Курсы валют

Доллар США
2.0511
Евро
Российский рубль

Погода

9..11 °C

Пункт гледжання

Кропкавы гвалт

Zakonnikov

Выраз «кропкавы гвалт» можа падацца некаму калькаю, ды палітычны тэрмін «точечное насилие», які шырока ўжываецца, перакласці няпроста. Тут магчымыя іншыя азначэнні — выбарчы, прыцэльны, нацэлены. Але важная не столькі назва дзеяння, як яго глыбінная сутнасць.

На новым гістарычным этапе, які перажывае чалавецтва ў ХХІ стагоддзі, заўважаецца прыкметная паслабка дэмакратычных сіл, адкат у бок рэгрэсу і цемрашальства. Пасля распаду СССР да краін, дзе пануюць аўтарытарызм або дыктатура, далучыліся многія постсавецкія рэспублікі.

Якраз адыёзныя рэжымы і бяруць на ўзбраенне кропкавы гвалт, асноўная задача якога — падавіць смеласць, імкненне да свабоды, ініцыятыўнасць, самастойнасць у грамадстве, загнаць людзей у пасіўны стан, забяспечыць незмяняльнасць улады.

Кропкавы гвалт лічыцца ніжэйшым узроўнем насілля, ён як бы мікшыруе і вуаліруе антычалавечую сутнасць аўтарытарызму, які стаіць недалёка ад таталітарызму. Скажам, у турмы садзяцца не сотні тысяч палітычных вязняў, як гэта было пры Сталіне, а толькі адзінкі або дзясяткі. Але ўсё роўна вынік дасягаецца — астатнія грамадзяне сто разоў падумаюць, перш чым асмеліцца пратэставаць супраць несправядлівасці ўлады.

Як толькі з’яўляецца нейкі дзеяч, на якога людзі звяртаюць увагу, яго тут жа арыштоўваюць, а імя бэсцяць, дыскрэдытуюць з трыбун і ў СМІ. Быць новым лідарам у аўтарытарнай краіне смяротна небяспечна, што паказвае практыка Беларусі і Расіі.

Маючы велізарны рэпрэсіўны апарат, рэжымы дайшлі да вар’яцтва з ужываннем сілы супраць апанентаў. Разганяць мірны пратэстны пікет з пяці чалавек прыбывае цэлы батальён узброеных да зубоў грамілаў, бо народных грошай на такія акцыі не шкада. Дзе што жывое заварушыцца, туды кідаюць амапаўцаў! У Расіі ў Екацярынбургу нядаўна паліцыя, узброеная аўтаматамі, прыбыла на пляцоўку дзіцячага садка, каб весці змаганне… з малымі.

Такім чынам, кропкавы гвалт вынішчае ў Беларусі і Расіі свабодную думку, адкрытыя дыскусіі, палітычную канкурэнцыю. Людзі хаваюцца ў душэўнае падполле, публічна не выказваюцца. У сваіх дзённіках выдатны расійскі пісьменнік Ю. Нагібін пісаў пра такі стан: «Проанализировать причины довольно сложно: тут и самозащита, и вечный страх, надорванность — физическая и душевная, изнеможение души под гнетом лжи, цинизма, необходимость существовать в двух лицах: одно для дома, другое для общества. Самые же несчастные те, кто и дома должен носить маску. А таких совсем не мало. Слышать только себя, не вступать в диалог, не поддаваться как на провокации — на спор, на столкновение точек зрения, отыскание истины, быть глухим, слепым и немым, как символическая африканская обезьяна, — и ты имеешь шанс уцелеть».

Ва ўмовах аўтарытарызму расце колькасць не толькі пасіўных грамадзян, але і тых, хто хоча любымі спосабамі выслужыцца, даказаць уладзе сваю лаяльнасць. За прыкладамі далёка хадзіць не трэба, штодзённа адкрытае халуйства бачна ў афіцыйных СМІ. Тут дарэчы сказаць, што гэта ўласная ініцыятыва, да такога непрыстойнага, агіднага лізання іх ніхто не змушае.

Акрамя таго, аўтарытарныя рэжымы выпіхваюць самых смелых, актыўных і ініцыятыўных грамадзян за мяжу. Гэта тычыцца не толькі палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, але і прадпрымальнікаў. Канадскі пісьменнік Ян Мартэл у кнізе «Жыццё Пі» (Букераўская прэмія 2002 года за лепшы раман) падкрэслівае: «Людзі пераязджаюць у чужыя краі, калі трывога выматае іх канчаткова. Калі не могуць болей трываць гэтае прыгнятаючае адчуванне: колькі ні ўкалвай, а ўсе твае намаганні раней або пазней пойдуць прахам і ўсё, што ты збіраў па крупінках доўгія гады, хто-небудзь знішчыць у адно імгненне. Калі разумеюць, што ў іх няма будучыні, што самі-то яны яшчэ як-небудзь пераб’юцца, але дзеці іхнія ўжо асуджаны. Калі адчуваюць, што тут ужо нічога не зменіцца, што шчасце і дабрабыт магчымыя дзе заўгодна, але толькі не тут».

