Курсы валют

Доллар США
1.955
Евро
Российский рубль

Погода

0..2 °C

Пункт гледжання

Адкуль такая «любоў»?

Zakonnikov

Мы жывем у эпоху татальнай карупцыі, маштабных крадзяжоў, якімі вызначаюцца прадстаўнікі ўлады амаль ва ўсіх краінах. Але лідарамі ў ганебным працэсе выступаюць аўтарытарныя рэжымы, нягледзячы на іх клятвы «наводзіць парадак», «закручваць гайкі жалезнай рукой».

Атмасфера агрэсіўнай, беспакаранай амаральнасці, якую стварыў у свеце палітычны і эканамічны істэблішмент, стала настолькі звыклай, што на яе ніхто не звяртае ўвагі. Думаю, што гэта вялікая памылка, бо калі так легкадумна ставіцца да росту злачыннасці, да парушэння маральных нормаў з боку вярхоў і не пратэставаць, не ставіць на месца ўладных нахабаў, то чалавецтва скоціцца ў прорву хаосу.

Незаконнае абагачэнне, растранжырванне дзяржаўных бюджэтаў, цынічная разбэшчанасць у паводзінах — такі прыклад звычайным грамадзянам паказваюць людзі, якія знаходзяцца на важных пасадах. Гэты вэрхал начальніцкай амаральнасці абрастае плёткамі, выклікае ў пэўных, маральна няўстойлівых індывідаў жаданне ісці следам. Непрыкметна ўсёдазволенасць становіцца для значнай масы людзей правілам жыцця.

Нездарма пры нядаўнім сацыялагічным апытанні грамадзяне пяці постсавецкіх краін адказалі, што паняцце «ўлада» асацыіруецца ў іх са словам «грошы». На другім месцы слова «сіла» і толькі на трэцім — «адказнасць».

Амаральнасць накладае адбітак і на міжнародныя стасункі. Цяпер не дэмакратычны свет станоўча ўплывае на аўтарытарныя рэжымы, а яны, карыстаючыся эканамічнымі і гандлёвымі сувязямі, падтасоўваюць складаную сітуацыю ў свеце пад уласныя патрэбы, за кошт развітых краін забяспечваюць сваё бязбеднае існаванне, заціскаюць у кулак гвалту прыгнечаныя народы.

Сітуацыя, якая склалася вакол Беларусі, паказвае, што ніколі доўгачасовае лавіраванне, заблытанасць у стаўленні да яўнага зла не нараджаюць адэкватных, патрэбных дзеянняў. Замест асуджэння і выкарчоўвання аўтарытарнага цемрашальства, яму паслужліва ставяцца падпоркі. Сюррэалістычная «любоў» да тутэйшага рэжыму падзяляецца на ўнутраную і знешнюю. Гэтыя дзве плыні не маюць падабенства і не перасякаюцца.

За амаль 23 гады ўнутраная «любоў», калі постсавецкія беларусы глядзелі ў рот «своему парню», папулісту, пастаянна верылі ягонай дэмагогіі, нарэшце сканала. Народ убачыў, што жыццёвы дабрабыт не паляпшаецца, а пагаршаецца, што аўтарытарная ўлада наскрозь прагніла і трымаецца толькі на амапаўскіх дубінках, таму выходзіць на вуліцы і плошчы, масава пратэстуе.

На Захадзе разумеюць, што адбываецца ў Беларусі. Але, на жаль, бюракраты ўсюды аднолькавыя, бо не любяць сур’ёзна працаваць, а выбіраюць самы лёгкі шлях. Развіццю дэмакратызацыі ў нашай краіне заходнія чыноўнікі толкам не дапамагаюць. Безумоўна, у рознай форме яны спрыялі сталенню грамадзянскай супольнасці, але іхняя падтрымка не мае стратэгічнага планавання, выдзяляецца хаатычна і, бывае, не тым, каму трэба. Часам сродкі трапляюць і ў рукі праўладных асобаў. Усё гэта — адна з прычын маруднасці росту дэмакратычных сіл. Затое фінансавая падтрымка Захадам афіцыйнага Мінска застаецца значнай і пастаяннай, нават наладжана спаборніцтва з Расіяй — хто каго ў шчодрасці пераплюне?

Дэмакратызатары знялі свае справядлівыя санкцыі, заняліся маштабным улагоджваннем і кансервацыяй адыёзнага рэжыму, каб наладзіць на сваіх межах часовую «стабільнасць». Аказваецца, Еўразвяз так баіцца Расіі, што гатовы зрабіць з Беларусі буферную зону, дзеля ўласнага дабрабыту і спакою пакінуць 9 мільёнаў чалавек у аўтарытарным «канцлагеры». Заходнія візіцёры проста мільгацяць у нашых вачах. Бесперапынна праводзяцца форумы, канферэнцыі, семінары, сустрэчы і г.д., нібыта тут мёдам намазана.

