Курсы валют

Доллар США
2.1254
Евро
Российский рубль

Погода

0..2 °C

Пункт гледжання

Чаму змоўклі саветы?

Zakonnikov

Напярэдадні 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, якую часта называюць пераваротам, узнікае шмат пытанняў, звязаных з нашай гісторыяй, рэчаіснасцю і будучыняй. Чаму пасля распаду СССР у новых незалежных краінах змоўклі саветы?

Саветы паходзяць ад рускага слова «советоваться», у беларускай мове ёсць адпаведныя азначэнні: «раіцца», «радзіцца». Адсюль вынікае тэрмін «рада». З даўняга часу важныя пытанні ўнутранага і знешняга жыцця ў кожным грамадстве абмяркоўвалі калектыўна, праз дыскусіі. Гэта доўгі, складаны шлях да кансенсусу і прыняцця правільнага рашэння, але толькі такім чынам можна больш-менш дакладна ўлічыць інтарэсы ўсіх пластоў насельніцтва.

Калі рухнула бальшавіцкая імперыя, наменклатурныя гадаванцы ленінскага Кастрычніка, якія кляліся ў вернасці камуністычным ідэалам, адразу нахабна і сквапна расхапалі народнае багацце, паймелі савецкую ўладу, як ім хацелася, і выцерлі аб яе ногі.

Як гэта ні парадаксальна, а негатыўны фінал быў закладзены ў, здавалася б, аптымістычных, бадзёрых песнях рэвалюцыйнага часу:

Смело мы в бой пойдем
За власть Советов
И как один умрем
В борьбе за это.

Не менш трагічную перспектыву для змагароў за перамогу бальшавіцкага ладу прарочыў яшчэ адзін музычны твор:

Белая армия, черный барон
Снова готовят нам царский трон,
Но от тайги до британских морей
Красная Армия всех сильней.

Так пусть же Красная
Сжимает властно
Свой штык мозолистой рукой,
И все должны мы
Неудержимо
Идти в последний смертный бой!

У постсавецкіх краінах без белай арміі і чорных баронаў хутка ўсталявалі троны, на якія пры дапамозе хлусні, папулізму і фальсіфікацый увішна ўскараскаліся мясцовыя «царкі». Ды так прыварыліся да іх заднім месцам, што сагнаць проста немагчыма.

У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гаворыцца: «Адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ. Народ ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна, праз прадстаўнічыя і іншыя органы ў формах і межах, вызначаных Канстытуцыяй». Але хто выконвае яе палажэнні? Грамадства і краіна жывуць паводле ўказаў і дэкрэтаў, якія рыхтуюць групкі бліжэйшых прыслужнікаў правіцеля.

Большасць насельніцтва Беларусі абсалютна абыякава ставіцца да палітычнай сістэмы, у якой жыве, да грамадскай дзейнасці. Людзі нават не ведаюць і не разумеюць, пры якім ладзе існуюць. Для іх, як раней, яго ўвасабляе «першая асоба». Былі Ленін, Сталін, Хрушчоў, Брэжнеў, Андропаў, Гарбачоў, а цяпер — Лукашэнка.

Ва ўмовах постсавецкага палітычнага вакууму ў Беларусі ўладу прыватызавала партыйна-гаспадарчая бюракратыя, тыповым прадстаўніком якой быў цяперашні правіцель. Гэтыя людзі ўбачылі негатоўнасць замбіраванага савецкай прапагандай насельніцтва да жыцця пры дэмакратыі і спешна занялі асноўныя кіруючыя пазіцыі. Дэмакратычныя структуры і працэдуры былі без ваганняў заменены на бюракратычныя.

Балбатня пра тое, што ў нас «усё як на Захадзе», не спыняецца, але сапраўдных парламента, судоў, партый, прафсаюзаў, грамадскіх аб’яднанняў няма. Лад, які навязаны насельніцтву ў Беларусі і Расіі, называецца «імітацыйны бюракратычны капіталізм», а сістэма праўлення цяпер — аўтарытарная, блізкая да дыктатуры.

Нядаўна лідар расійскіх камуністаў Г. Зюганаў патэтычна заявіў: «Вершина нашей государственности — советская власть». Але дзе яна? Ад савецкай улады засталіся «рожкі ды ножкі». Яна з’едзена бюракратычным монстрам! Што яшчэ маецца, дык гэта настальгія па «жалезнай руцэ», якая навядзе парадак.

