Курсы валют

Доллар США
2.0257
Евро
Российский рубль

Погода

0..-2 °C

Пункт гледжання

Дым без агню

Zakonnikov

У маленстве ў мяне быў любімы занятак — скяпаць смалякі для распалу дроў, якімі «харчаваліся» наша печ і грубка. Паленцы часта трапляліся сыраватыя, не хацелі загарацца, дымілі. Тут на дапамогу і прыходзілі лучынкі, якія хораша пахлі жывіцай і адразу займаліся яркім полымем.

Той, хто вырас у вёсцы, памятае бласлаўлёныя зімовыя вечары, калі пасля працы і вучобы ля грубкі, яе жаданага жару, які патыхаў з расчыненых дзверцаў, збіралася ўся сямейка: маці ставіла чыгунок з бульбаю і смажыла на патэльні сала, нехта пры святле ад зыркага вуголля штосьці майстраваў або чытаў кнігу, астатнія проста грэліся, прытуліўшыся плячыма ці далонямі да цёплых цагляных бакоў.

Цудоўная ідылія згадваецца нездарма. Як бы хацелася, каб гэтак жа дружна народнай сям’ёю мы сёння ладзілі ўласнае жыццё і лёс краіны, радаваліся ўдачам, але і не баяліся праўды, якой бы горкай яна ні была, гартаваліся ў яе ачышчальным, ратавальным агні.

Пакуль што такой рабочай, стваральнай і яднаючай атмасферы ў нас няма. Дым ад мясцовай і чужой хлусні, якой запаўняецца інфармацыйная прастора Беларусі, выядае вочы, душыць гаркотаю сэрца.

Такія перадачы па АНТ, як «Время покажет», дзе расійскія псеўдаэксперты нападаюць на суседзяў, не бачачы таго, як гібее ва ўласнай глыбінцы народ, што творыцца ў саміх пад носам, выклікаюць агіду. Навошта інфармацыйная вайна імпершчыкаў беларускім тэлегледачам? Чаму яны павінны аплочваць шавіністычную лухту сваімі крэўнымі грашыма?

Не ведаю, як каму, а мне даўно стала брыдка ўключаць тэлевізар і слухаць выдумкі ведамства Г. Давыдзькі пра наша «шчаслівае, заможнае жыццё», пра «гаротніцу Украіну», якую загубіла дэмакратыя, пра драпежных замежных «ворагаў», што точаць іклы на Беларусь. Абмяжоўваюся толькі кароткім праглядам апошніх паведамленняў.

Што пазнавальнага можа даць сучаснаму адукаванаму гледачу блакітны экран, які па завязку насычаны прымітывам, гламурам і выкарыстоўваецца для прапаганды або трансляцыі серыяльнай халтуры з бандыцка-міліцэйскай тэматыкай?

Саладжавага дыму падпускаюць і замежныя купленыя эксперты, палітолагі і журналісты, якім трэба ствараць рэжыму станоўчы імідж. Яны даўно ўпісаны ў мясцовы ідэалагічны сцэнар.

Дзіўны прыйшоў час, бо індывіду, які ўлез у высокае крэсла, можна абы-што плявузгаць, несці якую захоча ахінею, і гэта праходзіць беспакарана. Ва ўсякім разе, на Захадзе хлусню кіраўніка адразу высмейваюць, ён можа нават вылецець з пасады, ды і ў нас наменклатура раней не дазваляла сабе такога цынічнага нахабства. А цяпер падман стаў нормай, спосабам маніпуляцыі настроямі насельніцтва (паведамленні пра зарплаты і пенсіі, кошты на харч, тавары, паслугі, лекі і г.д.).

Спецыяльна, каб заблытаць людзей, збіць пратэстныя хвалі, фальшыўкі запускаюцца з самага верху. Вяшчае першая асоба, як жа не паверыць ёй? А затым сказанае падхопліваюць, тыражуюць і тлумачаць «прапагандысцкая раць» і «інтэлектуалы» ў форме, якія спадцішка кантралююць не толькі стасункі апазіцыі, але і інтэрнэт, усю інфармацыйную плынь.

У СМІ на першым месцы стаяць пераможныя рапарты. Ніякай меры ў пахвальбе няма. Любое звычайнае дасягненне ўзводзіцца ў найвышэйшую ступень, «недасягальную іншымі краінамі свету». Часам гэта выклікае з’едлівую ўсмешку не толькі ў тэлегледачоў, але і ў саміх вяшчальнікаў. Словам, зарапартаваліся!

Дакладную ацэнку сітуацыі сфармуляваў вядомы расійскі журналіст У. Познер: «Я все время слышу одно, а вижу-то совсем другое».

