Курсы валют

Доллар США
1.8763
Евро
Российский рубль

Погода

0..2 °C

Пункт гледжання

Ахвяры падмены

Zakonnikov

Падмена, пра якую пойдзе гаворка, адбылася ў 90-х гадах ХХ стагоддзя. Прэзідэнцкая рэспубліка на нашых вачах імкліва спаўзла да дыктатуры. Ёсць палітолагі, што спрабуюць аспрэчыць гэты факт, прыводзячы вызначальныя асаблівасці такога праўлення, якіх у беларускім варыянце нібыта яшчэ няма. Але канкрэтыка рэчаіснасці ўшчэнт разбівае тэарэтычную дэмагогію. 

Сучасны свет змяніўся карэнным чынам, працэсы, што віруюць у любой сферы жыццядзейнасці чалавецтва, нельга параўнаць з тымі, якія адбываліся параўнаўча нядаўна. Дыктатару неабавязкова насіць ваенны мундзір, мець кабуру з пісталетам на поясе, аддаваць каманды забіваць іншадумцаў тысячамі на стадыёнах. Удушэнне свабод і доўгае ўласнае «цараванне» можна вынікова ажыццяўляць іншымі метадамі і спосабамі, прыбягаючы да ліквідацыі канкурэнтаў і апанентаў толькі ў крайнім выпадку і скрытна. У палітычным жыцці знайшлі прымяненне класічныя метады спецслужбаў, што выразна выяўляецца ў паводзінах «харызматычных» правіцеляў Беларусі і Расіі.

Узурпатары ўлады ў абедзвюх краінах працуюць «пад прыкрыццём», бо, як і на дэмакратычным Захадзе, тут праводзяцца выбары і рэферэндумы, фармальна ёсць парламенты, суды, СМІ. Але ці адбываецца рэальнае волевыяўленне народа і ці адпавядаюць сваёй ролі інстытуты, якія павінны служыць грамадству? Не, усё падменена! Прэзідэнт, выканаўчая ўлада практычна цалкам фарміруюць заканадаўчыя, судовыя органы, СМІ і кантралюць іх. Але навошта парламент, калі пераважная большасць праектаў законаў рыхтуецца не ім, а супрацоўнікамі адміністрацыі прэзідэнта і ўрадам, калі грамадства кіруецца не законамі, а ўказамі і дэкрэтамі правіцеля? Навошта псеўдасуды, дзе галоўныя сведкі — хлуслівыя міліцыянеры, дзе сілавікі могуць публічна збіваць журналістаў, дзе прыцягваюць да адказнасці за нецэнзурную лаянку нямога чалавека?

Асабліва кідаецца ў вочы падмена ў дзяржаўных СМІ — замест праўдзівага інфармавання чытачоў і гледачоў навязваецца ідэалагічны эрзац, паказ унутраных і міжнародных падзей у выгадным для ўлады святле. Гэта і ёсць прапаганда. Але з яе дапамогай немагчыма прышчапіць чалавеку нічога станоўчага — працавітасці, міласэрнасці, павагі да іншых людзей, любові да Айчыны.

Многія прадстаўнікі еўрапейскага і амерыканскага чыноўніцтва згадзіліся з маштабнай, татальнай падменай і закрылі вочы на злачынствы беларускага рэжыму, пачынаючы з нераскрытых знікненняў, забойстваў палітыкаў і журналістаў. З тымі, каму нельга падаваць рукі, вядуцца прыхаваныя і адкрытыя дыпламатычныя, эканамічныя, гандлёвыя гешэфты. Грошы, якія дае Захад на нібыта дабрачынныя мэты, на праекты ў галіне навукі, асветы, культуры, не дапамагаюць выхаванню дэмакратычных памкненняў, а толькі ўмацоўваюць аўтарытарызм, прыгнёт і замбіраванне народа. Свежы прыклад — перамовы кіраўнікоў БРСМ з Еўразвязам наконт прыцягнення сродкаў на будаўніцтва ў Брэсцкай крэпасці «молодежного патриотического центра». Такім чынам «дэмакратызатары» неўзабаве могуць дайсці і да падтрымкі «Линии Сталина».

Для мяне ўсё, што адбылося пасля 1994 года, —несапраўднае, неістотнае, бо яго давядзецца перарабляць. Маю на ўвазе не будынкі, якія застануцца помнікамі антынацыянальнага дыктатарскага бясчасся і безгустоўшчыны, а саму сістэму.

