Курсы валют

Доллар США
2.5697
Евро
Российский рубль

Пункт гледжання

Прыхаваны генацыд

Zakonnikov

Вопыт беларускіх мірных народных пратэстаў унікальны паводле многіх параметраў. Ён выявіў з’явы, якія раней не існавалі або не заўважаліся, не абмяркоўвалісяі. Галоўная выснова, якую пратэсты нарадзілі і вымушаюць людзей планеты цвёрда засвоіць, – гэта тое, што аўтарытарны лад, дыктатура не могуць забяспечыць разумнае, прагрэсіўнае развіццё грамадства, што яны няздатныя ў галіне эканомікі, антыгуманныя і бесчалавечныя па маральнай сутнасці.

Чалавецтва павінна кінуць супраць гэтай хіжай палітычнай хваробы ўсе веды, сілы і магчымасці, каб пазбаўляцца ад яе, як ад кавіду 19.

За 26 гадоў у Беларусі, выкарыстоўваючы, як у крымінальных структурах,жорсткае падпарадкаванне «галоўнаму босу», удзел у «цёмных справах», асабістую адданасць, чынашанаванне, сямейніцтва, месніцтва і падхалімства, створана камфортнае існаванне кіруючай касты і набліжаных да яе асобаў. Звычанымі людзьмі негатыўная з’ява названа – «лукашызм». Гэтае слова, якое дае спецыфічную афарбоўку функцыянаванню вертыкалі і дыктатарскай сістэмы цалкам, даўно фігуруе ў размовах, у сацыяльных сетках.

Гісторыя чалавецтва сведчыць, што падобныя перыяды ў жыцці народаў здараліся нярэдка. Некаторыя дзяржавы ў цемрашальстве заходзілі далёка. Гітлер і яго падручныя, труцячы вязняў у газавых камерах, прыкрываліся «вялікай любоўю да нямецкага народа», «жаданнем зрабіць яго жыццё шчаслівым». Такія ж мэты ставіў і Сталін, ператвараючы СССР у лагер за калючым дротам.

Толькі што грамадскасць Мінска на жалобнай акцыі ў Курапатах успомніла пра шматмільённых ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, у тым ліку пра паэтаў, творчую і тэхнічную інтэлігенцыю, партыйных і дзяржаўных дзеячаў, расстраляных у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў сутарэннях унутранай турмы.

Але неабавязкова знішчаць людзей так, як гэта рабіў Сталін з вялікай ардой напаўпісьменных, вар’яцкіх у гвалце нкусаўцаў-садыстаў, расстрэльваючы ад Брэста да Уладзівастока за адну ноч тысячы грамадзян.

Можна прарвацца да ўлады, падпарадкаваць парламент і ўцюхваць яму «патрэбныя» праекты законаў. А той паслухмяна будзе ціскаць кнопку»за» і штампаваць. Законы, прынятыя пад сябе, дазваляюць мець нібыта афіцыйны прававы шчыт. Дыктатарскія чыноўнікі і сілавікі крычаць на ўвесь свет: «Што вы ад нас хочаце? Мы дзейнічаем паводле законаў!» Але якія яны – лукашэнкаўская канстытуцыя і законы?

Атмасфера сакрэтнасці, заціскання рота кожнаму сумленнаму чалавеку прывялі да таго, што кіруючы клан, аб’яўляючы сябе ледзь не праведнікам, пагруз у татальнай карупцыі і казнакрадстве. Спыніць злачынны працэс можна было своечасова. Як і іншыя людзі, я ў друку заклікаў праваахоўныя органы правесці глабальную інвентарызацыю і пацікавіцца крыніцамі звышпрыбыткаў многіх службоўцаў. Але як можа разблытваць нейчыя махінацыі той, хто сам мае долю ў аналагічных схемах?

Толькі цяпер міжнароднымі спецыялістамі і незалежнымі СМІ актыўна выкрываюцца карупцыйныя злачынствы мафіёзнай кампаніі, у якой гучаць прозвішчы, знаёмыя кожнаму беларусу, канкрэтна называюцца фірмы, арганізацыі, фінансавыя групы. Сквапнымі, ненажэрнымі «павукамі» аблытана практычна ўся Еўропа.

Кіраўніку і цэрберам дыктатарскага рэжыму ёсць што абараняць. Мы хутка, мабыць, будзем ведаць такі масіў крыміналу, што ахнуць і залемантуюць нават самыя адданыя і зацятыя «ябатьки-забатьки».

