Курсы валют

Доллар США
2.546
Евро
Российский рубль

Погода

9..11 °C

Пункт гледжання

Што рабіць?

Zakonnikov

Такога цынізму і глумлення над здаровым сэнсам жыцця ў Беларусі яшчэ не было. Дзвесце-трыста тысяч чалавек у Мінску, тысячы жыхароў у іншых гарадах выходзяць на вуліцы і скандзіруюць: «Уходи!», а нелегетымны ўзурпатар публічна, з ухмылкай заяўляе: «Это народ меня приветствует!»

Новы прыклад нахабства А. Лукашэнка выдаў 23 верасня 2020 года. Праведзеная таемна інаўгурацыя паказала ўсяму свету, што большасць выбаршчыкаў прагаласавала не за яго, а за С. Ціханоўскую, што ён баіцца народа і схаваўся за полчышчамі сілавікоў. ЗША і ўплывовыя краіны Еўропы адмовіліся лічыць узурпатара легетымным. Пасля дурной выхадкі не вытрымаў экс-прэзідэнт СССР М. Гарбачоў: «Это ж черт-те что!» Расійскі палітолаг А. Малашэнка падкрэсліў: «Что главное в тайной инаугурации Лукашенко? Он окончательно показал, что уважать его не за что. Никому. Ну как можно признать «тайного президента» легитимным в его собственной стране? Как уважать такого в Европе? За что уважать его Путину, который фактически назначил «Сашку» ночным сторожем в белорусском огороде, пообещав на всякий случай двустволку».

Узурпатар сам пахаваў сябе на палітычным полі. Але мацёры, хоць і прымітыўны шантажыст і інтрыган яшчэ на нешта спадзяецца, мітусіцца. Пасля «сакрэтнага каранавання» сілавікі, натхнёныя босам у мундзіры «генералісімуса», задзейнічалі ўвесь набор: бронетэхніку, аўтазакі, вадамёты, газ, стральбу (у паветра), дубінкі. Садысты ў форме і без апазнавальных знакаў збівалі да крыві маніфестантаў, разбівалі аўтамашыны, хапалі і валаклі ў аўтазакі ўсіх, хто трапляў пад руку. Ход падзей паказвае: праваахоўныя органы за жнівень-верасень канчаткова перабудаваліся ў карныя. Гэта тычыцца не толькі амапаўцаў, унутраных войск і астатніх спецпадраздзяленяў. Такімі ж па сутнасці сталі пракуратура, следчыя камітэты і суды.

Хто не жыве ў Беларусі, той не зразумее, што такое мясцовыя пратэсты. Яны мірныя толькі з боку маніфестантаў. Супраць іх рэжым выкарыстоўвае ўсе рэсурсы, якія маюцца: сілавы, судовы, адміністратыўны, і галоўную перавагу — беспакаранае парушэнне законаў.

Мірны чалавек павінен з цяжкасцю зарабляць грошы, каб харчавацца, апранацца, аплачваць жыллё, даглядаць дзяцей. А затым ён выходзіць на мірны пратэст, дзе яго чакае гвалт сілавікоў. Але рэпрэсіі на гэтым не канчаюцца. Удзельнікаў маршаў, нягледзячы на спакойныя паводзіны, арыштоўваюць і судзяць. Рэжым забівае адным стрэлам не двух, а пяць «зайцоў»: выконваецца даведзены план па затрыманых, сілавікі атрымліваюць асобную аплату і прэміі, у людзей штрафамі выграбаюцца грошы, з далейшага змагання выключаюцца смелыя грамадзяне, бо новае затрыманне скончыцца турмой, запалохваецца астатняе насельніцтва. Людзей збіваюць і прымушаюць плаціць за гэтае збіццё.

У складаны час узнікаюць два пытанні: хто вінаваты і што рабіць? Першае пытанне абмеркавана грунтоўна, а таму канстатую коратка. А. Лукашэнка і яго мафіёзная хэўра загналі Беларусь у вар’яцкі палітычны тупік пастаянным парушэннем законаў і прымяненнем сілы — арыштамі альтэрнатыўных кандыдатаў у час выбараў, злачыннымі фальсіфікацыямі пры падліку галасоў, шантажом пры вывазе спецслужбамі С. Ціханоўскай за межы краіны, крывавым разгонам мірных пратэстаў, арыштам членаў Каардынацыйнай рады па трансферы ўлады, садызмам сілавікоў.

Цяпер паўстала пытанне: што рабіць? А. Лукашэнка спадзяецца, што ўтрымаецца сілай. А затым, як было раней, усё супакоіцца, можна будзе і надалей гвалціць народ.