Выраз «Няма на вас Сталіна!» не сышоў у нябыт, хоць надакучыў дасведчаным, разумным людзям. Для тых, хто не ведае гісторыі, хто моліцца на яго, цытую крывавага тырана: «Я не проситель у МГБ. Я могу и потребовать, и в морду дать, если вами не будут исполняться мои требования… Мы вас разгоним, как баранов». А вось яшчэ адно выказванне: «У чекиста есть только два пути — на выдвижение или в тюрьму». Ці не праўда, такі стыль размовы надта нагадвае атмасферу на сучасных нарадах у беларускага кіраўніка…

У гісторыі часта бываюць паўторы аналагічных сітуацый. Ленін, які змог арганізаваць пераможную рэвалюцыю, праз нейкі час быў у разгубленасці, бо абсалютна не меў вопыту кіравання мільённымі масамі людзей, вялікай краінай, што прывяло яго да рэпрэсіўных метадаў. Ф. Энгельс асэнсоўваў раней такое становішча: «Людзі, якія хваліліся тым, што яны зрабілі рэвалюцыю, заўсёды пераконваліся на другі дзень, што яны не ведалі, што рабілі, — што зробленая рэвалюцыя зусім не падобная на тую, якую яны хацелі зрабіць. Гэта тое, што Гегель называў іроніяй гісторыі».

Некалі Ленін марыў, як з цягам часу адамрэ дзяржава, як знікне бюракратыя, а сам пачаў будаваць чыноўніцкую імперыю. Сталін, які найбольш клапаціўся пра ўласную бяспеку, узяў пад татальны кантроль грамадства і краіну, бязлітасна вынішчыў спачатку старых бальшавікоў, а затым і ўсіх лепшых, смелых людзей, якія супраціўляліся дыктатуры.

Тое ж адбылося ў постсавецкіх краінах. Партыйныя і гаспадарчыя наменклатуршчыкі саманадзейна ўзвалілі на сябе непасільны груз прэзідэнцтва, што скончылася знішчэннем першых парасткаў дэмакратыі, рэпрэсіямі, праяданнем рэсурсаў і пазык, таптаннем на месцы або адкатам. Ці ёсць поспехі ў Беларусі? За выключэннем нямногіх лакальных прарываў, якія не набылі стратэгічнага значэння, іх няма ні ў гаспадаранні, ні ў сацыяльным быцці, ні ў павышэнні народнага дабрабыту, ні ў развіцці грамадзянскай супольнасці, ні ў захаванні свабод і правоў чалавека. А гэта — важнейшыя паказчыкі прагрэсу, дынамічнага шляху краіны да лепшай будучыні.

Напрыклад, у пасляваеннай Японіі «даганяючае эканамічнае развіццё» суправаджалася хуткай эвалюцыяй грамадзянскай супольнасці, дэмакратыі, свабоды слова і правоў чалавека. Адсюль прыйшлі выдатныя вынікі, выхад краіны ў сусветныя лідары.

У нас нават у саміх уладных структурах няма калектыўнага абмеркавання, як гэта практыкавалася ў савецкі час. А пра тое, што трэба раіцца з людзьмі, ніхто і не ўспамінае.

Дэпутаты ўсіх узроўняў не прадстаўляюць у заканадаўчай уладзе народ, а толькі забяспечваюць нібыта дэмакратычную шырму, якой перад Захадам прыкрываецца жорсткае аўтарытарнае праўленне. Фактычна ў большасці — гэта людзі, прызначаныя выканаўчай уладай. Сёння яна стала галоўнай сілай у кіраванні краінай, падгрэбла пад сябе астатнія галіны ўлады.

А чыноўнікі ідуць далей, апошнім часам адкрытым тэкстам вядуць гаворку пра скасаванне мясцовых саветаў народных дэпутатаў, бо «яны нічога не рашаюць».

Сёння ў Беларусі пануе культ моцнай улады і вялікіх грошай. Аўтарытарная прапаганда, лад сучаснага жыцця нацэльвае на іх здабыванне прадстаўнікоў новых пакаленняў беларусаў.

Але я мяркую, што прыстойныя, адукаваныя і культурныя людзі, якія выдатна разумеюць выключную каштоўнасць свабоды, хочуць жыць у дэмакратычнай, прававой дзяржаве, дзе строга захоўваюцца правы грамадзяніна і ўласніка, дзе няма фальсіфікацый, падтасовак у час выбараў, дзе ўлада адэкватна рэагуе на пратэсты, дзе ёсць незалежныя суды і свабодныя СМІ.

Для гэтага нам трэба ўсім разам вяртаць народаўладдзе.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Маштабны землятрус

Дым без агню

Безвыніковы канвеер

Пакалечаная любоў

Loading...

Добавить комментарий