Курсы валют

Доллар США
2.0566
Евро
Российский рубль

Погода

12..14 °C

Пункт гледжання

Пстрычка па носе

Zakonnikov

Нарэшце скрануўся лёд у стаўленні да злачынстваў узурпатараў улады. На працягу дзесяцігоддзяў яны бачылі толькі маўклівую пакору запалоханага насельніцтва і паблажлівае стаўленне Захаду, лічылі, што ўсё ім сыдзе з рук. Але дарма! Cуд даў санкцыю на арышт экс-прэзідэнта Арменіі Р. Качарана, следчыя вядуць допыт.

Сенсацыйная падзея ўзрушыла постсавецкую прастору, дзе яшчэ шмат узурпатараў улады. Знясіленыя людзі, якім даўно абрыдзеў дзікунскі валюнтарызм нахабных гвалтаўнікоў свабоды, задаюць рэзоннае пытанне: калі на шляху да законнасці і справядлівасці значны крок зрабілі армяне, то чаму б іх вопыт не пераняць, не распаўсюдзіць паўсюль?

Перапалох сярод аўтакратаў і дыктатараў, іх чыноўніцкага, алігархічнага і сілавога атачэння цяпер вялікі. Практычна за кожным цягнецца шлейф тых ці іншых парушэнняў канстытуцыі і законаў, палітычнага, эканамічнага і гандлёвага махлярства, рэпрэсій супраць мірнага насельніцтва, расправы з апанентамі, злоўжывання службовым становішчам, карупцыі, крадзяжоў.

Падставы, паводле якіх Р. Качарану прад’яўлены абвінавачванні, сур’ёзныя. Яму інкрымінуецца ўдзел у звяржэнні канстытуцыйнага ладу, загад на разгон мірнай дэманстрацыі ў Ерэване 1 сакавіка 2008 года, калі ў выніку прымянення зброі 10 чалавек загінула, а 250 было паранена. Адначасова ў звязку з крымінальнай справай экс-прэзідэнта яшчэ многія чыноўнікі арыштаваны або выклікаюцца на допыт.

Хачу напомніць, што, акрамя былога СССР, ва ўсім свеце няма ўтульных зацішкаў для высокапастаўленых парушальнікаў закона. Адхіленні ад улады, арышты і суды над імі ідуць пастаянна. 30 снежня 2006 года за злачынствы супраць чалавечнасці быў павешаны прэзідэнт Ірака С. Хусейн. Праз суды прайшлі былыя прэзідэнты Егіпта Х. Мубарак і М. Мурсі, Ізраіля М. Кацава, Францыі Ж. Шырак, Перу А. Фухіморы, Аргенціны К. Ф. дэ Кішнер, Бразіліі Л. дэ Сілве, Д. Русеф, імпічмент напаткаў прэзідэнта Паўднёвай Карэі Пак Кын Хе і іншых. А былы прэзідэнт Ліберыі Ч. Тэйлар дастукаўся аж да 50 (!) гадоў турэмнага зняволення. Частка кіраўнікоў збегла са сваіх краін, яны хаваюцца пад крылом падобных сабе, але суды над імі — непазбежныя.

Калі аўтакраты і дыктатары прыходзяць да ўлады, а затым шляхам падману на выбарах і прымянення сілы бясконца яе ўтрымліваюць, за кошт дзяржавы ствараюць умовы для ўласнай усёдазволенасці і назапашвання багацця, то яны ў пастаянным самалюбаванні забываюцца на тое, што ўсё ў жыцці мае канец. Ён прыходзіць нечакана і часта бывае ганебным, зневажальным, як гэта адбылося з лівійскім дыктатарам М. Каддафі.

Людзі бачаць, што дзеля ўтрымання ўлады ўзурпатары нахабна і цынічна выкарыстоўваюць адміністратыўны рэсурс, фальсіфікацыі, укід лішніх бюлетэняў, прыпіскі — і ўрэшце іх цярпенне лопаецца. Яны выходзяць на дэманстрацыі. Правіцель і яго прыслужнікі адразу ж прад’яўляюць ім абвінавачванне — замах на дзяржаўны лад. Але асобны чыноўнік не можа атаесамляцца з ладам.

Мірныя пратэсты супраць узурпатара — гэта не звяржэнне дзяржаўнага ладу. Народ патрабуе сысці з выбарнай пасады аднаго чалавека, які зарваўся і сядзіць на троне дзесяцігоддзямі. Пасля яго сыходу дзяржаўны лад агульнымі намаганнямі грамадства абавязкова зазнае рэформы і зменіцца ў лепшы бок. Праўда, зрэдку бываюць збоі, на нейкі час да ўлады могуць прыходзіць «хунты». Але гэта выключэнні, якія не абвяргаюць правіла.

