Курсы валют

Доллар США
2.0511
Евро
Российский рубль

Погода

9..11 °C

Пункт гледжання

Ці патрэбна праўда?

Zakonnikov

Безліч разоў чытаю і чую такое: вашы роздумы кранаюць душу, прымушаюць працаваць розум, але цяжка прымаць крытыку, можа, яе замнога? Адказваю: праўды патрабуе само жыццё, якое задыхаецца пад уціскам уладнай хлусні, агрэсіўнасці, маральнай разбэшчанасці.

Вытворчасцю маны, якая з эпізодаў вырастае ў маштабную плынь і захліствае грамадства, займаюцца ў Беларусі многія адказныя асобы — ад прэзідэнта да супрацоўніка ЖКГ. Гэтае сцвярджэнне не галаслоўнае, яно грунтуецца толькі на фактах, якія мелі месца і занатаваны. Доступ да іх адкрыты ў інтэрнэце, у незалежных і нават дзяржаўных СМІ. На жаль, частка насельніцтва прывыкла, што ўлада пастаянна хлусіць, і ставіцца да гэтага абыякава: неяк пражывем і з махлярамі!

Але пэўная рэакцыя на хлусню ўсё роўна ёсць. Горыч і адчай выклікалі ў многіх беларусаў і расіян апошнія маштабныя тэлевыхады двух кіраўнікоў. У Беларусі «Большой разговор с президентом» цягнуўся аж 7 гадзін 20 хвілін, а У. Пуцін на «Прямой линии» задаволіўся чатырма гадзінамі. Закранаю Расію толькі таму, што яна ўплывае на наша грамадства ў палітычным, эканамічным, культурным плане, што, хоць і на паперы, але існуе «саюзная дзяржава».

Якую ж праўду прынеслі нам доўгія размовы? Найперш тое, што змен у вырашэнні важнейшых задач народнага жыцця ні ў Беларусі, ні ў Расіі не будзе. Кіраўнікам няма калі імі займацца, энергія ідзе на піярную мітусню, на ўтрыманне ўлады. Прытым, нягледзячы на рэгулярныя «царскія ваяжы» па рэгіёнах, у ходзе падрыхтоўкі да якіх мясцовыя падхалімы загадваюць малярам фарбаваць не толькі сцены, платы, але і дрэвы, траву, выявілася, што прэзідэнтам невядома жыццё людзей. Яны вельмі прыблізна арыентуюцца ў бытавых праблемах, якія даводзіцца з цяжкасцю агорваць многім сем’ям.

Частка беларусаў і расіян не проста існуе ў беднасці, калі лічыцца кожны рубель, але і мае жахлівыя жыллёвыя ўмовы. Асабліва гэта тычыцца расійскай глыбінкі. Паўсюль — аварыйны стан будынкаў, цесната, антысанітарыя. Праблемы з жыллём не вырашаны і ў многіх грамадзян Беларусі.

Прадстаўнікі ўладных кланаў такіх клопатаў не маюць, да іх паслуг — і лепшыя зямельныя ўчасткі для будаўніцтва, і льготныя крэдыты, і службовыя кватэры, якія лёгка становяцца прыватнымі. А просты люд бядуе, з гэтай прычыны не выводзяцца скандалы, рушацца шлюбы. У Беларусі ўлада доўга карміла шматдзетныя сем’і абяцанкамі, а цяпер раіць і ім вырашаць жыллёвыя пытанні самастойна.

Самі «харызматычныя правадыры» Беларусі і Расіі не ведаюць памераў уласных зарплат: «Не знаю, мне приносят, я складываю, на счет отправляю». Гэта азначае, што «камунізм», у якім яны жывуць, зрабіў іх сляпымі і глухімі да народных клопатаў. Справядлівыя пытанні: «Як пражыць на пенсію не начальніка, а звычайнага працаўніка? Як купіць патрэбныя лекі хвораму чалавеку?» — выклікаюць у іх раздражнёнасць і злосць. З паблажлівага тону размовы яны адразу пераходзяць на агрэсіўны.

Правіцелі не могуць адказаць на галоўнае пытанне — чаму за кошт асноўнай масы беларусаў і расіян, у якіх няма прыстойнага жыцця, раскашуюць толькі прывілеяваныя 20—25 працэнтаў? Яны ў адказ хлусяць або мыкаюць, пераліваюць з пустога ў парожняе.

Затое ўзурпатары ўлады з імпэтам кідаюцца на абарону багатых «ударнікаў» алігархічнага капіталізму, з якімі сябруюць або проста «дояць» дзеля ўласных карыслівых мэтаў.

