Курсы валют

Доллар США
2.0395
Евро
Российский рубль

Погода

20..22 °C

Пункт гледжання

Вынішчэнне альтэрнатывы

Zakonnikov

Заняпад краіны пачынаецца з вынішчэння канкурэнцыі, альтэрнатыўных думак і дзеянняў у грамадстве. Асабліва выразна бачыцца працэс стагнацыі, а затым поўнай дэградацыі палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця на прыкладзе доўгатэрміновага функцыянавання аўтарытарных рэжымаў.

Пасля распаду СССР прарыву амаль усіх новых суверэнных краін з «мяккага таталітарызму» да дэмакратычнага жыцця не адбылося. Беларусь таксама перажыла ілюзію абнаўлення, але насельніцтва нічога не вынесла з мітынгаў, дэманстрацый і спрэчак таго часу. У жорсткім ідэалагічным супрацьстаянні, у эйфарыі чакання змен да лепшага, якія забяспечыць не само грамадства, а нейкі «добры дзядзька», мы бяздарна змарнавалі шанц, дадзены гісторыяй, і надоўга скаціліся ў аўтарытарны лад.

Сёння закасцянеласць жыцця адчуваецца ва ўсім. У нас няма ніводнай працаздольнай, моцнай палітычнай партыі, бо іх стварэнне і функцыянаванне блакіруецца рэжымам. Яны больш папяровыя, чым дзейныя. Гэта тычыцца і палітычных структур, якія створаны ў піку апазіцыйным партыям і рухам пад патранажам выканаўчай улады.

Парламент не мае самастойнасці ў дзеяннях, ён выконвае імітацыйныя і макіяжныя прадстаўнічыя функцыі. Пад татальным кантролем знаходзяцца суды і СМІ.

Губернатары, якія публічна выказваюць адданасць «правадыру» і амаль нічым не адрозніваюцца ад савецкіх сакратароў абкамаў КПСС, становяцца пасля прызначэння «ўдзе­льнымі князькамі». Розніца толькі ў тым, што цяпер умовы і магчымасці для абагачэння ў іх значна большыя, чым раней.

Згодна сталінскай традыцыі лаяльнасць да ўлады ў нас цэніцца вышэй, чым прафесіяналізм. Каманды, спушчаныя з самага верху, па лесвіцы вертыкалі пранізваюць усё грамадства і паралізуюць любую ініцыятыву знізу. За гады аўтарытарызму не адбылося ніводнага сур’ёзнага пярэчання кіраўніку ні на нарадах у Мінску, ні пры наведванні ім рэгіёнаў. Падначаленыя глядзяць у рот, падтакваюць, згодна ківаюць галовамі і клянуцца: «Будет исполнено!».

Але нават пры дыктатуры Сталіна ў час крывавых рэпрэсій знаходзіліся апаненты, якія выказвалі альтэрнатыўную думку. Праўда, пасля смяльчак мог атрымаць кулю ў патыліцу або апынуцца ў канцлагеры, ды такія людзі былі. Цяпер іх няма. У гэтым якраз і заключаецца галоўная спецыфіка нашага часу.

Аднак, як ні дзіўна, самай распаўсюджанай фармулёўкай замбіраванага электарату ў ацэнцы правальнага стану эканомікі і сацыяльнай палітыкі застаецца такая: «Яму мяшаюць урагі!». Адразу згадваецца заява тырана, які вёў бязлітасную, крывавую барацьбу за ўладу, стварыў сабе культ: «У нас есть внутренние враги. У нас есть внешние враги. Этого, товарищи, мы не должны забывать ни на минуту».

Безальтэрнатыўнасць ва ўладзе, кансерватыўнасць мыслення нязменнага правіцеля адбіваецца на развіцці кожнай галіны жыццядзейнасці грамадства. Безвыніковымі выявіліся камандныя метады ў эканоміцы. Экс-старшыня Нацыянальнага банка Беларусі С. Багданкевіч ацэньвае сітуацыю так: «Для развития экономики нужны совершенно другие меры: сокращение налогов, структурная перестройка. Нужно прекратить вмешательство в малый и средний бизнес, где за счет незначительных ресурсов можно начать новое производство. Развивать экономику можно исключительно рыночными методами, а не административными. Лукашенко давно стучит кулаком по столу, вот только никто его не слушает».