Асабіста я ведаю дзясяткі людзей, якія былі ў стане, апісаным раманістам, якія са шкадаваннем, але пакінулі аўтарытарную Беларусь. Яны цяпер аддаюць свой розум і талент іншым краінам, бо там прадпрымальных людзей цэняць, ствараюць для іх умовы і падтрымліваюць належным чынам.

Апошнім часам у беларускіх і расійскіх СМІ ідзе палеміка: каму аддаць пальму першынства ў прымяненні кропкавага гвалту — Мінску або Маскве? Як бы ні было, а абодва рэжымы гэтым метадам зачысцілі свае грамадствы да стану палітычнай пустыні. Дэмакратычных сіл, якія могуць супрацьстаяць аўтарытарызму, амаль не засталося.

Але былы намеснік прэм’ер-міністра Расійскай Федэрацыі А. Кох нядаўна заўважыў: «Нынешний российский режим, который использует точечное насилие и поддерживает свою авторитарную сущность за счет социального контракта с населением, устойчив до тех пор, пока у него есть деньги».

Калі грошы заканчваюцца, адразу зніжаецца агульны дабрабыт і лаяльнасць грамадзян да ўлады катастрафічна падае. У такім выпадку рэжымам не застаецца нічога іншага, як толькі мацней «закручваць гайкі». Пераход ад кропкавага да татальнага, аб’ёмнага гвалту можа адбыцца хутка. А гэта, як вядома, абавязкова прывядзе да сацыяльнага і палітычнага выбуху…

Міжнародныя аналітыкі залічваюць расійскі кіруючы клан да тых, «которым деньги достаются даром: не от труда народного, а от природного ресурса. Население таким режимам только мешает». Сапраўды, ім патрэбны тыя, хто абслугоўвае газавыя і нафтавыя трубы. Астатнія людзі, паводле іх меркаванняў, — баласт, які трэба карміць. Па ўсіх паказчыках эканамічны падмурак у суседкі надта хісткі, а ў Беларусі, якая татальна залежыць ад яе, тым больш.

Не лепшым чынам складваецца і палітычная сітуацыя. Кіраўнікі Беларусі і Расіі вельмі сумуюць па СССР, што пацвердзілі іхнія нядаўнія публічныя выступленні. Як гэта можна зразумець? Выснова вымалёўваецца бязрадасная — лідары да гэтага часу не ўсвядомілі таго, якія грамадствы і дзяржавы яны будуюць, куды вядуць народы. Відаць, суверэннае жыццё стала для іх непасільнай ношаю. Дык ці не варта тады адмовіцца ад высокіх пасадаў і пайсці на спакойную пенсію? Хай далей кіруюць людзі маладзейшыя па ўзросце, больш адукаваныя, моцныя духам, зараджаныя гістарычным аптымізмам! Навошта пустая трата часу, надоўга зацягнутае, безвыніковае «целяпанне»?

Але чакаць дабраахвотнага сыходу ўзурпатараў з тронаў не выпадае, бо яны пастаянна паказваюць грамадзянам, што ўчапіліся за ўладу намёртва, што ніякія ўгаворы або праклёны на іх не дзейнічаюць. Аўтарытарныя рэжымы Беларусі і Расіі цвёрда трымаюць курс на поўны развал прававых узаемаадносін, сумленнасці, прыстойнасці, маральных нормаў. Кропкавы гвалт у спалучэнні з хранічным і цынічным невыкананнем законаў пакуль што дае ім патрэбны вынік.

Методыка кропкавага гвалту падобная на стылістыку гібрыдных войнаў і практыку міжнароднага тэрарызму. Змагацца з ім цяжка і няўдзячна. Толькі выкрыта адна подласць, як улада імгненна падсоўвае новую. Але іншай долі нам не дадзена, адступаць няма куды. За намі — Беларусь, якая павінна стаць дэмакратычнай, годнай, усім светам паважанай краінай.

P.S. Што такое кропкавы гвалт — ведаю асабіста. Рэжым з 2002 па 2006 гг. год пазбавіў мяне ўсіх магчымых сродкаў для існавання.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Мова і праўда

Бяруць звышнахабствам

Сяргей Законнiкаў: «Мы маем цудоўную, разнастайную па прыродзе, вялікую краіну. Так-так, вялікую!»

Вершы пішуцца так, як расце трава

Добавить комментарий