Усюды, пачынаючы са школьных, універсітэцкіх падручнікаў па гісторыі Беларусі і свету і да пратаколаў падліку галасоў на выбарах, павінна быць праўда, а не хлусня, якая выгадна ўладзе. Рэжымы мяняюцца, а жыццёвая ісціна павінна заставацца нязменнай…

Усе мы — не толькі ахвяры, але і стваральнікі падмены. У звязку з гэтым згадваюцца словы вязняў сталінскіх і гітлераўскіх канцлагераў пра хлеб, пра тое, як ім хацелася з’есці лусту, якая смачна пахне, выклікае ў памяці шчодрасць лета, раздолле сонечных палёў, дзе хіляцца долу важкія каласы. За калючым дротам іх кармілі не хлебам, а пустым эрзацам. А было і так, што савецкія ваеннапалонныя елі траву, кару дрэў і нават зямлю. Але ж гэта канцлагеры! Там не было абсалютна ніякай свабоды выбару і дзеяння… А цяпер? Мы не за калючым дротам, над намі не занесена каса смерці, мы не ізаляваныя ад інфармацыі, вандруем, бачым дабрабыт развітых краін. Што нам перашкаджае жыць свабодна і заможна, без хлусні, без халуйства і рабства?

Выходзіць, што «падмянілі» нас, ад нараджэння свабодных, сумленных і вольных у сваім выбары. Гэта самая небяспечная падмена, якая заганяе беларусаў у ганебны тупік! Любая дыктатура, «мяккая» яна або «жорсткая», прыводзіць грамадства да дэградацыі. Рэжым, які правіць у Беларусі 22 гады, закрануў ажно тры пакаленні. На савецкую «пераможную» міфалогію, якая не выветрылася з душаў, легла новае замбіраванне «квітнеючай краінай».

А ў гэты час у Баранавічах на заводах, дзе цэхі не ацяпляюцца належным чынам, рабочыя стаяць ля станкоў у валёнках. Увогуле, улада цынічна і беспардонна абыходзіцца з насельніцтвам. Напрыклад, раней павышэнне аплаты жыллёва-камунальных паслуг праводзілі звычайна ў летнія месяцы, калі людзі не так востра перажываюць камунальны замах на іх кішэні, да таго ж занятыя іншымі клопатамі. А цяпер чыноўнікі не баяцца гэта рабіць у пік ацяпляльнага сезону. Маўчаць, з’ядаюць, дык чаго з імі цырымоніцца!

У нашай краіне маецца занадта шмат людзей, якія жывуць толькі адным днём, задаволены прымітыўным, біялагічным існаваннем, лічаць, што ёсць кавалак хлеба і нешта да яго — ну і ладна! Яны не заклапочаны ўласнай і дзяржаўнай устойлівасцю ў жорсткім, прагматычным свеце, не думаюць пра тое, што будзе далей з дзецьмі, унукамі, праўнукамі, з краінай, увогуле з беларусамі як нацыяй. Эгаізм абыякавых люмпенаў яшчэ больш страшны, чым сябелюбства і сквапнасць подлых карупцыянераў, жулікаў, махляроў высокага рангу. Проста бяздумных болей, і таму ўлада іхнімі рукамі душыць разумны сэнс на выбарах і рэферэндумах…

Я люблю і цаню дадзены кожнаму беларусу з моманту нараджэння шчодры дар — прастор разнастайнай сваімі выявамі зямлі пад абсягам вечнага неба, багатую матэрыяльную і духоўную спадчыну. Добра разумею, што ўсё гэта нельга ўспрымаць як здабычу і спажыву. Не знішчаць да нуля набытае, а памнажаць яго — такі пакінулі запавет і вызначылі дакладны курс мудрыя продкі.

Сціснуты рэчаіснасцю, у якой пануюць нахабныя злодзеі і амаральныя мярзотнікі, я адчуваю сябе не грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, а вязнем канцлагера. Гэта тычыцца не толькі знішчэння гістарычных цэнтраў гарадоў, забруджвання лясоў, рэк і азёраў, узвядзення ў цудоўным кутку роднага краю энергетычнага атамнага монстра, раскрадання і марнавання дзяржаўнага бюджэту, але ў першую чаргу грэблівага стаўлення да роднай мовы і культуры, разбурэння народных традыцый, звычаяў, маральнай атмасферы ў грамадстве. Абыякава жыць пад дыктоўку нялюдскай улады нельга, у такім выпадку ты сам становішся амаральнай пачварай, а ў дачыненні да нашчадкаў — злачынцам…

З нязгаснай надзеяй на ліквідацыю подлай падмены, на адраджэнне праўды і справядлівасці ва ўсім беларускім жыцці сардэчна віншую чытачоў газеты з Калядамі і Новым годам, жадаю ўдачы і светлага настрою!

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Вочы Максіма

Пластылінавы народ

Кішэнная ўлада

Язда без тармазоў

Loading...

Добавить комментарий