Дайшло да таго, што 5—7 ліпеня ў Мінску адбудзецца чарговая сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Засядаць еўрапейцы будуць побач з турмамі, у якіх сядзяць палітвязні, іншадумцы, што зняволены за пратэст супраць аўтарытарызму. Нічога не скажаш, арыгінальны падыход да праблем дэмакратызацыі Беларусі! З гэтай прычыны і ўзнікаюць пытанні: адкуль выцякае такая дзіўная «любоў», ці няма тут персанальнай матэрыяльнай зацікаўленасці канкрэтных чыноўнікаў?

Улічваючы сітуацыю, народ на мітынгах выказвае ініцыятыву — праверыць дзейнасць чыноўнікаў, якая тычыцца выкарыстання бюджэтных грошай і замежных пазык, разгледзець факты крадзяжоў і карупцыі. Прапануецца стварыць камісіі з удзелам грамадскасці і правесці дзве маштабных інвентарызацыі. Першая — высветліць, як адбывалася абагачэнне чыноўніцкіх вярхоў, дэпутатаў і сілавікоў, пакуль задураны народ «любіў уладу», выявіць «шчасліўчыкаў», якія, маючы не надта вялікую, «тутэйшую» зарплату, пабудавалі палацы, набылі нерухомасць за мяжой, валодаюць саліднымі банкаўскімі рахункамі і акцыямі. Злодзеі павінны быць пакараны. Калі гэтага не зрабіць, то татальны крадзеж ніколі не спыніцца.

Другая камісія павінна разабрацца: на што канкрэтна была выкарыстана замежная «любоў» — кожная пазыка і дапамога. Тады можна сур’ёзна ацэньваць сапраўдную эфектыўнасць працы кіраўніцтва краіны.

Пра такі спосаб дамагчыся яснасці я казаў даўно. Разумею, што народныя прапановы выклічуць злосць і нянавісць апалагетаў рэжыму. Да іх скептычна могуць паставіцца і еўрапейцы: што з воза ўпала, тое прапала! Але інвентарызацыі пацвердзілі б непрыемную праўду — узурпатару ўлады і яго памагатым Еўропа з яе дэмакратычнымі каштоўнасцямі абсалютна не патрэбна. Яны хочуць мець рынак, інвестыцыі, пазыкі, і не больш таго.

Захад чамусьці не верыць народу, які ў адрозненне ад рэжыму арыентуецца ў сітуацыі правільна. Як можна не заўважаць нашую яўную еўрапейскасць, якая складвалася стагоддзямі і выразна выдзялялася на фоне пэўнай азіятчыны, навязанай Беларусі за час існавання СССР? Мы — яшчэ большая не-Расія, чым Украіна, што высвеціў сябра беларусаў, былы амбасадар Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Р. Бязсмертны: «Народныя пратэсты паказалі, што беларусы хочуць быць еўрапейцамі, а іх гвалтоўна вяртаюць у «русский мир». /…/ Таксама хачу сказаць, што ў беларускай сітуацыі надзвычай важна даносіць да людзей альтэрнатыўную інфармацыю. Я быў у вашай краіне і ведаю: тое, што транслюецца са «скрыні» 24 гадзіны ў суткі, проста можа давесці да шаленства. Слухаць паранаідальнае пракрамлёўскае вяшчанне афіцыйных СМІ практычна немагчыма, гэта пярэчыць нармальнай чалавечай сутнасці. Як можна наогул дазваляць выліваць увесь гэты ідыятызм на галаву нармальнаму звычайнаму беларусу, які хоча быць еўрапейцам? Гэта я кажу як чалавек, які перакананы, што беларус па сваёй сутнасці — у значна большай ступені еўрапеец, чым украінец. Неабходна зрабіць усё, каб спыніць гэтую прапаганду».

Беларусь сапраўды еўрапейская краіна. Яе нельга трымаць у хлусні, у цісках аўтарытарызму!

Не выключана, што Захад, змагаючыся за «стабільнасць» на сваіх межах, забеспячэнне якой ён давярае аўтакратам і ім актыўна пасабляе, можа дачакацца сітуацыі сацыяльнага выбуху.

Прырода аўтарытарызму не мяняецца. Бунт народа пры такой уладзе непазбежны, але калі ён прыходзіць яшчэ і са спазненнем, то бывае больш небяспечным для ўсіх — крывавым і разбуральным.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Не той народ

Сцяг жыцця

Вайна супраць народа

Глядзець наперад

Loading...

Добавить комментарий