Пры аўтарытарызме адбыўся невераемны рост злоўжыванняў і крадзяжоў. Хто сёння ненавідзіць праўду? Найперш VIP-злачынцы, якія звычайна ратуюцца ад пакарання, ад канфіскацыі накрадзеных грошай і маёмасці. У грамадзян узнікае пытанне: хто ж ім спрыяе? Адказ просты — правіцелі, бо пры аўтарытарызме без іх нічога не рашаецца.

Клапоцяцца «правадыры» і пра сябе, пра сваіх служак. У. Пуцін стаў ініцыятарам законапраекта, які прадугледжвае засакрэчванне персанальных дадзеных людзей, што знаходзяцца пад дзяржаўнай аховай. Гэта практычна ўся вярхушка ўлады. Прытым прэзідэнт мае права пашырыць спіс, як яму захочацца. Сімптаматычна, што хаваюцца «банковские счета, сведения о недвижимости, в том числе зарубежной, и другом имуществе». У нашай краіне, наогул, нават дробнае начальства даўно схавана за шчытом недатыкальнасці. Словам, уладная «эліта» і звычайны люд у Беларусі і Расіі жывуць у розных вымярэннях.

Пакуль правяць аўтакраты, нічога не зменіцца. За кошт збяднелых падаткаплацельшчыкаў будуць падтрымлівацца жульніцкія банкі, разапселыя алігархі, стратныя прадпрыемствы. Не скончыцца начальніцкае хабарніцтва, бо паводле слоў аднаго з арыштаваных расійскіх губернатараў: «Все берут, и я буду!» Як багацелі нахабна жонкі, дзеці і ўнукі чыноўнікаў, што акупіравалі «хлебныя месцы», так гэты працэс і не спыніцца. Службоўцы прадоўжаць накрадзенае імі запісваць на бацькоў, цясцёў і свёкраў, дзядзькоў і цётак, казыраючы тым, што ў іх ніякіх рахункаў і маёмасці няма. А пародзістыя сабакі жонкі першага віцэ-прэм’ера расійскага ўраду І. Шувалава па-ранейшаму будуць лятаць на міжнародныя выставы персанальным самалётам у суправаджэнні прыслугі.

Мастацкі кіраўнік Малога тэатра, рэжысёр і артыст Ю. Саломін кажа: «Совесть, ответственность перед народом — это не пустые слова. Нужно, чтобы люди на высоких постах говорили правду, не боясь потерять свои места». Безумоўна, трэба. Але яны не гавораць!

Многія выбаршчыкі Беларусі і Расіі мяркуюць, што нельга аднаму чалавеку доўга сядзець, як сабака на сене, на «царскім табурэце» (пра гэта толькі што сказаў і сам А. Лукашэнка!). Але сядзяць! Ды не проста сядзяць, але і паблажліва павучаюць еўрапейскіх парламентарыяў, якія з разяўленым ротам замілавана слухаюць «добрага, усмешлівага» дыктатара і галасуюць пад уплывам хлуслівай дэмагогіі, што паказала сесія ПА АБСЕ ў Мінску.

Ну і што ж нам рабіць? Сумленных выбараў не будзе, а пратэсты правіцелі паабяцалі падаўляць усімі спосабамі, уключаючы армію. Што называецца — прыплылі ў Паўночную Карэю! Журналіст І. Якавенка заўважыў: «Россияне могут смеяться над собой, наблюдая на троне уныло говорящее пустое место». А беларусы?

Безумоўна, можна рагатаць над сабой, над тым, як А. Лукашэнка і У. Пуцін вынаходзяць фальшыўкі, хітрыя хады, каб захаваць уладу. Смех — гэта стымул для падтрымання аптымізму, але ён — не ратавальнік.

Трэба змагацца за вяртанне ПРАЎДЫ ў будзённае жыццё. Яе неабходна бараніць усюды: у кабінетах чыноўнікаў, у офісах, на вытворчасці, у навучальных установах, у стасунках між сабой. А найперш, нягледзячы на шалёны супраціў улады, мы павінны вярнуць праўду на выбары, якім належыць быць адкрытымі і сумленнымі.

Колькасць адданых абаронцаў праўды знізілася. Аўтарытарныя рэжымы выбіваюць іх дубінкамі, кулакамі і нагамі, судамі і штрафамі, адміністратыўным уціскам на працы, бюракратычнай цягамоцінай. Але яны ёсць. Я з павагай і братняй любоўю стаўлюся да кожнага смелага беларуса і расіяніна. Такія героі нашага часу не дазваляюць зняверыцца ў канчатковай перамозе праўды.

Праўда патрэбна не толькі асобным сумленным і прынцыповым людзям, а ўсім грамадзянам абедзвюх краін. Яна — грунт для разумных дзеянняў, без яе ні беларусы, ні расіяне не вылезуць з ліпкай твані хлусні і дурноты.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Вяртанне дабраты

Дар валанцёраў

Крах «візажыстаў»

Загуляліся

Добавить комментарий