Курсы валют

Доллар США
1.9984
Евро
Российский рубль

Погода

23..25 °C

Пункт гледжання

Маштабны землятрус

Zakonnikov

Планету калоціць у прамым і пераносным сэнсах. Не праходзіць тыдня, каб не трэскалася зямная кара, не дыбіліся цунамі, не шалелі ўраганы, не затаплівалі паводкі гарады і вёскі. Але з не меншай інтэнсіўнасцю віруе палітычнае жыццё чалавецтва. 

Беларусі — кампактнай, сярэдняй па еўрапейскіх мерках краіне, якая размешчана ў геаграфічна спакойным рэгіёне, — здавалася б, чаго непакоіцца. Прырода прыветная, разнастайная і жыццядайная — палі, лугі, гаі, дубровы, лясы, пушчы, крыніцы, рэкі, азёры, балоты. Калі б не рукатворныя беды (чарнобыльская трагедыя, наступствы маштабнай здабычы мінеральных угнаенняў у Салігорскім рэгіёне, выкіды хімічнай прамысловасці), то наогул было б выдатна. Жыві і радуйся!

Але ўсё ў свеце сёння цесна з’яднанае і настолькі дынамічнае, што сама Зямля ўжо не здаецца неабдымнай і назаўжды трывалай, як раней. Яна стала не проста касмічным целам, а нашым родным домам, за які ўсім боязна перад небяспекамі, што падпільноўваюць. Пагражае глабальнае пацяпленне і значныя катастрафічныя змены ў яго выніку, магчымыя сутыкненні планеты з вялікімі астэроідамі.

Людзі за апошнія два стагоддзі так сквапна гаспадарнічалі на Зямлі, што прывялі яе амаль у непрыгоднасць для доўгага стабільнага жыцця. Ёсць вучоныя, якія лічаць, што спажывання планетарных рэсурсаў у сучасных маштабах хопіць толькі на 300—350 гадоў. А жудасныя катаклізмы ў прыродзе будуць нарастаць пастаянна.

Тым не менш у жыццёвай сумятні зямляне не часта думаюць пра лёс планеты. Іх клапоціць не далёкая перспектыва, а рэчаіснасць, якая даймае многімі праблемамі.

Без афішавання, паціху на планеце расце гонка ўзбраенняў. У яе ўкручаны нават тыя краіны, якія раней не нарошчвалі свае ваенныя сілы. Эканамічна слабыя дзяржавы, такія, як КНДР, дзе людзі галадаюць, любой цаной імкнуцца займець атамную і вадародную зброю.

Гульня краін мускуламі вядзе да абкаткі новых відаў узбраення шляхам умяшальніцтва ў рэгіянальныя канфлікты, агрэсіі і захопу чужых тэрыторый, у чым найперш вызначаецца Расія. У. Пуцін скрытна арганізаваў хуткую акупацыю Крыма, затым доўга хлусіў, што на паўвостраве не было ніводнага расійскага салдата, і ўрэшце публічна прызнаўся ў правядзенні «бліскучай» ваеннай аперацыі.

Генерал П’ер дэ Вілье, які раней кіраваў французскім генштабам, абмаляваў сучасную сітуацыю: «Дзяржавы ўсё больш і больш будуюць свае стратэгіі, грунтуючыся на суадносінах сілаў, і ў пэўных выпадках ставяць свет перад фактам, які здзейсніўся».

Многія канфлікты, якія цяпер разгарэліся, цяжка рашыць як баявымі дзеяннямі, так і дыпламатычнымі спосабамі. Але ніхто не хоча адыходзіць назад, саступіць. А сітуацыя ўскладняецца, любы інцыдэнт можа перарасці ў маштабную «гарачую вайну». Хто гэтага не бачыць, той сляпы.

Беларуская прапаганда пастаянна мусіруе лозунг «Мы мірныя людзі!», пахваляецца, што Мінск стаў міратворчай пляцоўкай у еўрапейскім маштабе. Безумоўна, заслугі рэжыму ў захаванні спакою значна перабольшваюцца, і ў бліжэйшы час гэта стане ясна. Акрамя таго, яны перакрэсліваюцца ўцягнутасцю краіны ў расійскія ваенныя гульні. Афіцыйныя СМІ не хочуць заўважаць галоўнага: ваенны саюз з Расіяй зрабіў Беларусь «пярэднім акопам», закладніцай у спаборніцтве дзвюх глабальных сіл. У час вучэнняў «Захад-2017» войскі саюзнай дзяржавы і падраздзяленні НАТА стаялі насупраць, амаль судакраналіся. Аўтарытарны рэжым штурхае беларусаў у акопы і траншэі, не пытаючы ў іх згоды.