Як павялося са сталінскага часу, бытуе наплявацельскае стаўленне ўлады да чалавечага жыцця, да здароўя людзей. Нядаўняе 30-годдзе Чарнобыльскай катастрофы, асвятленне балючай для беларусаў тэмы ў афіцыйных СМІ вылілася ў фальсіфікацыю фактаў, у бяздумны, шапказакідальніцкі аптымізм, каб апраўдаць будаўніцтва непатрэбнай, але небяспечнай Астравецкай АЭС. Тэлебачанне, расказваючы пра вучонага-ядзершчыка В. Несцярэнку і яго перасоўную АЭС «Памір», «забылася» паведаміць, чым займаўся Васіль Барысавіч пасля чарнобыльскай трагедыі. Вось вытрымка з інтэрв’ю, якое было ўзята мною ў выдатнага вучонага, слаўнага чалавека і апублікавана: «Я больш не працую ў ядзернай энергетыцы, /…/ вырашыў для сябе, што самая галоўная каштоўнасць у гэтым свеце — дзеці, што неабходна зрабіць усё, выкарыстаць усе магчымасці маёй прафесіі, каб абараніць іхняе здароўе ад разбуральнага ўздзеяння радыяцыі. /…/ Чалавецтва не дасягнула таго ўзроўню маралі і адказнасці, які неабходны, каб выкарыстоўваць ядзерныя тэхналогіі». Несцярэнка даў мудры наказ: «Бліжэйшыя перспектывы атрымання электраэнергіі звязаны з выкарыстаннем прыроднага газу ў бінарных парагазавых цыклах, дзе эфектыўнасць болей за 50 працэнтаў. Для выпрацоўкі электраэнергіі трэба актыўна асвойваць ветравыя ўстаноўкі (выдатны прыклад усім краінам свету падае Германія). Паўднёвыя рэгіёны Беларусі (Мазыр, Калінкавічы) багатыя на падземныя гарачыя азёры. Гэты дарунак прыроды абавязкова неабходна выкарыстоўваць праз цеплавыя помпы».

Усюды ў свеце пастаянна адбываюцца змены ва ўладзе, толькі ў Беларусі і Расіі, як у некаторых слабаразвітых афрыканскіх краінах, ніяк не могуць знайсці альтэрнатыву тым, хто некалі трапіў на трон і не хоча з яго злазіць.

Увогуле, як толькі эканамічная сітуацыя пагаршаецца, правіцель адразу працуе на апярэджанне, распачынае старую песню пра тое, што не дазволіць змяніць дзяржаўны лад, не аддасць уладу апазіцыянерам, бо яны загубяць Беларусь. Канкрэтна абвінаваціць апанентаў у чымсці ён не можа, а таму нагнятае атмасферу, падкідвае насельніцтву страшылкі.

А тым часам, пад націскам абставін правіцелю даводзіцца самому мяняць… створаную ім сістэму, інакш кажучы — дзяржаўны лад. З неймаверным рыпам, але пашыраюцца рынкавыя стасункі, марудна пракручваецца кола мадэрнізацыі вытворчасці. У той жа час насельніцтва са сваімі сціплымі зарплатамі і пенсіямі не можа ўгнацца за ростам коштаў і тарыфаў на паслугі, адукацыя і медыцына ўсё больш становяцца платнымі, з-за беднасці бюджэту імкліва скарачаюцца сацыяльныя праграмы. Усё, чым раней ганарылася і пахвалялася ўлада перад усім светам, знікае.

Рэжым атрымлівае ратавальную халяву з Расіі, дапамогу ў розных формах з многіх еўрапейскіх структур, але, як бачна, не ў каня корм. У цесным клане кіраўнікоў — адны і тыя ж абліччы, бясконца тасуецца зашмальцаваная кадравая калода. Самыя адданыя функцыянеры паспелі папрацаваць амаль на ўсіх высокіх пасадах, якія ёсць у дзяржаве. Ці ж гэта нармальна? Ну не атрымліваецца ў вас нічога, дык спакойна сыдзіце, дайце працаваць больш адукаваным, культурным, гібкім, прафесійна падрыхтаваным, маладзейшым людзям!

Што такое ўлада ў любой краіне? Гэта менеджары, якіх народ наймае на пэўны час. Бяда прыходзіць тады, калі яны пачынаюць замахвацца на царскую карону.

Тры гады назад прэм’ер-міністр Расіі Д. Мядзведзеў заклікаў «двигаться в сторону умного государства», «умной власти». Не ведаю, наколькі яго словы былі самакрытычнымі і шчырымі, бо зруху ў лепшы бок не адбываецца. Пераадолець аўтарытарную закасцянеласць, спрошчанасць мыслення заўжды няпроста. Але прапанова застаецца актуальнай як для суседзяў, так і для беларусаў.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Закон справядлівасці

Прарыў да супольнасці

Незаменны Беларус

Навіны з пекла

Добавить комментарий