У нашай краіне няма ўмоў для правядзення сумленных выбараў, падвяргаюцца рэпрэсіям арганізатары і ўдзельнікі пратэстных пікетаў, мітынгаў, смелыя крытыкі рэжыму. Улада трымаецца на сіле і нічога мяняць не збіраецца. Але для Захаду ўзяты курс на масіраваную псеўдаліберальную балбатню, якая павінна падабацца. Такую ўказіўку атрымалі ўсе чыноўнікі, і яны ў меру ўласнай адукаванасці і культуры праводзяць лінію «ўмаслівання» замежных патронаў, якія сталі надзейнай падпоркай для беларускага аўтарытарызму, даюць пазыкі, дзеляцца новымі тэхналогіямі, сучасным абсталяваннем, машынамі і механізмамі.

Стваральнікі наркатычнага інфармацыйнага дыму знаходзяцца ў стане двайнога жыцця. Мне давялося бачыць гэта практычна. Неяк нямецкія сябры запрасілі мяне з жонкай на Міжнародны кніжны кірмаш у Франкфурце-на-Майне. Там сустрэў цяпер ужо былую начальніцу «ад інфармацыі», праўда, тады яна ўзначальвала толькі аддзел. Чыноўніца здзівілася маёй прысутнасці на кірмашы, бо ў яе ўяўленні паэт і публіцыст, унесены рэжымам у «чорныя спісы», павінен быць невыязным. Тым не менш яна адказала на вітанне, не ўцякла ў закутак, які меўся ля беларускай кніжнай экспазіцыі. Як ветлівы чалавек, я прапанаваў выпіць па кубачку кавы. За столікам поўная ўражанняў жанчына разгаварылася, расказала, што наведала родзічаў, якія жывуць у Германіі. Пасля пералічвання багацця і захаплення выдатнымі ўмовамі жыцця радні яна прызналася: «Я ім казала, што гатова тут прыслугай працаваць!»

Якое ж было маё здзіўленне, калі, вярнуўшыся дахаты, прачытаў у газеце інтэрв’ю з чыноўніцай, дзе яна апавядала не толькі пра паездку і «вялікія поспехі беларускіх кнігавыдаўцоў», але і пра тое, як цяжка жывецца немцам, як капіталізм прыгнятае працоўнага чалавека. Якраз гэткім чынам тая, што марыла пра месца прыслугі ў Германіі, і трапіла ў вышэйшую наменклатурную «абойму». Мара беднай родзічкі збылася, бо ў нас без прыслужвання вядомай асобе не абысціся ніяк. Так і дзеліцца душа на дзве часткі: праўдзівую і хлуслівую.

Хлусня не проста абражае людзей, яна заганяе іх у рабскі стан. Ведаеш, што ўсё не так, што трэба запярэчыць, але маўчыш, бо можаш паплаціцца за праўду месцам працы, дабрабытам.

За жыццё я шмат разоў бачыў, як хлусня людзей знішчала, а праўда адраджала. Хлусня — гэта рэч часовая, яна ў канчатковым выніку абвяргаецца, а праўда — вечная. Пра гэта напамінае нам любімы народны герой Кастусь Каліноўскі: «За праўду станавіся смела».

Мой даўні нямецкі сябра Вернер Фальк, які з вялікай сімпатыяй ставіцца да беларусаў і рэгулярна дапамагае жыхарам чарнобыльскіх рэгіёнаў, не раз расказваў пра пасляваенную Германію, пра сваё маленства. Немцы перажывалі тады, як і наша насельніцтва, страшэнную нястачу, голад і холад, а ўратавала іх і вывела да заможнага дабрабыту не толькі дапамога ЗША, але найперш працоўны патрыятызм, праўда пра сапраўднае становішча краіны. Калі ў разбураных гарадах узводзілі жыллё, то слабыя жанчыны з апошніх сіл аббівалі цэглу на руінах, цягалі цяжкія насілкі, збіралі ламачча. На бясплатную працу выходзілі ўсе — ад прафесара да дворніка.

Нам сёння высільвацца не трэба, дастаткова паверыць у важнасць нацыянальнага адраджэння, вяртання роднай мовы, культуры, на сваім месцы кожнаму зрабіць усё, на што ён здольны. Такім чынам да прыстойнага жыцця прыйдзе любая сям’я і ўся краіна.

Мы многае зможам здзейсніць, калі полымя стваральнай любові да свайго роду, да любімай Беларусі паселіцца і будзе гарэць у нашых душах і сэрцах.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Безвыніковы канвеер

Пакалечаная любоў

Нерон рагоча

Унук вярнуўся з Кітая

 

Loading...

Добавить комментарий