Курсы валют

Доллар США
1.9968
Евро
Российский рубль

Погода

-1..1 °C

Пункт гледжання

На крывой казе

Zakonnikov

У слоўніку народнай фразеалогіі ёсць выраз: «На крывой казе не аб’едзеш (не пад’едзеш)». Гэта азначае, што нейкае пытанне нельга вырашыць нават з дапамогай «крывога», няправеднага суддзі, што вопытнага чалавека не падманеш, а да фанабэрыстага індывіда не падступішся.

Аўтарытарная ўлада асядлала «крывую казу» даўно. Як ні дзіўна, але насуперак народнаму выслоўю малая жывёліна служыць ёй эфектыўна. Пад крывой казою я разумею цынічны меркантыльны падман, хітрыя маніпуляцыі, абходныя манеўры, свядомыя фальсіфікацыі, падтасоўкі і прыпіскі.

Але як бы праўду ні знішчалі, нам вядома многае. Зло, якое топчацца па беларускіх сэрцах і душах, пачалося з таго, што хлуслівы рэжым скраў у народа адкрытыя, сумленныя выбары, а затым усё, як кажуць, пайшло-паехала не туды. Паралельна з выкарыстаннем уладай на поўніцу адміністратыўнага рэсурсу, нахабным абмежаваннем правоў і свабод грамадзян імкліва вырасла вольніца ўсіх начальнікаў, якія на давераных ім участках адчуваюць сябе «князькамі», а дзяржаўныя матэрыяльныя і фінансавыя рэсурсы лічаць амаль што асабістай уласнасцю.

З’яднаны хаўрус амаральных чыноўнікаў, сілавікоў, прыўладных бізнесоўцаў і прадстаўнікоў крымінальнага падполля аб’язджае на крывой казе дзеючае заканадаўства, якое пісалася для нармальных, сумленных лю­дзей і не супадае з іхнімі злачыннымі мэтамі.

Прызнана, што Канстытуцыя 1994 года, нягледзячы на пэўныя хібы, адпавядала міжнародным стандартам і патрэбам грамадства. Яна стваралася не на пустым месцы і прымалася пасля грунтоўнага абмеркавання і дыскусій. У яе ўкладзены вялікі прававы вопыт развітых народаў і краін, асноўныя палажэнні правераны часам і не патрабуюць перагляду. Але ў 1996 і 2004 гадах у Асноўны закон былі ўнесены валюнтарысцкія змены. Пераніцоўка Канстытуцыі пад сябе, пад уласныя планы бясконцага ўтрымання ўлады абавязкова вядзе да разбурэння еднасці і стваральнай дзейнасці грамадства. Гэты негатыўны працэс, хоць дэмагагічная, хлуслівая прапаганда стараецца яго шчыльна прыкрываць, добра бачны, ён нязводна тлее.

У артыкуле 1 Канстытуцыі пазначана: «Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава». З эпітэтаў-азначэнняў трэба выдзеліць два: дэмакратычная і прававая, бо менавіта яны цяпер груба парушаюцца, становяцца аб’ектамі маніпуляцый або абскубвання ў практычнай дзейнасці.

Беларуская рэчаіснасць — гэта поле татальнай несправядлівасці, цынічнай злачыннасці, на якім вырастаюць людзі з сапсаванымі мазгамі і пустой душой. Трэба разумець, што парушэнні законаў чыноўнікамі і сілавікамі, маштабная карупцыя, непраўдзівыя, падкантрольныя ўладзе суды — гэта не нейкія хібы, не часовая хвароба, а сама сутнасць аўтарытарнай сістэмы.

Напрыклад, паказальна, што, нягледзячы на шматлікія пратэсты жыхароў Мінска і іншых гарадоў, у абход законаў «новабудам» разбураюцца гістарычныя цэнтры, знішчаюцца зялёныя зоны, пагаршаюцца ўмовы для нармальнага функцыянавання дзіцячых садкоў, школ, бальніц. Захоп прэстыжных зямельных участкаў нязменна суправаджаецца хабарніцтвам, распілам, адкатам значных сродкаў.

За апошнія гады маральная дэградацыя ў эшалонах улады дасягнула піку, чыноўнікі з вялікіх грашовых пабораў з’ехалі ўніз і бяруць хабар у памеры 300-500 долараў. Аказваецца, нават за такую мізэрную суму можна спакойна прадаваць годнасць і сумленне.

