Курсы валют

Доллар США
2.058
Евро
Российский рубль

Погода

6..8 °C

Пункт гледжання

Прарыў да супольнасці

Zakonnikov

Жыццё не бывае надта спрыяльным для большасці людзей у кожным часе і ў любым грамадстве. Гэта толькі здаецца, што яно можа раптам прынесці цуд, прылашчыць, адарыць шчадротамі. Чалавеку трэба самому ствараць матэрыяльны падмурак свайго быцця, змагацца за праўду і справядлівасць, выпрацоўваць душэўную энергію, радасць сабе і тым, хто побач. 

Такія чалавечыя якасці, як пачуццё асабістай годнасці, адвага, смеласць, ініцыятыўнасць, адказнасць за ўласны лёс, за сваіх блізкіх і за Айчыну сталі асабліва важнымі і каштоўнымі для грамадзян постсавецкіх суверэнных краін, многія з якіх яшчэ помнілі праўленне І. Сталіна. Для таго, каб не трапляць ва ўладу тыранаў, не скаціцца ў таталітарызм, і існуе грамадзянская супольнасць. Ёй ёсць шмат азначэнняў, з якіх цытую адно: «Грамадзянская супольнасць — гэта сістэма самастойных і незалежных ад дзяржавы грамадскіх інстытутаў і адносін, якія закліканы забяспечыць умовы для самарэалізацыі асобных індывідаў і калектываў, прыватных інтарэсаў і запатрабаванняў».

У СССР свабодных людзей не было, усе знаходзіліся ў статусе прыгонных. Тычылася гэта нават асобаў, якія займалі высокія партыйныя і дзяржаўныя пасады. Спробай прарвацца да грамадзянскай супольнасці тады была дзейнасць асобных часопісаў, газет, самых смелых пісьменнікаў, журналістаў і актыўных чытачоў, якія адважна выходзілі на зваротную сувязь, не баяліся паведамляць пра парушэнні законнасці і несправядлівасць. Гэты працэс дэмакратызацыі грамадства мне вядомы, бо цікавіўся ім, са школьных гадоў сам удзельнічаў у селькораўскім руху. Але кволыя парасткі разняволення бязлітасна душыліся цэнзурай, палітычным наглядам.

З надыходам незалежнасці ў Беларусі паўстала задача фарміравання грамадзянскай супольнасці знізу, на грунце народнай ініцыятывы. Яна выявілася складанай, на што ёсць прычыны. Першая — гэта ўсталяванне аўтарытарнага рэжыму, пры якім развіццё грамадзянскай супольнасці катастрафічна замаруджваецца. Другая прычына палягае ў тым, што хутка адпрэчыць таталітарнае мінулае немагчыма. Яно, як прывязаныя да ног гіры, стрымлівае рух да прагрэсу. Нерэальна ў адзін момант разбурыць савецкае каманднае выхаванне, змяніць менталітэт, звычкі. З пакалення ў пакаленне перадаваліся пакорлівасць, рабскі страх прад начальствам, а таму беларусы пасля маленькага глытка свабоды зноў жывуць з заплюшчанымі вачыма і закрытым ротам. Адны сталі зомбі, а другія робяць выгляд, што ў нас няма штодзённай хлусні кіраўніцтва, нахабства чыноўнікаў, усёдазволенасці спецслужбаў, татальнай карупцыі, крадзяжоў.

Мне давялося бачыць, як функцыянуе грамадзянская супольнасць у ЗША, Германіі, Францыі, Даніі. Уразіла вялікая колькасць інстытутаў, валанцёрскіх рухаў, ініцыятыў, іх масавасць. Грамадзяне трымаюць прадстаўнікоў улады ў пастаяннай «форме адказнасці», каб яны сумленна выконвалі абавязкі «слуг народа». Але там няма канфрантацыі, пануе атмасфера ўзаемнай павагі і даверу.

Напрыклад, нядаўна ў ЗША па патрабаванні людзей улада вярнула грошы, пераплачаныя за паркоўку аўтамашын. Гэта нібыта дробязь, але амерыканскі прэзідэнт паводзіць сябе не так, як усходнія калегі. Ён не баіцца актыўнасці грамадзянскай супольнасці, спакойна ўспрымае гаворку ў СМІ пра «народную і палітычную рэвалюцыю», бо разумее, што любая дзяржаўная сістэма патрабуе ўдасканалення.

Чаму ў Францыі рашуча адстойваюць 35-гадзінны рабочы тыдзень? Таму што гэта важнейшая заваёва не толькі прафсаюзаў, але і ўсёй грамадзянскай супольнасці, якую людзі здаваць не хочуць.

