Курсы валют

Доллар США
1.9968
Евро
Российский рубль

Погода

-1..1 °C

Пункт гледжання

Міязмы хлусні

Zakonnikov

У Беларусі за гады аўтарытарызму праўда выгнана практычна адусюль, яе месца заняла хлусня. Рэй у нягеглых выдумках вядзе правіцель. Многія людзі абураюцца або рагочуць над абсурднымі фантазіямі, ды ёсць і тыя, хто лічыць іх ісцінай. Але ўсе звыкліся з такой ганьбай, забываючыся на тое, што падмена дзяржаўнымі службоўцамі рэальнай сітуацыі цынічнай маной — гэта злачынства.

Аўтакраты і дыктатары, як паказвае гісторыя чалавецтва, заўсёды вызначаюцца нахабнай хлуслівасцю. Многія з іх такімі ўрадзіліся, а яшчэ змушае сама ўзурпацыя ўлады, якую любымі спосабамі трэба ўтрымліваць. Да гэтага штурхае і неэфектыўная эканамічная сістэма, бо яна пастаянна патрабуе прыпісак, падмарафечвання і надзімання шчок на пустым месцы.

Жыццядзейнасць краіны пры ручным аўтарытарным кіраванні падфарбоўваецца і заблытваецца так, што рэальнага становішча не ведае ніхто — ні хітры правіцель, ні чыноўніцкі клан, ні народ. Паспрабуйце атрымаць з афіцыйных крыніц аб’ектыўны досвед з выкладкамі і лічбамі па пэўнай сферы эканомікі або сацыяльнага жыцця, і вы пераканаецеся, што зрабіць гэта — немагчыма.

Жыхары краіны ўцягнуты ў бясконцую хлусню, у ненармальную ўнутраную і знешнюю палітыку, бо старэйшыя з іх пасля распаду СССР своечасова не зрабілі крытычных высноў з савецкай таталітарнай практыкі. Крывавае ХХ стагоддзе засведчыла «всю историческую неправоту и всю политическую растленность взглядов Сталина на народ и на методы управления народом» (паводле пісьменніка К. Сіманава), беларусы нахлябаліся пакутаў і гора ў ідэалагічным наркатычным падмане, пад «жалезным ботам» тырана, але яны зноў баяцца свабоды, застаюцца жыць згодна начальніцкіх каманд і ў татальнай мане.

Адзінае, што надае крыху аптымізму, дык гэта немагчымасць выдаць хлусню за праўду або схаваць яе канчаткова, бо, на наша шчасце, яна так ці інакш, але выплывае, як бруд, наверх. Так здарылася і з апошнімі заявамі правіцеля. Асабліва «шчыраваў» ён на сустрэчы з настаўнікамі — асноўнымі «памочнікамі на выбарах» і «праваднікамі яго палітыкі ў жыццё». Але многіх грамадзян насцярожыла тое, што «гераічная» біяграфія правіцеля ў «даверлівых» аповедах нечакана скацілася ад суцэльнага пазітыву да мінуса. Яго ўсе ведаюць як уладальніка некалькіх дыпломаў ВНУ, як гісторыка («выдатны даследчык Ф. Скарыны»), лектара, пагранічніка, агранома, заатэхніка, селекцыянера, эканаміста, спартсмена, юрыста, інжынера, настаўніка, баяніста, паэта… А цяпер высвятляецца — шматталентная асоба пачынала з таго, што стаяла «на ўліку ў дзіцячым пакоі міліцыі». Праўда, няясна, як у той час такая ўстанова з жанчынай-капітанам (!) з’явілася ў вясковай глухамані? Ды і што трэба было ўтварыць, каб паставілі на ўлік, бо тузанне дзяўчатак за косы падобнае не прадугледжвае. А мне цікава іншае: ці кінуцца чыноўнікі навыперадкі ўсталёўваць памятную дошку на будынку міліцыі, як у школе і радзільным доме?

Не адстае ад хаўрусніка і расійскі прэзідэнт У. Пуцін. Чарговы раз яго злавілі за руку, бо дагаварыўся: «Наших войск в Донбассе нет, но если они уйдут, то там начнется резня». Згадваецца, што і ў Крыме, як доўга сцвярджаў суседні аўтакрат, не было «зялёных чалавечкаў».

