Курсы валют

Доллар США
2.0438
Евро
Российский рубль

Погода

6..8 °C

Пункт гледжання

Рознае разуменне

Zakonnikov

Пра ўзаемаадносіны ўлады і народа складаецца шмат легенд. Асобы, якія правяць, хочуць выглядаць у вачах грамадзян і замежнага люду кіраўнікамі строгімі, але справядлівымі і душэўнымі. З асаблівай фантазіяй афіцыйная прапаганда і погаласкі ў шырокіх народных масах услаўляюць дыктатараў.

На нашай зямлі бізуном і пернікам здаўна выхоўваліся «паслухмянасць, адданасць начальству і любоў да яго». Прыгоннае права, якое ў царскай Расіі было адменена ў 1861 годзе, замяніла савецкая кабала.

Нагадаю, што ў СССР да 1976 года ў сельскай мясцовасці не выдавалі пашпартоў. Маладыя людзі ўцякалі ў горад адзінкава, па вялікім блаце, калі бацькі выкуплялі ў старшыні калгаса або дырэктара саўгаса патрэбную даведку. «Цывільным шляхам» атрымаць гэты дакумент, а затым і пашпарт дазваляла толькі паспяховая здача ўступных экзаменаў і выклік на вучобу ў ВНУ, тэхнікум, хоць яшчэ і тады «савецкія паны» маглі ўпірацца, псаваць нервы.

Мінула цэлая эпоха, а прыгон застаўся. Бізун бязлітаснага наглядчыка заменены адміністратыўным рэсурсам і амапаўскімі дубінкамі, а пернік — нячастым мікраскапічным павышэннем зарплат і пенсій, якое збяднелы люд сустракае з такой радасцю, нібыта кожны чалавек выйграў аўтамабіль або кватэру праз гульню «Удача в придачу!»

Застаецца жывучай прыдумка пра «добрых цароў» і «кепскіх баяраў». Па постсавецкай прасторы доўга гуляла казка, што беларусы пры А. Лукашэнку жывуць, як у раі. Ніякія праўдзівыя факты, лічбы, працэнты і параўнанні на замежных суразмоўцаў не дзейнічалі. Аргумент у іх быў такі: «Моя кума была в Минске, так вы там живете, как у Христа за пазухой. Зарплаты и пенсии высокие, цены низкие. Квартирами обеспечивают, учат и лечат бесплатно. Что еще человеку надо?»

Для таго каб абвергнуць хлусню, спатрэбілася амаль чвэрць стагоддзя. Сёння «кума» з Расіі, Украіны, Малдовы, Літвы, Латвіі і нават усходняй Польшчы канчаткова змоўкла, бо нахлебніцтва аўтарытарнага рэжыму ля «сталоў» Расіі і Захаду, правалы ва ўнутранай і знешняй палітыцы, слабая эканоміка, значнае збядненне большасці насельніцтва настолькі яўныя, што крыць няма чым. Усе суседзі пераганяюць нас у дабрабыце.

Рэцэдывы даверу да «добрага цара» зрэдку можна назіраць толькі ў самой Беларусі. З магазіна на ганак выйшлі жанчына і мужчына паважанага ўзросту і абменьваюцца думкамі пра ўбачанае. Прадстаўнік моцнага полу кажа ў разгубленасці: «Лукашэнка павысіў пенсіі, а ўсё падаражэла. Нават запалкі! Што ж гэта робіцца?» Разуменне ў яго, як бачым, з вялікім стажам — правіцель клапоціцца, а «баяры» замінаюць.

Каб разабрацца ў тым, што вакол нас робіцца, трэба не сядзець, развесіўшы вушы, каля тэлевізара, не чакаць, калі чарговы раз аб’явяць пра «костачку» да зарплат і пенсій. Лепш карыстацца рознымі інфармацыйнымі крыніцамі, праўдзіва бачыць рэчаіснасць, не глядзець на правіцеля як на ідала.

Мой аднагодак, расійскі кампазітар У. Мартынаў падзяліўся ўспамінамі пра пачуцці, якія ахапілі яго на першамайскай дэманстрацыі ля Маўзалея, дзе ён, седзячы на руках у маці, убачыў «вождя всех народов»: «Я махал Сталину маленьким флажком, а он смотрел на меня и улыбался. Впрочем, он смотрел не на меня — он смотрел на всех, и в этом заключалась вся суть. Он смотрел на всех нас, а все мы — на него, именно в этом и заключалась фокусная точка единения, ибо только глядя на него, я мог увидеть себя и всех нас во всеобщем единстве братства и любви».

Не думаю, што маленькі хлопчык мог тады так шырока філасофстваваць. Гэта ўжо дарослае разуменне, але яго пачуццё прыналежнасці да агульнай радасці зразумелае.