Павага да законаў у нас не прывіта насельніцтву яшчэ з савецкага часу. Людзі былі вінцікамі ў вялікім палітычным і эканамічным механізме СССР. Цяпер замест чалавека, які мірыўся з рэпрэсіўнай дзяржавай, жыў паводле каманд зверху, наогул лепіцца робат: без думак, без ініцыятывы, без шчырых пачуццяў. Праз выключную абыякавасць да грамадскага жыцця, якая сёння стала сапраўднай эпідэміяй, сярэднестатыстычны беларус практычна згаджаецца з любымі махінацыямі аўтарытарнага рэжыму, махае рукой на ўласны лёс, на будучыню дзяцей і ўнукаў.

У Беларусі залежнасць народа ад улады непамерна большая, чым ад законаў. Так было і застаецца. Гэта сімптаматычная адзнака аўтарытарнай краіны. Улада даўно пастаўлена на кон, дзеля яе правіцель можа зрабіць усё, што заўгодна. А таму цяперашні перыяд — не канец, а магчымая доўгая агонія. Галоўныя героі на троне могуць мяняцца, але ў прынцыпе нічога не зменіцца, пакуль людзі не зразумеюць патрэбу перамен у саміх сабе.

Я пастаянна чую і чытаю ў лістах непрыемную для ўлады фразу: «Як абрыдла бачыць цынічнае невыкананне законаў тымі, хто іх піша і прымае!». Людзі стаміліся ад начальніцкага крыміналу, які захліствае наша жыццё. У грамадстве склалася перакананне, што чыноўнікі масава няздольныя выконваць законы, што яны толькі і чакаюць моманту, каб парушыць іх любымі спосабамі дзеля ўласнага абагачэння.

Сітуацыя склалася тупі­ковая. Безліч разоў суразмоўцы расказвалі, як паводзілі сябе пасля чарговай несправядлівасці чыноўнікаў: «Рашаю — заўтра пайду ў суд! А потым падумаеш, схамянешся: куды ісці, усё роўна справа вырашыцца не на тваю карысць».

Схема — губернатар, міністр або прэзідэнт «взяли ситуацию под личный контроль», якая пастаянна агучваецца, не спрацоўвае. Людзі не вераць ёй, бо крызісных выпадкаў шмат, а кіраўнік адзін. У кожнае месца «высокая праверка» не даедзе. Гэта сведчыць, што сама аўтарытарная сістэма нежыццяздольная, не ў стане ачышчацца ад баласту: злачынцаў, жулікаў і няўмек.

Безумоўна, у аўтарытарнай дзяржаве на крывой казе можна аб’ехаць запалоханы народ, седзячы на ёй, падмануць заходніх палітыкаў псеўда­лібералізмам, прыкрыць міліцэйскія дубінкі і турэмныя камеры дэмагогіяй, але ёсць адна крэпасць, якая не паддаецца ніякім хітрыкам. Гэта эканамічныя законы. Яны дзейнічаюць усюды.

За амаль чвэрць стагоддзя аўтарытарная краіна не навучылася зарабляць патрэбныя сродкі. Мы бярэм пазыкі, каб разлічыцца па старых даўгах, а таксама з горам напалам залатаць вялікія і малыя дзіркі эканамічнага характару.

Сумна, але сярод лакальных поспехаў Беларусі, якія ўсё ж ёсць (спорт, медыцына, навука), не фігуруюць экано­міка, сацыяльныя адносіны, узровень жыцця насельніцтва, развіццё грамадзянскай супольнасці, захаванне свабод і правоў чалавека.

У нас наперадзе бачыцца шмат складаных задач. Гэта і стварэнне сапраўднага палітычнага жыцця, і вяртанне сумленных выбараў, і ўздым малога і сярэдняга бізнесу. Бяда ў тым, што грамадства марудна раскачваецца, каб іх рашаць.

А яшчэ, як мне здаецца, самым надзённым заданнем для ўсіх нас павінна стаць падтрымка і ахова права як базавай каштоўнасці. У заходнім свеце няма абагаўлення кіруючых асобаў, нават самага высокага рангу. Там ёсць культ закона. На першым месцы закон, а потым — улада.

У Беларусі жорстка дрэсіраваць законам трэба ў першую чаргу разбэшчаныя, непадкантрольныя грамадству ўладныя вярхі. А запалоханыя, абыякавыя нізы, хоць ім і не надта хочацца, павінны авалодваць прававымі ведамі і выкарыстоўваць іх на практыцы. Яны не ў такой ступені маральна дэградавалі, і карысць ад вучобы будзе вялікая.

А крывую казу варта загнаць на яе месца ў стойла, няхай не блытаецца пад нагамі.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Зайграная кружэлка

Чаму змоўклі саветы?

Маштабны землятрус

Дым без агню

Loading...

Добавить комментарий