Курсы валют

Доллар США
2.0511
Евро
Российский рубль

Погода

9..11 °C

Пункт гледжання

Дар валанцёраў

Zakonnikov

З 21 па 24 чэрвеня 2017 года ў Мінску адбылося святкаванне 25-й гадавіны пачатку працы ў Беларусі нямецкай грамадскай арганізацыі «Aktion Suhnezeichen Friedensdienste /Акцыя пакаяння — служба справе міру/ (АSF)». Яно прайшло амаль незаўважаным дзяржаўнымі СМІ, аднак падзея безумоўна заслугоўвае нашай увагі.

На святочным прыёме амбасады ФРГ ў Беларусі намесніца кіраўніка місіі Аня Лютэр звярнулася да службоўцаў з ASF, гасцей з Украіны і Расіі, прадстаўнікоў мясцовых грамадскіх арганізацый, якія супрацоўнічаюць з Акцыяй, валанцёраў, сённяшніх і тых, што ў розныя гады працавалі ў нашай краіне, з пранікнёным і мудрым словам. Яна падкрэсліла, што высакародная дзейнасць валанцёраў і розных дабрачынных арганізацый, усё, што зроблена за 25 гадоў дзеля прымірэння і ўзаемаразумення паміж нямецкім і беларускім народамі, маральна дазваляе правесці прыём якраз у чэрвеньскі трагічны дзень, калі Гітлер у 1941 годзе распачаў супраць СССР вайну на знішчэнне.

Дабрачыннасць, валанцёрскі рух — гэта яскравая прыкмета дэмакратычных краін. У ЗША, якія стаяць на першым месцы ў названай галіне грамадскага жыцця, 88% сем’яў ахвяруюць грошы на дабрачыннасць. Напрыклад, у 2011 годзе амерыканцы сабралі 298,3 (!) мільярда долараў, 73% сумы — ад прыватных асобаў, астатняе — унёсак фондаў. Грамадзяне любых палітычных перакананняў, нацыянальнасцяў актыўна ўдзельнічаюць і ў валанцёрскім руху.

Хачу сказаць, што Германія мае не менш выдатны вопыт у гэтай высакароднай справе.

Чым канкрэтна займаюцца нямецкія валанцёры ў Беларусі? Яны працуюць у Цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, дзе лечацца дзеці з рэгіёнаў з высокім узроўнем чарнобыльскага радыяцыйнага забруджвання. Валанцёры дапамагаюць супрацоўнікам даглядаць малых, забаўляюцца з імі, разам чытаюць кнігі, майструюць цацкі. А яшчэ яны супрацоўнічаюць з грамадскім аб’яднаннем «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам», з Дзіцячым домам-інтэрнатам для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія ставяць мэтай сацыяльную інтэграцыю людзей з абмежаванымі магчымасцямі і паўсядзённую падтрымку іх сем’яў. Моладзь клапоціцца пра хворых, пажылых людзей, арганізоўвае для іх розныя мерапрыемствы, дапамагае ў быце. Акрамя таго, разам з міжнародным грамадскім аб’яднаннем «Узаемаразуменне» валанцёры займаюцца гістарычнай адукацыяй і практычна дапамагаюць людзям, якія пацярпелі ад нацыянал-сацыялізму. Імі вядуцца даследаванні па гісторыі Мінскага гета, аднаго з самых вялікіх на тэрыторыі СССР.

Мяркую, што будзе правільным даць слова самім віноўнікам урачыстасці. Уражаннямі дзеліцца валанцёр 2013—2014 года Лаура Кадэн: «Год назад гісторыя была для мяне нечым вельмі далёкім. Месца гісторыі было ў школе, у музеі і кнігах, але не ў маім жыцці. Сёння тыя нешматлікія людзі, якім пашчасціла перажыць нацыянал-сацыялізм, самыя важныя і дарагія для мяне. Кожны дзень я сутыкаюся з гісторыяй разбуральнай вайны і Халакоста і гэта частка майго паўсядзённага жыцця, а не толькі заняткаў у школе. Момант, калі былы вязень Асвенцыма развітваючыся са мной, падзякаваў за праведзены разам час і за сумесныя спевы, мне здаецца, назаўжды застанецца ў маёй памяці».

Каця Вегнер, удзельніца летняга лагера ў Мінску ў 2015 годзе, сказала: «Другая сусветная вайна, пакуты і злачынствы, якія адбываліся ў той час, сёння вельмі далёкія ад мяне, абстрактныя і неспасцігальныя. У Мінску ў мяне ёсць магчымасць сустракацца з пажылымі жанчынамі, якія займаліся прымусовай працай у Германіі. І дзякуючы гэтым сустрэчам падзеі мінулага набываюць аблічча, становяцца канкрэтнай гісторыяй. Гэта дапамагае мне зразумець, што вайна і сёння ўплывае на жыццё людзей, а значыць, тычыцца і мяне таксама».

