Курсы валют

Доллар США
2.0819
Евро
Российский рубль

Погода

18..20 °C

Пункт гледжання

«Адвакаты» справядлівасці

Zakonnikov

Радуе, што ў публічнай прасторы часцей гучыць паняцце «справядлівасць», бо сам я ў роздумах не забываюся пра яго ніколі. У славянскіх краях яно існуе спакон веку, рэгулюе і падтрымлівае здаровы сэнс жыцця.

Для таго, каб весці прадметную гаворку пра важную катэгорыю сацыяльна-філасофскай думкі, маральнай, прававой і палітычнай свядомасці людзей, успомнім яе азначэнне. Справядлівасць — гэта «паняцце аб належным, якое ўтрымлівае ў сабе патрабаванне адпаведнасці дзеяння і аддзякі: у прыватнасці, адпаведнасці правоў і абавязкаў, працы і яе аплаты, заслуг і іх прызнання, злачынства і пакарання, адпаведнасці ролі розных сацыяльных пластоў, груп і індывідаў у жыцці грамадства і іх сацыяльнага становішча ў ім».

У маёй душы да радасці за тое, што ў грамадстве завіравалі развагі людзей пра справядлівасць, прымешваецца пагарда да яе заўзятых «адвакатаў», якія займаюць высокія пасады. З катэджаў у Драздах несправядлівасці не відно, жыццё выглядае шчаслівым ад пят да макушкі.

На сустрэчы з актывам БРСМ правіцель Беларусі, які азнаёміўся з расійскімі сацыялагічнымі апытаннямі, зрабіў «вялікае адкрыццё»: «Люди, что бы вы думали, на первое место поставили? Не благополучие свое. В России, да и у нас, где люди не совсем богато живут, они не поставили на первое место какой-то рынок или плановую экономику, они поставили на первое место то, чему мы были всегда привержены, к чему я всегда вас призывал, — справедливость. Люди требуют справедливости».

У дэмагагічнай тырадзе, разлічанай на недасведчаную моладзь, якая слаба асэнсоўвае рэчаіснасць, праўдзівай і важнай бачыцца толькі апошняя фраза: «Люди требуют справедливости». Гэта сапраўды так, але чаму дазнавацца пра напружанасць у сваім грамадстве трэба праз Расію?

Мясцовыя і замежныя незалежныя эксперты кажуць, што ў Беларусі «сацыяльнай справядлівасцю нават і не пахне». Скаргамі тысяч людзей завалены чыноўніцкія кабінеты, імі перапоўнены інтэрнэт і незалежны друк. Мая пошта і тэлефанаванні чытачоў таксама расказваюць пра парушэнні законаў, правоў і свабод, пра моцны адміністратыўны ўціск. А прадстаўнікі ўлады працягваюць усхваляць сябе, сваю сацыяльную палі­тыку.

Цытую тое, што сярэднестатыстычны слухач прапускае міма вушэй, што разлічана, відаць, на замежжа, бо гучыць надта непраўдападобна. Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Н. Качанава патэтычна заяўляе: «Беларусь — одна из немногих стран, где все усилия власти сосредоточены на достижении главных целей: социальной справедливости, качества жизни людей, благосостояния, где самой высокой ценностью является человек». Заўважу, што яна, як дзеючы чыноўнік-папуліст, наперадзе ставіць сацыяльную справядлівасць. А экс-тэлепрапагандыст Г. Давыдзька, якога выправілі ў «Белую Русь», клянецца ў вернасці правіцелю і падкрэслівае: «Важно, чтобы наши товарищи по объединению четко уяснили для себя и разделяли цель организации по консолидации белорусского общества, объединении граждан вокруг идей государственности, независимости и торжества социальной справедливости». Ён аддае прыярытэт дзяржаўнасці, прытым аўтарытарнай, пры якой «работает один президент, которому мешают внешние и внутренние враги». Але ці згодныя з пахвальбой наменклатуршчыкаў мільёны беларусаў?

