Курсы валют

Доллар США
2.0819
Евро
Российский рубль

Погода

18..20 °C

Пункт гледжання

Для ўнутранага спажывання

Zakonnikov

Знаёмая медсястра падзялілася ўражаннямі ад паездкі з сынам у час адпачынку ў Санкт-Пецярбург. Яна сказала: «У мяне няма грошай, каб ехаць на Чорнае мора ці за мяжу. Рашыла паказаць хлопчыку прыгожы рускі горад. Але здагадайцеся, што здзівіла яго там, акрамя архітэктурных і мастацкіх цудаў? Цэны на беларускія малочныя вырабы!»

Можна зразумець шок школьніка з Беларусі, які чуе, што ў нас самы танны харч на ўсёй постсавецкай прасторы, калі перад ім на паліцах супермаркета застракацелі ў знаёмых упакоўках ёгурты, сыркі, тваражкі па коштах нашмат ніжэйшых, чым дома. Ведаючы курс расійскага рубля, ён перавёў цэны на беларускія грошы.

Маці прызналася, што ў Санкт-Пецярбургу не адказала на пытанні сына. Яна, каб не наклікаць на яго бяды, не лезці ў палітыку, якой затурканыя беларусы баяцца нібы агню, не захацела тлумачыць: што ж за гэтым стаіць?

Але жыццё бярэ сваё. Як ні круці, а праўду не схаваеш. Канкрэтныя факты выцягваюць з цемры на святло антынародную «палітыку ўнутранага спажывання».

У СССР вырабленая прадукцыя дзялілася на дзве катэгорыі: высакаякасная — на экспарт, астатняя — для ўнутранага спажывання. Падобнай завядзёнкі няма ў развітых краінах, там для ўсёй прадукцыі крытэрый якасці агульны. Але аўтарытарны рэжым Беларусі дзейнічае, як раней. Акрамя таго, харч і тавары прадаюцца за мяжу па заніжаных коштах, каб стварыць уражанне, што ў нас пабудаваны «рай», а правіцель — «найлепшы ў свеце». Вытворцы часта не выходзяць на самаакупнасць, хоць спраўна разгружаюць склады. Як можна пад прэсам такой палітыкі развіваць вытворчасць? Эканоміка, «завязаная» на бясконцым захаванні ўлады адным чалавекам, заўсёды неэфектыўная.

Але ж нехта павінен пакрываць страты ад «прапагандысцкага экспарту». Для рэжыму праблем няма, у яго на падхваце «слепа-глуха-нямы» народ. Якія кошты ні намалюй — выцягне!

Здаўна бытуе выслоўе: «На табе, Божа, што мне нягожа!» Яно амаральнае, але перадае чалавечую сквапнасць, жаданне абхітрыць. Пры аўтарытарызме сам хітраваты народ застаецца ў дурнях. Беларусы ў «сацыяльнай дзяржаве» выжываюць з цяжкасцю, бо працуюць яшчэ і «за того парня». «Парней» з партфелямі або са зброяй у руках на яго шыі сядзіць безліч.

Я не гляджу па мясцовым тэлебачанні тэматычныя перадачы і ток-шоу, бо гэта марная трата часу, абмяжоўваюся блокамі навінаў. Трэба ж ведаць пра падзеі, якія адбываюцца ў краіне. Але і тут праводзіцца палітыка ўнутранага спажывання. Дзяржаўныя СМІ працуюць цынічна і нахабна, бо ўпэўнены, што большасць людзей не ўнікае ў сказанае або напісанае, не параўноўвае з іншымі крыніцамі інфармацыі. Напрыклад, «Наши новости» на АНТ — гэта суцэльныя пераможныя рапарты, якія падаюцца ўзахлёб і з ранку да вечара.

Ад блоку навін патрабуецца простая інфармацыя, а не пухіры пахвальбы, якія пад наглядам ідэолагаў надзімаюць карэспандэнты, рэдактары і дыктары. Але «цыцэроны» аўтарытарнага рэжыму не могуць жыць без непісьменнага красамоўства і напышлівасці. Варта толькі ўслухацца ў слоўную плынь, якая мкне з тэлевізара. Што ні сюжэт, то велічная перамога!

Тэлепрапагандысты сцвярджаюць, што Беларусь — паспяховая краіна ў дыпламатыі, эканоміцы, навуцы, культуры, спорце, нават касманаўтыцы. Ніхто не аспрэчвае асобныя дасягненні айчынных вучоных, айцішнікаў, спартсменаў. Але чаму з мухі раздзімаецца слон? Для чаго, вымагаючы ў гасцей пахвалу на адрас рэжыму, перакладчыкі займаюцца карэкціроўкай, мяняюць сэнс сказанага або наогул выдумляюць іншы тэкст? Навошта называць важнымі міжнароднымі падзеямі другасныя мерапрыемствы, ваяжы замежных дыпламатаў-пенсіянераў, якім надакучыла сядзець дома незапатрабаванымі?

