Курсы валют

Доллар США
1.9968
Евро
Российский рубль

Погода

-1..1 °C

Пункт гледжання

Безвыніковы канвеер

Zakonnikov

Канвеер прыдатны на вытворчасці, але не ў кіраванні. У гэтым пераконваюся кожны раз, калі назіраю чарговую ратацыю кадраў у нашай краіне. Знянацку невядомыя людзі выскокваюць на важныя пасты і гэтак жа злятаюць, не пакідаючы прыкметнага следу. Што прычынаю: асабістыя якасці або аўтарытарная сістэма?

Тэму, якую выношу на абмеркаванне, заўжды абыходзяць бокам заангажаваныя, купленыя палітолагі, журналісты, не надта ахвотна да яе звяртаюцца і прадстаўнікі недзяржаўных СМІ, незалежныя эксперты. Усім не хочацца адкрыта паказваць заганнасць, поўную бесперспектыўнасць аўтарытарнага кіравання, бо такі погляд на рэчаіснасць пагражае рэпрэсіямі.

Як бы гэта трагічна ні гучала, а для новай, незалежнай Беларусі амаль чвэрць стагоддзя затрачана ўпустую: на лавіраванне паміж Расіяй і Захадам, на тактычнае боўтанне, на латанне бясконцых дзірак у эканоміцы, сацыяльнай сферы, адукацыі, культуры. Пра цвёрды стратэгічны курс, скіраваны на сапраўднае нацыянальнае і дзяржаўнае стварэнне, ніхто ў кіраўніцтве не думаў і не збіраецца думаць…

Нікому не хочацца вяртацца ў мінулае, прызнаваць свае памылкі. Першыя памочнікі А. Лукашэнкі, тыя, хто ў 1994 го­дзе пераконваў выбаршчыкаў, што лепшай кандыдатуры ў прэзідэнты, як дырэктар саўгаса, у нас няма, хто завёў народ у «мяккую дыктатуру», даўно сталі «прававернымі дэмакратамі» і зноў па-ментарску павучаюць беларусаў. А былы кумір усё яшчэ сядзіць на троне, тасуе зашмальцаваную калоду самых прыбліжаных чыноўнікаў, у які ўжо раз абяцае «манну нябесную», адначасова заціскаючы фінансавую пельку на горле народа.

Страх страціць уладу, які пастаянна пераследуе правіцеля, боязь канкурэнцыі не дазволілі з першых гадоў кіравання плённа выкарыстаць творчы патэнцыял лепшых, падрыхтаваных спецыялістаў ва ўсіх галінах дзяржаўнай дзейнасці, у якіх былі свае меркаванні і напрацоўкі па ўдасканаленні палітыкі, эканомікі, навукі, адукацыі і культуры. Гэта дало б патрэбны штуршок нармальнаму развіццю грамадства і краіны. На жаль, замест ініцыятыўных, творчых людзей высокія пасады занялі паслужлівыя «дзеншчыкі», выканаўцы «царскіх» даручэнняў. Такая практыка скончылася поўнай прафанацыяй органаў кіравання, бо насельніцтва не можа лічыць аўтарытэтнымі, самадастатковымі асобамі тых, хто, палахліва ўціскаючы галаву ў плечы, старанна запісвае «каштоўныя ўказіўкі» на нарадах або пры любой нагодзе лісліва клянецца ў вернасці ўзурпатару. Але праходзіць год-два, і адданы, верны кадр за злоўжыванні, крадзеж ці карупцыю вылятае з начальніцкага крэсла як корак. Беларускія кіраўнікі канчаткова страцілі сваю чалавечую годнасць, сумленне і сорам.

У краіне знікла слова «галоснасць». А якраз дзякуючы ёй у наша жыццё прыходзілі пазітыўныя змены. Цяпер жа чыноўнікі адзіным фронтам змагаюцца з публічнасцю і адкрытасцю, усё засакрэчана. Дэкларацыі запаўняюцца імі і падаюцца толькі па патрабаванні начальнікаў. Драбнейшы карупцыянер робіць справаздачу перад больш значным, мацёрым жулікам, і так — да верху. Правіцелю такім чынам зручна трымаць пад кантролем злачынны канвеер, асаджваць следчымі ізалятарамі і турмамі тых, хто надта зарваўся, хто крадзе і злоўжывае не адпаведна чыну.

Аглядаюся ў мінулае, і прада мной праходзіць шэраг асобаў, якія займалі высокія пасады ў Беларусі і з’ехалі ў Расію. Першым быў сумна вядомы І. Ціцянкоў, які нахабна разарваў Дзяржаўны сцяг, а за ім У. Латыпаў і яшчэ сотні чалавек… Яны прамільгнулі і зніклі, не пакінулі пасля сябе нічога станоўчага.