Адразу скажу, што ён памыляецца. Нічога само сабой не заціхне. Сёння ў Беларусі няма такой сям’і, якая не была б закранута рэпрэсіямі, арыштамі, штрафамі або гэта не тычылася б знаёмых людзей. Нянавісць да ўладных злачынцаў, прага помсты перапаўняюць душы соцень тысяч грамадзян. Пачуцці нікуды не сыходзяць, а толькі яшчэ болей мацнеюць.

Амерыканскі сенатар-рэспубліканец М. Ромні напісаў у Twitter: «Асноўным прынцыпам для дэмакратыі з’яўляецца мірны пераход улады, інакш гэта Беларусь». А я падкрэслю іншае. Унікальнасць сітуацыі ў Беларусі не ў тым, што Лукашэнка ўпёрся рогам і не хоча аддаваць уладу. Такіх нахабных тыпаў у гісторыі чалавецтва хапала. Унікальнасць выяўляе сам народ. Яго гераізм, самаарганізацыя настолькі ўражваючыя, што часам у мяне ад захаплення і гордасці абмірае душа, перахоплівае дых.

Беларусы падалі новы дэмакратычны варыянт дэмантажу дыктатуры, які можа спатрэбіцца многім народам. Гэта важна і каштоўна. Да такой з’явы ўсім трэба паставіцца з разуменнем, сур’ёзна і зацікаўлена.

Наша нацыя змагла нарадзіць мужную ўнутраную салідарнасць у змаганні за свабоду і правы чалавека. Само жыццё падказвае народу, што трэба рабіць. А. Лукашэнка прызнае толькі сілу і толькі ёй карыстаецца. У такім выпадку ў супрацьстаянні яму неабходна задзейнічаць таксама сілу.

Беларусы пратэстуюць на вуліцах і праводзяць «італьянскія страйкі», яны пазбаўляюць вытворчасць інтэлектуальнай, вынаходніцкай падтрымкі, абмяжоўваюць да мінімальнага ўзроўню кантакты з інстытутамі рэжыму, здымаюць грошы з банкаўскіх рахункаў, не купляюць прадукцыю «кашалькоў Лукашэнкі».

Але за выключэннем правячай мафіі, большасць нашага насельніцтва жыве сціпла, без грашовых запасаў. Таму з асцярожнасцю паводзяць сябе рабочыя, якія павязаны кантрактамі, баяцца звальнення, жывуць ад зарплаты да зарплаты. Таму так цяжка правесці агульнанацыянальны доўгатэрміновы страйк. Увогуле жыць у стрэсавым стане беларусам няпроста, сілы нацыі небясконцыя, яна сцякае крывёю ў прамым і пераносным сэнсе.

Беларусы выявілі ўнутраную салідарнасць. Яны просяць цяпер дзейснай знешняй салідарнасці з боку міжнароднай дэмакратычнай супольнасці. Патрэбны не толькі словы захаплення, а рэальная дапамога. Лукашэнка разумее сілу. Без сур’ёзных зканамічных санкцый з боку ЗША і Еўразвязу ўзурпатар не перадасць уладу народу. Плён прынясуць агульныя намаганні. У гэтым выпадку не дапаможа і У. Пуцін. Ён не возьме на шыю ўтрыманне эканамічна слабой краіны, дзе жыве 9, 4 мільёна чалавек. Праект «Наш Лукашэнка» ўжо, паводле слоў самога Пуціна, каштаваў Расіі 137 мільярдаў долараў.

У стасунках з Расіяй трэба расставіць кропкі над «і». Мы — суседзі і будзем жыць дружна, але шлях на свабоду ў нас розны. Хопіць казак У. Пуціна і А. Лукашэнкі пра адзіны народ! Нават паводзіны расіян і беларусаў за мяжой паказваюць непадобнасць менталітэту, культуры, стаўлення да акаляючых людзей.

Тое ж і ў палітыцы. Расійскія абывацелі, у тым ліку і кінарэжысёр М. Міхалкоў, выхаваныя на манархісцкіх, імперскіх традыцыях, не могуць паверыць, што ў Мінску на пратэст выходзіць да 300тысяч чалавек: як жа можна так не паважаць «цара»?! Гэтыя вялікадзяржаўніцкія каноны не даюць расіянам зажыць свабодна і дэмакратычна.

Беларускія традыцыі — еўрапейскія, яны парушаны доўгім нацыянальным і сацыяльным прыгнётам, русіфікацыяй і савецкай фальшывай прапагандай, але выжылі, набылі новае дыханне. Мы дасягнем свабоды. Зарукай гэтаму — мужнасць беларусаў. Яна выявілася і на магутным маршы, які сімвалізаваў народную інаўгурацыю С. Ціханоўскай.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Дзве сілы

Тэрорам нас не скарыць!

Невядомая Беларусь

Узлёт нацыі

Добавить комментарий