Жахлівы гвалт і катаванні ў Мінску і іншых гарадах Беларусі пасля выбараў 9 жніўня 2020 года нагадалі падзеі 50-70 гадоў ХХ стагоддзя ў Камбоджы. Усё адбываецца, як раней. Недасведчаныя, апрацаваныя ўладнай прапагандай невукі, адданыя за зарплаты і выгоды галоўнаму душыцелю свабоды, ваююць супраць самых таленавітых, яркіх у прафесіі, сумленных, смелых і мужных людзей.

«Чырвоныя кхмеры», трушчачы матыкамі чарапы соцень тысяч адукаваных, інтэлігентных грамадзян па загаду крывавых тыранаў Пол Пота і Нуона Чэа, таксама лічылі, што яны абараняюць «государственный строй». Такім чынам было знішчана 40% насельніцтва. Пасля бязлітаснага генацыду Камбоджа, якая цяпер носіць назву Кампучыя , ніяк не можа акрыяць, наладзіць годнае жыццё.

У сучаснай Беларусі рэпрэсіі, тэрор рэжыму перацякаюць у прыхаваны законамі генацыд. У летнія і восеньскія месяцы сілавікі ідуць на мірных людзей не толькі з браневікамі, калючым дротам, дубінкамі, гранатамі, гумовымі кулямі. Каля кватэр сумленных грамадзян, якія не баяцца публічна выказваць нязгоду з беззаконнем, парушэннем правоў чалавека, круцяцца і цікуюць «людзі ў цывільным», каб спадцішка, знянацку схапіць чалавека. Арыштоўваюць і судзяць тысячамі. Былы міністр унутраных спраў Ю. Караеў заявіў: «Идет война». Слова «вайна» паўтараюць А. Лукашэнка і яшчэ шэраг чыноўнікаў. Вынік такога гвалту – масавы сыход маладых беларусаў з роднай зямлі.

Мне тэлефануюць чытачы з пытаннямі: «Адкуль узяўся такі маштабны палітычны вышук, рэпрэсіі без падставы? Для чаго яны?»

Людзі раней не сутыкаліся з пераследам. Цяпер ён стаў масавым, а таму прыкметным, які выклікае абурэнне. Нарошчваючы вялізны кантынгент карных органаў, узурпатар разумеў, што ў народа да дыктатуры стаўленне заўжды негатыўнае. Ён прадчуваў грамадскія ўзрушэнні. Але ўсё ж наступіў на старыя граблі, якія нарэшце ўдарылі па лобе.

Ліслівыя аналітыкі шмат гадоў шчабяталі: «Александр Григорьевич хорошо знал народ, потому был избран и много лет успешно руководит». Гэта хлусня, міт! У 1994 годзе Лукашэнка ведаў адно: савецкая, палітычна неадукаваная маса адгукнецца на нахабны папулізм: «запущу», «дам», «обеспечу».

Ні ўзурпатар, ні вертыкаль не ведалі і сёння не ведаюць народ, якім кіруюць. Адны, бо застаюцца прышлымі паводле месца нараджэння і духу, а другія – таму што пад прыгнётам вырадзіліся ў бяспамятных манкуртаў, пустадомкаў і боўдзілаў.

Беларусы традыцыйна настроены супраць любых прыгнятальнікаў: царскіх (паўстанне К. Каліноўскага), бальшавіцкіх (Слуцкі Чын), сталінскіх («Саюз беларускіх патрыётаў», «Чайка», «Свабодная Беларусь»), сучасных (пратэсты грамадзян 2006, 2010 гадоў).

Гісторыкам трэба лепш вывучаць свой прадмет. Карнікі, якія тут лютавалі, зніклі, а партызаны і іх нашчадкі засталіся.

Наш народ у адукаванасці і развіцці на пяць галоў перарос як узурпатара, так і яго міністраў, асабліва сілавых. Як толькі яны пачынаюць гаварыць, з імі ўсё становіцца ясна. Лепш бы маўчалі. Ну, а дзеянні – проста кашмарна- вар’яцкія. У нядзелю на Дзяды сілавікі на полі каля жалобных Курапатаў наладзілі дзікае паляванне на спецаўтамашынах за людзьмі, якія прыйшлі ўшанаваць памяць бязвінна забітых …

Беларусы так моцна стаміліся ад Лукашэнкі і яго мафіі, што паслаблення ў змаганні за сыход узурпатара, за вызваленне палітвязняў, за сумленныя выбары пад кантролем мясцовых назіральнікаў і міжнароднай супольнасці не будзе.

Нягледзячы на прыхаваны законамі, але подлы і бязлітасны дыктатарскі генацыд, страху ў народа няма. Ёсць упэўненасць у правільнасці курсу на свабоду і дэмакратыю, стойкасць і мужнасць у дасягненні мэты.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Балаклавы здзёрты

Забойчая селекцыя

Істэрыя амаральнасці

Свабодны выбар

Добавить комментарий