Цяжка жыць і штодзённа дыхаць міязмамі хлусні, якія паўзуць адусюль: з экрана тэлевізара, з газетных палос, з высокіх трыбун. Бацькі з маленства вучылі мяне быць праўдзівым. Ведаю, што і ў іншых сем’ях панавала такая ж атмасфера. Таму асабіста я адчуваю сябе абражаным, калі чую нахабную хлусню з вуснаў чыноўнікаў усіх рангаў і канстатую абсалютную няздольнасць грамадства спыніць яе. Аўтарытарызм загнаў народ у злосныя праклёны «пад коўдрай» або маўклівую абыякавасць. Француз Ніколас Івес з Тулузы, які наведаў нашу краіну, падзяліўся ў інтэрнэце ўражаннямі: «Вярнуўся з Беларусі. А шок так і не мінае. Добрыя дарогі, чысціня і парадак і… на гэтым станоўчае заканчваецца. З цяжкасцю знаходзіш людзей, якія ўсміхаюцца. За 15 дзён я пачуў «добры дзень!» толькі аднойчы, і гэта быў адказ на маё вітанне. Шэрая маса».

Чалавек прывыкае да любых умоў. Наш народ здаўна засведчыў, што ён цягавіты, што можа вытрымаць цяжкія нягоды. Але цяпер знакамітая беларуская цярплівасць стала бар’ерам на шляху да лепшага жыцця.

Калі спытаць у любога суайчынніка, ці падабаецца яму хлусня і ці згодны ён мірыцца з ёй, то ў адказ пачуем: «Не!» Тым не менш мільёны людзей глытаюць міязмы маны, якімі іх корміць рэжым, давяцца і не рэагуюць. Паасобку, калі самога прыпячэ, нехта яшчэ зрэдку можа паваяваць за законнасць, за справядлівасць, але разам у шматтысячнай грамадзе беларусы выступаюць за праўду нячаста і неахвотна. Якая прычына? Чаму мы не заўважаем, што сённяшняе жыццё даўно перагукваецца са змрочным сталінскім часам?

Увогуле, гісторыя чалавецтва сведчыць, што мана — гэта маці ўсіх астатніх маральных заганаў чалавека, аж да яго здольнасці забіць сабе падобнага. Усё, што адбываецца ў Беларусі, накрыта тоўстым касметычным пластам хлусні. Пасля любога злачынства прадстаўнікоў улады, замест таго каб пакараць вінаватых, пачынаецца «хаванне канцоў», бюракратычная цягамоціна, пераконванне насельніцтва, што нічога страшнага не адбылося. Спачатку і злачынцы і іхнія суддзі хлусяць, а затым ідуць у храмы пастаяць са свечкамі ў руках.

Беларусы — людзі ўнікальныя, гатовыя і надалей дзеля «парадку і стабільнасці» абмяжоўвацца сціплым дабрабытам, але нават яны не могуць трываць дэфіцыту шчырасці. У грамадстве, нягледзячы ні на што, расце попыт на праўду, справядлівасць, сумленнасць, павагу да чалавечай асобы. З гэтай прычыны рэакцыя карыстальнікаў інтэрнэта не надта паблажлівая да ўлады і яе хлусні: «Слова и поступки Лукашенко давно, очень давно не вызывают улыбку».

Ад пампезных вайсковых вучэнняў Беларусі і Расіі, якія пройдуць у верасні, таксама патыхае міязмамі хлусні, бо афіцыйным Мінску і Маскве даводзіцца фігавымі лісцінкамі старой, зацяганай дэмагогіі прыкрываць агрэсіўныя аголеныя «прычындалы». Роля «шасцёркі» ў камандзе імперыі, якая, не маючы падстаў, спрабуе супернічаць з ЗША і НАТА, гуляе ў «крутую звышдзяржаву», вядзе нашу краіну з заяўленым нейтралітэтам да катастрофы. Манія велічы на фоне эканамічнага застою, дэградацыя маральна-псіхалагічнага стану кіраўніцтва Беларусі і Расіі сведчаць, што нечаканая небяспека можа падпільноўваць нас за бліжэйшым паваротам.

У жнівеньскія гарачыя дні з калектара, які размешчаны ля ракі Свіслачы на сталічнай вуліцы Пуліхава, патыхала нечыстотамі з такой сілаю, што людзі ва ўсёй аколіцы затыкалі насы, бо дыхаць было немагчыма. Такія здарэнні наводзяць на думку, што жыццё пры аўтарытарным рэжыме, які пастаянна хлусіць, нагадвае бяздонную выграбную яму, у якой вымушаны боўтацца затурканы народ…

Жыць трэба інакш. Як бы цяжка ні было любімай мною Украіне, з якой сябрую з маладосці, але я веру ў яе перамогу. Упэўнівае адна з многіх сустрэч на слаўнай братняй зямлі. Усмешлівыя, шчырыя і мілыя жанчыны з невялічкага гарадка ў маляўнічым Закарпацці, якія на ўтульным пляцы гандлявалі вырабамі сваіх умелых рук, казалі: «Мы — свабодныя людзі! Жывецца нам пакуль цяжка, але дыхаецца — лёгка!»

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

На Піменавай лавачцы

Сінхронны здзек

«Элітнае» хамства

Амаль амнезія

Loading...

Добавить комментарий