на датэрміновае галасаванне і «маляваць» фантастычныя 44%? Чаму на выбарчых участках распараджаліся выканаўчая ўлада, лінейная міліцыя і АМАП, не дапускаючы ні незалежных назіральнікаў, ні журналістаў? З якой прычыны не аб’яўлялі і не вывешвалі пратаколы падліку галасоў для азнаямлення, а пасля ўсе бюлетэні знішчылі?

Адказ на гэтыя пытанні адназначны: А. Лукашэнка страціў падтрымку большасці насельніцтва краіны. Даследаванні спецыялістаў паказалі, што ва ўсіх пластах выбаршчыкаў з велізарным адрывам перамагла С. Ціханоўская, за выключэннем невялікай групы «вясковых і гарадскіх тэлегледачоў», якія не карыстаюцца інтэрнэтам і не зацікаўлены ў праўдзівай інфармацыі. Але нават тут назіралася перавага кандыдата-жанчыны. А таму спатрэбілася невераемнае нахабства, цынічныя падлогі арганізатараў выбараў і звярыная жорсткасць сілавікоў.

Прэзідэнт РФ У. Пуцін і яго прэс-аташэ Д. Пяскоў, якія маюць багаты вопыт у правядзенні выбарчых фарсаў у Расіі, цяпер апантана адстойваюць «перамогу» А. Лукашэнкі і карныя метады падаўлення народных пратэстаў, хоць выдатна ведаюць пра правал суседняга дыктатара. А як жа інакш? Бо наступныя ў чарзе — яны! Прэс-аташэ нават пасмеў нахабна заявіць, што «единственным возможным барометром поддержки действующего политика являются голоса избирателей». Дык жа ў Беларусі галасы ў народа скралі, і злодзей добра вядомы, на ім шапка гарыць! Якраз супраць крымінальнага злачынства, якое адбылося на выбарах, і выходзяць на вуліцы сотні тысяч грамадзян.

Агонію рэжыму А. Лукашэнкі бачаць увесь свет і мільёны беларусаў, але не тутэйшыя міністры, губернатары, дырэктары, генералы, палкоўнікі. Замест таго каб сказаць: «Стоп!», яны дрыжаць перад тым, хто не мае легітымнасці і маральнага права ім загадваць. Звяртаюся да адказных кіраўнікоў краіны, вышэйшага афіцэрскага складу міліцыі, АМАПА, КДБ.Справа зайшла надта далёка. Няўжо вы не бачыце неадэкватнасць дзеянняў правіцеля? Спыніце яго і самі не знішчайце народ, які пасля пралітай крыві ніколі не даруе злачынцам і не перастане смела змагацца за праўду і справядлівасць! Успомніце хоць бы прагматычнае: хто ж будзе вас карміць, бо вы самі не ствараеце, а толькі спажываеце?

Беларускаму народнаму мірнаму пратэсту супраць дыктатарскага рэжыму няма аналогій у свеце. Мы— не венесуэльцы, не алжырцы, не тунісцы, не сірыйцы і нават не расіяне. У Беларусі адсутнічаюць імперскія, кланавыя, каставыя, рэлігійныя або сацыяльныя амбіцыі, мы выступаем з’яднанай, салідарнай нацыяй. Пасля доўгіх пакутаў змаганне за свабоду і дэмакратыю нарадзілася ў сэрцах, душах і розуме грамадзян. А таму яго задушыць не ўдасца.

Спакой у беларускім грамадстве не настане да той пары, пакуль не сыдзе з пасады А. Лукашэнка, не будуць вызвалены палітычныя вязні, не пройдуць новыя прэзідэнцкія выбары.

Свабодная, дэмакратычная Беларусь сёння патрэбна ўсім: пратэстуючай большасці грамадзян, меншасці, хоць яна гэтага яшчэ не разумее, Расіі, з якой беларусы не збіраюцца парываць супрацоўніцтва і добрасуседства, і Захаду, у якога пад бокам будзе нармальная краіна, а не тыранія, непрадказальная сваімі паводзінамі.

Змаганне двух дыктатараў за «вечнае кіраванне» пагражае не толькі свабодзе беларусаў і расіян, але і бяспецы ва ўсім свеце. Шахцёры Салігорска, якія выступілі пад лозунгам: «Не позволим режиму возродить фашизм!», мне ўяўляюцца больш дальнабачнымі і мудрымі, чым кіраўніцтва Еўразвяза з яго бездапаможнай, бяззубай палітыкай у дачыненні да ўзурпатараў і агрэсараў.

Беларусь не стане фашысцкай дыктатурай, бо наша слаўная зямля — гэта не калонія імперскай Расіі. Мы — еўрапейскі, развіты, культурны народ з пачуццём уласнай і нацыянальнай годнасці. Пра гэта сведчыць мужнасць Марыі Калеснікавай і дзесяткаў тысяч іншых змагароў.

Калі ЗША, Еўразвяз праглынуць новы цынічны плявок дыктатараў у твар дэмакратыі і не дапамогуць беларусам супакоіць іх, паставіць на месца, то тады «чэкісцка-саўгасны парадак» пойдзе наступам і да іх.

Беларусы, нягледзячы на штодзённыя арышты і садызм сілавікоў, будуць у змаганні стаяць да канца, да перамогі. У гэтым я ні на хвіліну не сумняваюся.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Невядомая Беларусь

Узлёт нацыі

Голас салідарнасці

На разрыў

Добавить комментарий