Чаму так доўга трымаюцца аўтарытарныя рэжымы? Галоўныя прычыны дзве: нізкая палітычная культура народаў, якія жылі пад таталітарызмам, страцілі мужнасць і смеласць, каб змагацца за правы і свабоды, і прыхаваная меркантыльнасць прадстаўнікоў розных структур Захаду ў стасунках з узурпатарамі ўлады.

Напрыклад, за беларускім рэжымам даўно пільна назірае міжнародная супольнасць. З аднаго боку, ён падвяргаецца пастаяннаму асуджэнню. Спецдакладчык ААН па Беларусі М. Харасці агучыў выснову: «Одной из главных структурных причин систематических нарушений прав человека и периодически повторяющихся массовых репрессий в стране является сосредоточение практически всех полномочий в руках исполнительной власти, прежде всего президента и его администрации». Ён канстатаваў, што ў краіне захоўваецца «обстановка подавления прав и свобод граждан». А з другога боку, заходнія прадстаўнікі афіцыйнай і ценявой палітыкі, фінансавых структур, бізнесу, спорту не вылазяць з Беларусі, бо маюць тут уласны інтарэс, падмацаваны звонкай манетай. Дык як у такіх двурушніцкіх умовах дамагчыся законнасці і справядлівасці, паставіць на месца ўзурпатара ўлады?

Нягледзячы на распіяраныя прапагандай «харызмы» і выключную агрэсіўнасць, аўтакраты і дыктатары — вялікія палахліўцы. Паглядзіце, як яны трасуцца за сваё жыццё, прыстаўляючы да сябе безліч целаахоўнікаў, мяняючы самалёты, аўтамабілі і г.д. Іхняя паказная фанабэрыя з трыбун і тэлеэкранаў існуе да першага сур’ёзнага выпрабавання. У краінах, дзе менш увагі звяртаюць на выпендрыванні і пагрозы «первых парней на деревне», з імі спраўляюцца хутка.

Увогуле, велізарны рэпрэсіўны апарат, які заўсёды маецца ў краінах з аўтарытарным рэжымам і сядзіць на шыі ў насельніцтва, выкарыстоўваецца ў асноўным не для аховы грамадскага парадку, а для ўтрымання ўлады. Тым не менш, не ўсе яго прадстаўнікі згодны з палітыкай татальнага падаўлення правоў і свабод грамадзян, а таму спадзяванні аўтакратаў, што сілавікі ў рашаючы момант пагалоўна будуць змагацца з народам, марныя.

Выдатна, што, паралельна з масавымі народнымі пратэстамі, ЗША і Еўразвяз узмацнілі санкцыі супраць рэакцыйных рэжымаў. Цяпер яны не папяровыя, а даволі адчувальныя. У Расіі і Беларусі адразу сціхла дэмагагічная балбатня пра «особый путь», бо ён выявіўся бесперспектыўным. У дзвюх краінах самае складанае тэхнічнае абсталяванне ва ўсіх галінах гаспадарання і ў сацыяльнай сферы — імпартнае.

Асабліва незадаволена дэмакратычнымі пераменамі і жорсткімі санкцыямі аўтарытарная Расія, якую свет лічыць «бензоколонкой, которая маскируется под страну». Акрамя гандлю сыравінай і зброяй, ёй жа трэба яшчэ займацца вырабам рознай прадукцыі для патрэб насельніцтва.

Забарона амерыканскім фірмам і кампаніям пастаўляць у Расію тэхналогіі і матэрыялы, якія могуць выкарыстоўвацца як у мірных, так і ў ваенных мэтах, наносіць моцны ўдар па эканоміцы беларускай «саюзніцы». Больш таго, санкцыі значна змяншаюць яе націск на постсавецкія краіны, якія, паводле выразу члена Камітэта па міжнародных справах Дзярждумы Расійскай Федэрацыі А. Марозава, «находятся под нашим политическим влиянием».

Тое, што адбылося ў Арменіі, — гэта толькі першая ластаўка ў рэакцыі дэмакратыі на мацёрых парушальнікаў законаў. Націск на аўтакратаў трэба весці як прыгнечаным народам, так і міжнароднай супольнасці агульным фронтам. Толькі тады можа быць поспех.

Чым больш балючых пстрычак па носе або выспяткаў будуць атрымліваць дзяржаўныя зламыснікі, тым хутчэй высокія «троны» ачысцяцца ад абрыдлых узурпатараў улады. Пасля гэтага народы змогуць спакойна і нармальна будаваць сваё дэмакратычнае жыццё.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Гандаль сумленнем

Застойны «паразітарый»

Падчыстка памяці

Футбольная радасць

Добавить комментарий