Як бы там ні было, а ў савецкі час кіруючыя кадры запаміналіся. Адны тым, што заслужылі людскую павагу добрымі справамі, другія — шчырымі стасункамі з насельніцтвам, уменнем гаварыць з людзьмі, трэція — стылем паводзін, культурай, чацвёртыя — сваёй імпазантнай знешнасцю, пятыя — неардынарнасцю звычак. Цяпер жа чыноўнікі — проста ніякія…

На этапе прыходу ва ўладу правіцель вяшчаў народу, што ў яго сэрца баліць, слёзы набягаюць на вочы, калі бачыць даўку пры пасадцы ў гарадскі грамадскі транспарт, на рэйсавыя аўтобусы, а наменклатура раскатвае на чорных «Волгах». Яго абурала, што партыйныя бонзы лечацца ў прывілеяванай «лечкамісіі», папраўляюць здароўе ў прэстыжных санаторыях, у той час як звычайныя людзі душацца ў чэргах, наведваючы цесныя, неадрамантаваныя паліклінікі, з цяжкасцю выбіваюць пуцёўку ў танны санаторый або дом адпачынку.

Але кракадзілавыя слёзы хутка высахлі. Што мы бачым сёння? Змены ёсць. Аўтарытарная наменклатура за 23 гады пераплюнула партыйную ў шмат разоў і мае ў небагатай краіне дабрабыт па самых высокіх мерках. Яе розуму і ўмення хапіла толькі на тое, каб забяспечыць раскошнае жыццё сабе і чэлядзі, а 70% насельніцтва назаўсёды пасадзіць на мізэрную зар­плату і ўраўніцельную жабрачую пенсію.

Жыццё Беларусі, якое выстаўляецца напаказ праз урачыстыя сходы, пасяджэнні, рапарты, пераможныя рэляцыі, тэлевізійныя сюжэты, газетныя навіны, — гэта шырма, глянцавы малюнак, які не мае нічога агульнага з праўдай. Сапраўднае жыццё бурліць у засакрэчанай глыбіні. Там вядзецца няспыннае змаганне за ўладу, за яе ўтрыманне ў адных руках. У ход ідуць адміністратыўны і сілавы рэсурсы, праслухоўванне, подкуп, шантаж, паклёпы, плёткі, інтрыгі.

Калі ж гаварыць гранічна сумленна, без хітрыкаў і эківокаў пра наш агульны стан, то ў Беларусі — «пазыкі сядзяць на пазыках і пазыкамі паганяюць». Краіна з іх не вылазіць даўно, і ніякага прасвету наперадзе не відаць.

Кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Н. Качанава апошнім часам настойліва павучае чыноўнікаў: «Часцей слухайце народ». А толку? Слухаць яны слухаюць, але ці чуюць і што могуць прапанаваць людзям, акрамя абяцанак-цацанак?

Сёння ў краіне выразна высвечваецца галоўная праблема. Класік кітайскай паэзіі Сінь Ці-цзі заўважыў яе шмат стагоддзяў назад:

Дзе шукаюць выгаду
І гоняцца за славай,
Там нянавісць з варожасцю
Заўсёды жывучыя.

Ніякага «адзінства нацыі», пра якое настырна трубіць прапаганда, у Беларусі няма. Памкненні ўладнага клана і абслугі, іх жыццёвая радасць звязаны толькі з уласнымі набыткамі: прыбытковым бізнесам на чужое імя, ростам банкаўскіх рахункаў, набыццём нерухомасці (катэджы, кватэры, аўтамабілі і г.д.), уладкаваннем на «хлебныя» месцы дзяцей і ўнукаў. У кожнай начальніцкай або прыўладнай групы розныя нацэленасць і магчымасці прыхопу, але сутнасць іх адна — узяць ад пасады, ад сітуацыі, якая склалася пры аўтарытарызме, усё, што магчыма. А пасля — хай і трава не расце! Будучыня краіны ім нецікавая, бо далейшы жыццёвы шлях пралягае ў Расію, у далёкае замежжа, дзе атрымалі адукацыю і камфортна атабарыліся нашчадкі.

А большасць грамадзян, якія любяць свой край, яго прыроду, гісторыю, родную мову і культуру, якія застануцца тут, не хочуць жыць упоцемках, без перспектывы і яснай будучыні. Яны жадаюць бачыць на чале незалежнай краіны не чыноўніцкае перакаці-поле, не дачаснікаў, не сквапных злодзеяў і карупцыянераў, а руплівых гаспадароў, сумленных людзей, сапраўдных патрыётаў Беларусі.

Гэтае супярэчанне і супрацьстаянне цяпер нарастае і абавязкова скончыцца маштабнымі сацыяльнымі і палітычнымі ўзрушэннямі. 

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Пакалечаная любоў

Нерон рагоча

Унук вярнуўся з Кітая

Міязмы хлусні

Loading...

Добавить комментарий