Курсы валют

Доллар США
2.5697
Евро
Российский рубль

Пункт гледжання

Забойчая селекцыя

Zakonnikov

У Беларусі паняцце апазіцыі ў звыклым разуменні знікла. Яна стала большасцю народа, дзе з’ядналіся розныя нацыянальныя, сацыяльныя, палітычныя, рэлігійныя і іншыя пласты насельніцтва. Гэта кардынальным чынам памяняла магчымасці і расстаноўку ўсіх людскіх сіл.

Рухавіком грамадскага жыцця выступаюць звычайныя жыхары гарадоў і пасёлкаў, якія да сёлетніх выбарчых падзей амаль не цікавіліся «вялікай палітыкай». Цяпер жа ўсё закруцілася вакол пратэсту рабочых, студэнтаў, прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу, тэхнічнай, навуковай і творчай інтэлігенцыі, урачоў, спартсменаў, выкладчыкаў ВНУ, журналістаў, настаўнікаў, пенсіянераў і нават інвалідаў супраць хлусні і ўтрымання ўлады нелегітымным узурпатарам. Але гэтую галоўную рысу рэчаіснасці не хочуць прызнаваць прыхільнікі дыктатарскай сістэмы, якія засталіся ў меншасці.

Што ўяўляе сабой праўладная меншасць? Пачнем знізу.Усе «ябатьки-забатьки», якімі прыкрываецца А. Лукашэнка, — гэта пласт людзей, у асноўным з дзяржаўнага сектару эканомікі або «голыя» бюджэтнікі, якія дзейнічаюць паводле каманды начальства. Самастойнасці ў іх не было, няма і не будзе. Веру, што там ёсць сапраўды перакананыя, шчырыя прыхільнікі свайго даўняга куміра. Але яму няварта чакаць ад іх грамадзянскай і палітычнай актыўнасці.

У наш дынамічны час сабраныя, сагнаныя, звезеныя ліслівымі чыноўнікамі праўладныя сходы, мітынгі, канцэрты выглядаюць нягеглым убоствам, замшэлай старызнай на фоне мабільнай самаарганізацыі, разнастайнага багатага крэатыву, усялякіх вынаходніцтваў і ініцыятыў, якія выяўляюць пратэстуючыя народныя масы.

Зразумела выглядае прыўладны бізнес. Безумоўна, што «кашалькі Лукашэнкі», прадпрымальнікі, прыкормленыя ім «з рукі», не здраджваюць уласнаму багаццю і апекуну, які трымае кожнага з іх «у кулаку».

Пакуль што паслухмяна служыць правіцелю сілавы блок, дзе кар’ерны рост і адпаведна дабрабыт залежаць наўпрост толькі ад яго. Узурпатар абапіраўся на ўзброеную сілу заўсёды, а цяпер спадзяецца на яе ў першую чаргу. Тым не менш, хоць служылы люд актыўна апрацоўваецца ўшчэнт ашалелай прапагандай на рэгулярных палітзанятках і інструктажах, але і там ёсць афіцэры, якія незашорана бачаць і ацэньваюць складаную рэчаіснасць.

Увогуле, кантынгент верных служак у А. Лукашэнкі перабольшваецца ў афіцыйных СМІ, што добра адчуваецца па атмасферы вялікай прагі перамен, якая пануе ўсюды ў краіне.

Глянем на дыктатарскую Беларусь больш аб’ёмна. Міжнародныя эксперты-эканамісты далі такую характарыстыку дзяржаўнаму ўтварэнню, якое «згарбузіў» А. Лукашэнка: «Белоруссия — это страна с низким ВВП на душу населения; страна с достаточно слабо диверсифицированной экономикой; страна, которая зарабатывает на своем географическом положении; страна, которая зарабатывает на близости России; страна, которая зарабатывает на транзите. Страна, которая /…/ вместо развития выбрала получение доходов от балансирования между Европой и Россией».

Сапраўды, калі азірнуцца на 26 гадоў аўтарытарызму, то становіцца бачна, што правіцель актыўнічаў толькі на двух кірунках дзейнасці: займаўся «даеннем» Крамля і шантажом Еўразвязу, выцыганьваў дапамогі і пазыкі ў розных краін свету і міжнародных фінансавых арганізацый, а яшчэ вёў жорсткую селекцыю кадраў, каб дамагчыся абсалютнай улады.

Палітычныя падзеі ў Беларусі паказалі, што лукашэнкаўская кадравая селекцыя стала забойчай для развіцця грамадства. Я часта пісаў пра нізкі прафесіяналізм кіраўнікоў, якія займаюць ключавыя пасады. Практычна ні ў адной сферы гаспадарання, нягледзячы на вялікія грашовыя ўкладанні, не адбылося прагрэсу. Адкуль жа возьмуцца прафесіяналы, калі адбор ідзе не паводле адукаванасці і ўмення, не па выніках працы спецыяліста, а згодна з ягонай актыўнасцю ў аблізванні начальства?