Вопыт чалавецтва даказаў, што пры аўтарытарным рэжыме доступ да нацыянальнага багацця мае толькі бюракратычная вярхушка. У такой дзяржаве існуе дзве маралі: знешняя, паказушная прызначана для трыбунных прамоў і парадаў, а ўнутраная — на ўзроўні свядомасці кожнай асобы. Людзям навязваюцца заганныя якасці — крывадушнасць, ліслівасць, культ начальніка, карыслівасць і ўладалюбства. Не кожны чалавек у задушлівых умовах здольны заставацца сумленным, адданым праўдзе і справядлівасці. Асоба зводзіцца да стану маўклівай біямасы. Наменклатурны пласт набывае неабмежаваную ўладу над насельніцтвам, ён падаўляе дэмакратычныя погляды і каштоўнасці. У выніку ў грамадстве пануе страх, у людзей знікае пачуццё ўласнай годнасці, развіваецца жаданне выслужыцца, каб не быць раздушаным вышэйшым начальствам і займець даброты. Менавіта так выглядае партрэт сучаснай Беларусі.

Справядлівасць — гэта не ўраўнілаўка. Кожнаму чалавеку, каб жыць заможна і камфортна, трэба старанна і якасна працаваць. Умовы для такой дзейнасці якраз і павінна забяспечыць улада. Палітычная і эканамічная свабода — найлепшы рухавік прагрэсіўнага развіцця грамадства.

Знішчэнне справядлівасці, якая ў недасканалым выглядзе, але існавала ў савецкім грамадстве, пачалося з усталяваннем аўтарытарызму. Правіцель, звыклы дзейнічаць «саўгаснымі» метадамі, зрабіў людзей «дзяржаўнымі» і «недзяржаўнымі». У пэўнай ступені паўтарылася сітуацыя, калі пасля бальшавіцкага кастрычніцкага перавароту Расія, у якой знаходзіліся і беларусы, радыкальна падзялілася на «чырвоных» і «белых». Да адкрытай грамадзянскай вайны ў канцы ХХ стагоддзя ўсё ж не дайшло, бо ўмовы былі іншымі, але канфрантацыя паміж сацыяльнымі пластамі насельніцтва на глебе несправядлівасці не спыняецца.

Наменклатура пастаянна абмяжоўвае палітычныя і грамадзянскія правы, свабоды людзей. Яна вызначыла сабе высокія зарплаты і пенсіі, дадала яшчэ розныя льготы, а звычайных бюджэтнікаў загнала на мізэрнае, астаткавае забеспячэнне. Раней такога гіганцкага разрыву паміж прыбыткам начальнікаў і простых грамадзян не было.

Правіцель, вальяжна рассякаючы прасторы краіны на шыкоўным лімузіне ў суправаджэнні эскорта, цяпер ужо не праклінае камуністычных бонзаў з іх «лечкамісіямі», «чайкамі», «волгамі» і не плача над горкай доляй працоўнага чалавека, які душыцца ў чэргах паліклінік, у грамадскім транспарце, што мела месца перад выбарамі ў 1994 годзе. Ён адносна раскошы пераплюнуў савецкіх начальнікаў нашмат, ім такое і не снілася. А чэргі і цесната засталіся.

Грамадзяне бачаць, што несправядлівасць расце імкліва, катастрафічна. Бюджэтнікаў абурае падзел па прыналежнасці, бо ўсе служачыя — людзі дзяржаўныя. Чаму ўрач, настаўнік, выкладчык ВНУ атрымліваюць зарплату меншую ў тры разы, чым пенсія чыноўніка? Чаму прыбіральшчыца ў Доме ўраду або адміністрацыі мае перавагі не толькі перад такой жа працаўніцай у іншай установе, але і кваліфікаваным спецыялістам?

Людзі пішуць: «Мы честно отработали тридцать лет и больше, а сейчас нас приравняли к тем, кто получает так называемую социальную пенсию». Аўтарытарны рэжым растаптаў годнасць мільёнаў людзей. Яны выбіваліся з сіл, каб зарабіць лепшую пенсію, пажыць нармальна хоць на старасці гадоў, а нехта не працаваў, жлукціў «чарніла» і валяўся пад плотам, не вылазіў з турмаў, тым не менш — вынік аднолькавы...

Трэба памятаць выказванне знаўцы чалавечай душы, геніяльнага рускага пісьменніка Ф. Дастаеўскага, карані якога ў Беларусі: «Высшая и самая характерная черта нашего народа — это чувство справедливости и жажда её». Цытуючы яго, мала хто звяртае ўвагу на словы «жажда её», а яны — важныя.

Справядлівасць была, ёсць і будзе галоўным маральным законам. Людзі заўсёды гатовыя змагацца за яе да перамогі.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Хамут прымусу

Колькі ні кажы

Канец прафесіяналізму?

Для ўнутранага спажывання

Loading...

Добавить комментарий