Я пастаянна сустракаюся з нямецкімі валанцёрамі, якія працуюць дома і ў іншых краінах, у тым ліку ў Беларусі. Яны шчыра і аддана дапамагаюць нашым хворым дзецям, састарэлым, інвалідам. Гэта годныя, высакародныя прадстаўнікі свайго народа.

У Беларусі сутнасць узаемаадносін паміж уладай і народам зусім іншая. Кіраўніцтва адкрыта ігнаруе думку і ініцыятывы людзей, пад прыкрыццём дэмагогіі, разлічанай на закончаных дурняў, прымае толькі яму выгадныя рашэнні. Перад парламенцкімі выбарамі прэзідэнт з націскам заявіў: «Мы должны продемонстрировать, кто в доме хозяин», нагадаў вертыкальшчыкам, што яны «хозяева своих районов», параіў, каб сябе «окружили своими людьми». Што тут скажаш? Тыповыя парады тыповага ўзурпатара ўлады, што ніяк не стасуецца з Канстытуцыяй, дзе напісана: «Адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ».

Да савецкіх міфаў, якія жывуць у краіне, дадаліся новыя. Адзін з іх: «У нас пануе дэмакратыя, няма рэпрэсій». Як бы не так! Рэпрэсіі заключаюцца не толькі ў тым, каб заганяць ножку крэсла вязню ў задні праход або бясконца ліць яму на цемечка ваду, даводзячы да вар’яцтва, дзясяткамі тысяч штодзённа расстрэльваць невінаватых людзей.

Пазбаўленне грамадзян свабоднага і адкрытага галасавання пры выбары ўлады, падкантрольнасць судоў і СМІ — гэта таксама рэпрэсіі ў дачыненні да народа. Тым больш што фізічныя і псіхічныя катаванні таксама не сышлі ў нябыт, пераемнікаў сталінскіх метадаў у нас хапае.

Аўтакраты запусцілі ў інфармацыйную прастору сваю выснову: «Майданы, цветные революции — это свержение законной власти!». Але чаму яна законная, калі пры яе абранні груба парушаны законы? Выбарчыя камісіі дзейнічаюць непрыстойна, займаюцца фальсіфікацыямі, назіральнікаў не дапускаюць да падліку галасоў, а ўлада ў выніку — законная, легітымная? Так не бывае!

Доўгае знаходжанне ва ўладзе ўзурпатараў вядзе грамадства да дэградацыі, эканамічнай і маральнай катастрофы. Паглядзіце на замбіраваныя калоны ў Паўночнай Карэі, на галодных, бедна апранутых і кепска абутых людзей, якія па камандзе плачуць, рыдаюць або радуюцца, смяюцца. У той жа час тыя, хто кіруе «жывымі робатамі» і выціскае з іх апошнія сілы, ствараюць сабе шыкоўнае быццё. А чым адрозніваецца ад паўночнакарэйскай тутэйшая атмасфера? У нас кіруючы клан таксама адгарадзіўся платамі, хаваецца са сваім багаццем ад збяднелага народа ў мільённадоларавых катэджах. Сітуацыя ў КНДР і ў Беларусі нагадвае мне студэнцкі быт, калі надзвычай сквапны індывід атрымліваў з дому пасылку з харчам і момніў яго ўначы, схаваўшыся пад коўдрай.

Няўжо пра такое мы марылі ў пачатку незалежнасці?

Павінен развеяць міф апазіцыйных палітыкаў пра нарастанне сацыяльнага пратэсту. Гэта спроба выдаць жадаемае за рэальнае. Але я ўсцешаны тым, што чытачы, якія тэлефануюць і пішуць, акрамя выказвання скаргаў на несправядлівасць улады, часта апавядаюць пра свае спробы дамагчыся выканання заканадаўства. Яны амаль заўсёды канчаюцца нічым, але добра, што людзі і ў такіх жорсткіх умовах не складаюць рук, а дзейнічаюць. Маленькая кропля праўды, якую ўдаецца адстаяць, заўважаецца, збірае вакол сябе іншых сумленных людзей, каб ствараць новае дабро, вырастаць да вялікай праўды. Толькі так можна дамагчыся разумнага ладу жыцця.

Да спелай грамадзянскай супольнасці, якая патрэбна нам, нібы паветра, трэба прарывацца, нават ломячы рэбры, разбіваючы грудзі да крыві аб сцяну аўтарытарызму. Іншай альтэрнатывы пабудовы прававой, дэмакратычнай Беларусі няма.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Незаменны Беларус

Навіны з пекла

Наўздагон

Нараджэнне апакаліпсісу

Добавить комментарий