Мае ўласныя дачыненні да ASF пачаліся яшчэ ў 1988 годзе, калі ў складзе савецкай дэлегацыі з міратворчай місіяй я наведаў ФРГ і скарыстаў паездку для наладжвання кантактаў з грамадскімі арганізацыямі, якія мелі рэальную магчымасць дапамагчы Беларусі ў вырашэнні чарнобыльскіх праблем: лячэння і аздараўлення хворых дзяцей, набыцця патрэбнага медыцынскага абсталявання, лекаў, вітамінаў. З таго часу з удзячнасцю сачу за яе дзейнасцю, сустракаюся з валанцёрамі, з удзельнікамі адукацыйных і азнаямляльных паездак.

Маючы сямейны вопыт доўгага догляду ляжачага старога чалавека, я магу ацаніць няпростую працу валанцёраў. Маладыя дзяўчаты і юнакі з Германіі маглі б аддаць свой час на іншыя мэты: хадзіць на спатканні, весяліцца на моладзевых тусоўках, глядзець спектаклі ў тэатры, наведваць мастацкія галерэі і музеі, сядзець за кнігамі ў бібліятэцы. Але яны без аніякага прымусу выбіраюць складаную дзейнасць у краіне з чужымі менталітэтам, мовай, звычаямі. Наогул, не кожны з людзей здатны да такой ступені суперажываць іншым, каб клапатліва даглядаць інваліда, цяжкахворага або састарэлага чалавека. А яны робяць гэта шчыра, з насцеж адкрытым сэрцам.

На святкаванні нямецкія сябры ўспомнілі добрым словам змагара з фашызмам, франтавіка, народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, які на працягу многіх гадоў супрацоўнічаў з ASF, сустракаўся з яе актывістамі дома і ў Германіі. Ён пачаў кантактаваць з імі яшчэ тады, калі «савецкія людзі і асабліва чынавенства глядзелі на немцаў як на нядаўніх фашыстаў, некаторыя з навукоўцаў Акадэміі навук у час візіту чужынцаў запіраліся ў туалеце, — каб не спаткацца». А сам Быкаў сказаў на першай сустрэчы: «Я сапраўды вораг варожасці, значыць, прыхільнік міру і дружбы з усімі народамі, у тым ліку і з нямецкім»…

Кожная ўлада пастаянна агучвае тэзіс пра неабходнасць актыўнай жыццёвай пазіцыі грамадзян. Аўтарытарны рэжым Беларусі — не выключэнне. Але ў нашым выпадку трыбунная рыторыка застаецца пустой балбатнёй, бо аўтакрат сапраўды не любіць актыўных людзей, якія яднаюцца. Любая новая грамадская арганізацыя, акрамя зверху зацверджаных, падкантрольных ідэолагам і КДБ, выклікае падазрэнне. Правіцелю, зацыкленаму на ўладзе, пастаянна здаецца, што ўсе навокал толькі і заняты распрацоўкай планаў, як бы скінуць яго з трона. Такі настрой падаграваюць і спецслужбы, якім трэба апраўдваць сваё існаванне.

Дарэчы, аўтакраты заўсёды абыякава і скептычна ставяцца да дабрачыннасці, да валанцёрскага руху. Яны любяць толькі «прыкладное супрацоўніцтва» (А. Лукашэнка) — любую халяву, матэрыяльныя рэсурсы, «жывыя грошы», за якія можна і далей забяспечваць навейшымі тэхнічнымі сродкамі, выдатна экіпіраваць сілавыя структуры, умацоўваць сваю ўладу.

У той час, калі аўтарытарны рэжым транжырыць бюджэтныя сродкі і пазыкі на пампезныя рэзідэнцыі, на бясконцыя ваенныя вучэнні, манеўры і парады, на новую зброю, на лядовыя палацы і іх затратную эксплуатацыю, нямецкая моладзь дапамагае лячыць і даглядаць нашых хворых дзяцей, інвалідаў, старых, аддае ім часцінку свайго сэрца.

Дар валанцёраў нельга ацаніць грашыма. Ён мае шмат сэнсаў. Акрамя сродкаў, лекаў і падарункаў, якія нямецкія дзяўчаты і юнакі прывозяць, ёсць нешта іншае — гэта і гаючая ўсмешка, і сяброўскі жэст, і ласкавыя абдымкі, і душэўнае слова, якое нараджае надзею.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Крах «візажыстаў»

Загуляліся

Быль пра трусы

Жалеза саржавела

Добавить комментарий