Думаю, было б лепш, каб кіраўнікі дзяржаў гулялі ў алавяных салдацікаў, а не прыводзілі ў рух арміі. Нармальныя людзі стаміліся ад культу сілы і войнаў, а пакутная планета — ад разбуральных вынікаў дзікунскіх паводзінаў зямлян.

Хто забывае мінулае, той абавязкова асуджаны на яго паўтарэнне. Чалавецтва ніяк не можа засвоіць галоўны ўрок гісторыі: агрэсія не прыносіць дабра. Уварванне на чужую тэрыторыю непазбежна вядзе да прыніжаючага прыгнёту і затоенай варожасці. Агрэсія нараджае розныя віды гвалту. Адзінае, што яна не можа стварыць, — гэта патрэбныя даброты, лепшыя ўмовы для жыцця чалавека.

Паралельна з пагрозай новых войнаў нарастае атака ісламісцкага тэрарызму, які нарадзіўся на глебе палітычнай неўладкаванасці многіх краін Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі, беспрацоўя, беднасці, радыкальнага рэлігійнага непрыняцця іншаверцаў.

Надзейнага месца на планеце не існуе, зло можа накінуцца на чалавека ўсюды і ў любы момант. Магчыма, у мяне было б менш трывогі, калі б не бачыў вынікі ўзрушэнняў, якія прыйшлі ў Еўропу ў другой палове мінулага стагоддзя.

У Францыі жыве 11 мільёнаў перасяленцаў з яе былых калоній. Яшчэ ў 80—90-х гадах ХХ стагоддзя мне давялося пабыць у прыгарадах Ліёна, дзе існавалі арабскія кварталы са сваімі звычаямі і законамі, дзе людзі трох пакаленняў (бацькі, дзеці, унукі) жылі толькі на сацыяльную дапамогу, не працавалі. Сёння такіх «гета» ў краіне шмат. Сюды баіцца завітваць паліцыя, прахожага могуць абрабаваць і нават забіць. Маладыя арабы не задаволены жыццём і ненавідзяць Францыю, якая прытуліла іхніх продкаў. Гэта бомба замаруджанага дзеяння, якая можа выбухнуць з велізарнай сілай. Але і сёння гучаць стрэлы, выбухі, адбываюцца пагромы і тэрарыстычныя атакі.

Не менш складаная сітуацыя з імігрантамі ў Германіі. Сам быў сведкам крывавай разборкі туркаў з немцамі. Але я пакрывіў бы душою, калі б не сказаў, што ў Еўропе сустракаліся і шчаслівыя, неваяўнічыя перасяленцы. У ФРГ пазнаёміўся з румынскімі, чэшскімі, сербскімі, харвацкімі, турэцкімі сем’ямі, якія пусцілі карані ў нямецкую зямлю, авалодалі моваю, знайшлі па душы занятак і маюць неблагі дабрабыт.

Думаю, што станоўчых прыкладаў міграцыі значна болей, чым адмоўных. Але працэс адаптацыі вялікіх масаў людзей з іншым менталітэтам, звычаямі, веравызнаннем да новых умоў складаны, урадам еўрапейскіх краін трэба яго трымаць пад кантролем, не дапускаць канфліктаў.

Тутэйшыя праблемы адрозніваюцца ад еўрапейскіх. У Беларусь таксама перасяляюцца людзі, знаходзяць тут другую радзіму. Але іх здзіўляе занядбаны стан нашай мовы і нацыянальнай культуры.

Не маючы дзяржаўнасці, мы сумелі захаваць многае з духоўных набыткаў, а цяпер — у суверэннай краіне — адбываецца заняпад. Які ж гэта патрыятызм, калі ў Беларусі не чуваць на поўны голас роднай мовы? Трэба заўжды памятаць запавет нашага прарока Васіля Быкава: «Культура павінна быць нацыянальнай».

Вышэйшай Воляю задумана, каб людзі, незалежна ад колеру скуры, нацыянальнасці, рэлігійных і палітычных перакананняў, жылі ў міры і згодзе, не варагуючы, не навязваючы ўласныя прыхільнасці іншым. Але цёмныя сілы спакушаюць слабых духам, адсюль вынікае этычны землятрус. Пра якую мараль можна казаць, калі ад імя дзяржавы або царквы ордэнамі ўзнагароджваюцца асобы, за якімі цягнецца шлейф смяротных грахоў?

Жыццё — гэта імгненне. А што трэба чалавеку? Магчымасці, каб рэалізаваць сябе, любіць і быць любімым, супраціўляцца злу і ствараць дабро.

Пры любой раскладцы абставін час, які адведзены нам у гісторыі, беларусы павінны пражыць разумна і годна, не губляць яго, не разменьваць на пустое.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Дым без агню

Безвыніковы канвеер

Пакалечаная любоў

Нерон рагоча

Loading...

Добавить комментарий