А тэлевізар зноў абстрэльвае пасажамі: «От миротворческих предложений белорусского президента западные политики приходят в восторг!», «А. Лукашенко останавливает гонку вооружений!», «Фестиваль «Лістапад» — самое элитарное событие в мире кино». Людзі злуюцца: «Зусім сапселі са сваёй хлуслівай пахвальбой!» Пенсіянер у гаворцы з аднагодкам гучна кажа ў краме: «Часта хочацца запусціць нечым цяжкім у пракляты тэлевізар, добра, што жонка спыняе. Усё роўна давядзецца новы купляць, нешта ж трэба глядзець, а грошай няма».

У Беларусі для ўнутранага спажывання афіцыйна адзначаюцца савецкія святы. Мінулае перарабіць немагчыма. У гісторыі застанецца бальшавіцкі кастрычніцкі пераварот, СССР з камуністычнай партыяй, камсамолам, рэпрэсіўнымі органамі і іншымі атрыбутамі. Але не думаю, што вопыт, які драматычна праваліўся, варты ўслаўлення.

7 лістапада, 23 лютага і іншыя даты — гэта святы савецкага мінулага. Незалежная Рэспубліка Беларусь мае слаўныя даты з нацыянальнай гісторыі.

Не трэба дурыць галаву людзям, асабліва моладзі, якая слаба ведае былое. Мне давялося працаваць у райкаме камсамола. Запомніліся не ідэалагічная балбатня, не «ленінскія залікі», а тое, што ў маім Ушацкім раёне, дзе ў вайну загінуў кожны другі жыхар, з якога будоўля Наваполацкага хімічнага камбіната высмактала працоўную сілу, «вузкія месцы» закрывала моладзь. Мы не толькі нарыхтоўвалі сена, сілас, цягалі з балота карчы, але і шчыравалі на цагельні, у хлебапякарні. Бацька нават жартаваў: «Як у вёску прывязуць смачны хлеб, то ведаю — яго пёк Сярожка». Каб падбадзёрыць юнакоў і дзяўчат, першым ішоў здаваць кроў для пералівання, калі канчаліся яе запасы ў раённай бальніцы...

Моладзь СССР шмат сіл аддала цалінным землям, БАМу, іншым будоўлям. Але яна ехала не толькі за рамантыкай і гераізмам, а каб зарабіць грошай, знайсці спадарожніка па жыцці, уладкаваць свой лёс.

Уначы з 29 на 30 кастрычніка я не святкаваў 100-годдзе камсамола, а стаяў з аднадумцамі ў Курапатах, успамінаў забітых сталінскімі катамі паэтаў, чытаў іх вершы. Гучалі і радкі майго дзядзькі Сяргея Ракіты (Сяргея Васільевіча Законнікава):

Слухай, мой друг незнаёмы!
Ноч, цішыня, спакой.
Чуеш трывожныя бомы? —
Едуць за мной і табой…

Дзядзьку арыштавалі 19 кастрычніка 1936 года, калі яму споўнілася 27 гадоў. Быў асуджаны на 10 гадоў «лишения свободы в исправительно-трудовых лагерях» і на 5 гадоў «поражения избирательных прав по отбытии наказания». 23 чэрвеня 1941 года ў зняволенні паэта ўзялі пад варту, лагерная «тройка» судзіла яго паўторна (тэрмін невядомы). Ён загінуў у Унжэнскім канцлагеры НКУС ля станцыі Сухабязводнае Горкаўскай вобласці.

Чым жа правініўся Сяргей Ракіта? Ён публічна абараняў Янку Купалу, лічыў яго выдатным паэтам, а не «контррэвалюцыянерам» і «нацыянал-фашыстам», сцвярджаў, што «калгас — гэта калонія дзяржавы», што рэформа 1933 года «абцяжарвае карыстанне беларускай мовай».

Ну і ў чым была «контррэвалюцыя»? Янку Купалу стаяць помнікі, яго імя носяць вуліцы, творы вывучаюцца ў школах і ВНУ. Слова «калгас» знікла, хоць яны засталіся ў нас пад іншымі назвамі. Што тычыцца роднай мовы, то, як засведчана ЮНЕСКА, яна знаходзіцца на мяжы вымірання.

Над былым СССР будзе вечна гучаць пытанне, якое паўтаралі мільёны асуджаных і расстраляных: «За што?»

А ў Беларусі зноў для ўнутранага спажывання — аўтарытарызм. Ён існуе, таму што сумленныя беларусы не адчуваюць сябе грамадой, здольнай на выбар, на перамены. Але праўда і сіла за намі!

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Хмары над незалежнасцю

У нішы ізгояў

Нарэшце ачомаліся

Наш ратунак — мова

Loading...

Добавить комментарий