Затое пасля кампазітар ва ўспамінах прыходзіць да высновы, што дзяржаўнае яднанне на свяце не дае магчымасці «разобраться, где здесь «я», а где государство, и тем более невозможно понять, что есть «я», а что есть государство». Толькі пазней ён пачаў асэнсоўваць, што такое сталінская и любая дыктатура, бачыць у іншым святле цэнтр Масквы, Крэмль, «кровавые звезды», маўзалей «с непохороненным покойником и с то ли живыми, то ли мертвыми неподвижными часовыми», чуць «эхо адского гула колымских лагерей». Перажыванні маленства набывалі змрочны колер: «Я не знаю, но чувствую, что это нечто очень страшное, нечто зловеще неотвратимое, быть может, даже смертельно опасное. Это нечто такое, что грозит полностью уничтожить меня как личность, полностью уничтожить мое «я».

Нам трэба зразумець, што ў дыктатараў і аўтакратаў асаблівая псіхалогія. Гэта ілюзія, што яны не спяць начамі, думаюць пра народ, бачаць звычайных людзей з іхнімі трывогамі, клопатамі і радасцямі. Самаўлюбёныя індывіды, якія захапілі трон, глядзяць не на нас, а толькі на сябе і мазгуюць, як даўжэй застацца пры ўладзе. Толькі ў гэтай кропцы сфакусіраваны іхні зрок. Усё іншае — самарэклама, піяр.

У ідэале кожная краіна, народ павінны быць згуртаванай сям’ёй, у якой разам ствараецца і размяркоўваецца агульны бюджэт, праходзяць дыскусіі па важных праблемах жыцця, падзяляюцца поспехі, радасць і гора. Такі парадак заведзены ў дэмакратычных краінах. У нас жа ўсё зведзена да выканання каманд, якія сыходзяць зверху. А яны часта ідуць «у штыкі» з рэальным жыццём, выяўляюцца бесталковымі і нават шкоднымі.

Краіна і дзяржава — гэта не адно і тое ж. Я горача люблю сваю краіну з яе разнастайнай маляўнічай прыродай, надта заблытанай, часта трагічнай, але мужнай і слаўнай гісторыяй, унікальнай роднай мовай, культурай, выдатнымі народнымі традыцыямі і звычаямі. Але ніхто не прымусіць мяне не толькі любіць, але нават проста прымаць бюракратычную канструкцыю з выдуманымі дылетантамі штучнымі, эклектычнымі сімваламі, з не сваёй мовай, акрамя таго яшчэ ашчэраную дубінкамі і штрафамі супраць простага грамадзяніна. Парадкі ў аўтарытарнай дзяржаве нагадваюць крымінальнае асяроддзе з «паханом», «блатнымі», «байцамі» і «шасцёркамі». Дадзенае Вышэйшай Воляю нацыянальнае багацце ў ёй калечыцца, перакручваецца, нівеліруецца, спрошчваецца да прымітыву.

Цяпер глянем, чым вызначаюцца дыктатары? Тым, што з прымяненнем хлусні і сілы прыйшлі да ўлады? Дык для гэтага розуму і таленту не трэба. Будзь нахабным, падманвай, а затым душы, бі, разганяй грамадства па закутках, праз тэлевізар да бясконцасці маніпулюй запалоханымі людзьмі. Вось і ўсё, гэтага дастаткова.

У амбіцыйных аматараў стаць «царамі» звычайна за душой нічога няма, яны ў прафесіі здольнасцей не выяўляюць. А ўлада — маёмасць часовая, бо ў любы момант можа выпасці з рук. Кожны ўзурпатар страшэнна, як чорт ладану баіцца такога павароту.

Тлумачэнні аўтарытарных правіцеляў заўжды вызначаюцца разважаннямі, разлічанымі на недаразвітую публіку. Калі ён кажа: «Когда у тебя нет своего и тебе кто-то поставляет, он в любой момент тебя может взять за горло. И всё: нет независимости, нет суверенитета», — то яму можа паверыць толькі недасведчаны чалавек. У сучасным інтэграваным свеце, дзе ўсё пераплецена прагматычнымі стасункамі, такія сентэнцыі выклікаюць усмешку…

У аўтарытарнага рэжыму і ў мяне абсалютна рознае разуменне нармальнага жыцця. Перакананы, што стан Беларусі і яе будучыню павінны абмяркоўваць і вырашаць не невукі і падхалімы, а калектыўна найлепшыя розумы, якія ёсць у нашым грамадстве.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Сюзерэн і вассал

Пстрычка па носе

Гандаль сумленнем

Застойны «паразітарый»

Добавить комментарий