Узурпатар давёў да аўтаматызму дзяржаву мафіёзнага кшталту, у якой службоўцы павязаны кругавой парукай, каб прыкрываць адзін аднаго, дзе закон «што дышаль», дзе адсутнічае справаздачнасць прадстаўнікоў улады перад грамадствам. З аднаго боку, утварыўся «бюракратычны жалезабетон», які прабіць цяжка, што паказвае і цяперашняя ўпёртасць наменклатуры супраць змен, а з другога — дыктатура трымаецца на адным чалавеку: ён прыбіраецца — і сістэма развальваецца, як картачны домік.

Сёння ў інфармацыйнай прасторы віруюць розныя ацэнкі сітуацыі. Але што адбываецца ў Беларусі, калі адкінуць прэч пустапарожнюю балбатню? Пасля сфальсіфікаваных выбараў нелегітымны ўзурпатар, як клешч, упіўся ва ўладу і не рэагуе ні на якія аргументы, бо спрацоўвае паталагічнае уладалюбства, адкрыта абвешчанае ім у інтэрв’ю ўкраінскаму журналісту Д. Гардону, — не магу жыць без пасады прэзідэнта. Такім чынам, пагроза для незалежнасці краіны і будучыні беларусаў сыходзіць толькі ад дыктатара. Нахабны індывід бярэ ў закладнікі любога грамадзяніна і змяшчае за турэмныя краты, трымае ў стрэсавым стане ўвесь дзевяцімільённы народ і напружвае міжнародную супольнасць. Каб утрымацца на троне, ён распачаў падманную гульню з абмеркаваннем Канстытуцыі.

Чыноўнікі, дэпутаты, дырэктарскі корпус, вышэйшае афіцэрства арміі, КДБ, лінейнай міліцыі, АМАПА, унутраных войск разумеюць, што «лафа» заканчваецца. Эканоміка курчыцца і развальваецца. Дыктатар загнаў краіну ў міжнародную ізаляцыю. Уводзіцца шэраг санкцый з боку ЗША і Еўразвязу, спыняецца выдзяленне замежнай фінансавай дапамогі і пазык. Катастрафічна змяншаюцца інвестыцыі. Лепшыя спецыялісты і моладзь пакідаюць краіну. Але службоўцы ўсё роўна ўпіраюцца, трасуцца над пасадамі і маёмасцю, баяцца перамен.

Паводле выхавання, асабістых маральных якасцяў, жыццёвых установак узурпатару і яго паслугачам абсалютна не шкада ні краіны, ні народа, ні эканомікі, ні нават сябе і сваіх родных. Такія яны вялікія патрыёты!

У выказваннях кіраўнікоў урада, МУС, КДБ, Генпракуратуры, якая, дарэчы, павінна строга назіраць за выкананнем законаў, выяўляецца не толькі агрэсія ў стаўленні да грамадзян, але і няўменне выкласці ўласную думку, некампетэнтнасць. Гэта — прадукты забойчай селекцыі дыктатарскай сістэмы.

Сёння відаць, што кіруючы клан прымярае ролю адразу і правакатараў, і карнікаў. Дайшло да таго, што палкоўнік МУС хапае дубінку і сам дубасіць усіх, хто трапляе пад руку, разбівае шкло, а пасля «супакойвае» людзей тым, што агнястрэльная зброя будзе прымяняцца «гуманна».

Увогуле, дзеянні наменклатуршчыкаў нагадваюць расцягнутае ў часе самагубства.У іх галовах засталася адна маніякальная мэта — любымі спосабамі ўтрымаць існуючую ўладу.

Толькі ці змогуць яны гэта зрабіць? Народ сваімі рэгулярнымі пратэстнымі маршамі, унутранай свабодай, якая пасялілася і жыве ў сэрцах і душах, адказвае катэгарычна — не!

Людзі чулі, як перад выбарамі А. Лукашэнка абяцаў наладзіць расправу, бачылі цынічныя фальсіфікацыі пры падліку галасоў, а затым забойствы, збіццё, арышты і катаванні мірных маніфестантаў. Як пасля злачынстваў нелегітымны ўзурпатар і яго хэўра збіраюцца кіраваць? Такое не даруецца ніколі!

Цяжка, але з гераізму, мужнасці і пакутаў мірнага пратэсту нараджаецца свабода. Час працуе на перамогу народа.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Істэрыя амаральнасці

Свабодны выбар

Што рабіць?

Дзве сілы

Добавить комментарий