Курсы валют

Доллар США
2.1022
Евро
Российский рубль

Погода

7..9 °C

Пункт гледжання

Падтанцоўка

Zakonnikov

У «балеце» пад назвай «Дзяржава — гэта я!», які адначасова пастаўлены ў Беларусі і Расіі, з салістамі ўсё ясна. Кожнаму з іх патрэбна неабмежаваная ўлада, слава, задавальненне амбіцый, магчымасць аднаму распараджацца велізарнымі матэрыяльнымі рэсурсамі і людзьмі. Але ж яшчэ ёсць кардэбалет — фонавая, масавая падтанцоўка.

У аўтарытарнай краіне наменклатурная і прыўладная падтанцоўка адыгрывае важную ролю. Па-першае, яна будуе для правіцеля са сваіх сагнутых спінаў неабходны п’едэстал, а па-другое, падмяняе сам народ. Грамадзяне не толькі нічога не рашаюць на выбарах і рэферэндумах, бо вынікі галасавання фальсіфікуюцца падтанцоўкай, але і скаргі, крытычныя сігналы, прапановы не даходзяць наверх, адсейваюцца бюракратамі. Затое служкі ўзурпатара развіваюць актыўную падхалімскую дзейнасць.

Падтанцоўка глядзіць у рот галоўнаму балеруну і вышуквае захады, каб яму дагадзіць. Мітусня прыводзіць да абсурду, над якім рагоча насельніцтва. Раней усё ж да прыезду начальнікаў такіх аўральных рамонтаў не рабілі, дрэвы і траву не фарбавалі. Я неаднаразова бачыў наведванні першым сакратаром ЦК КПБ П. М. Машэравым райцэнтраў, калгасаў і саўгасаў. Падначаленыя стараліся выглядаць у яго вачах як найлепш, але сучаснага «кардэбалету» тады не было.

Гісторыя зараджэння і ўмацавання аўтарытарных рэжымаў у Беларусі і Расіі паказвае, што працэс ішоў паэтапна. Спачатку падтанцоўка стварала правіцелям імідж ратавальнікаў незалежных постсавецкіх краін, якія трапілі ў цяжкае становішча. Наступнай была задача паказаць іх найлепшымі, незаменнымі кіраўнікамі. Калі насельніцтва звыкла, падтанцоўшчыкі пачалі загортваць у залаты кокан самую пасаду, узносіць яе да нябёсаў, хоць прэзідэнт — гэта кіраўнік краіны на пэўны час, і не больш таго. Дарэчы, у аздабленні палацаў, рэзідэнцый «новых цароў» на азіяцкі манер шмат «золата», што выглядае надзвычай пошла.

Эпагеем стала спаборніцтва халуёў ва ўслаўленні босаў. Яны навыперадкі кінуліся лізаць — хто каго пераплюне. Былы дэпутат Дзярждумы Расійскай Федэрацыі, палітолаг С. Маркаў заявіў: «Путин и Медведев — это сверхценности нашего государства». Правіцель Чачні Р. Кадыраў пайшоў у ліслівасці далей: «Мой кумир — Путин. Он и чеченец, он и русский. И он дал нам всё на этой земле». Але наўпрост слова «Алах» не прагучала. Усіх пераплюнуў экс-губернатар Брэсцкай вобласці К. Сумар, які на словы А. Лукашэнкі: «Я ж не Бог», адказаў: «Вы немножко выше!».

У тэле- і радыёэфіры Беларусі і Расіі навязліва гучыць словаспалучэнне «наш президент». Прапагандысцкая падтанцоўка думае, што гэтым яна ўзнімае прэстыж аўтарытарных правіцеляў, павышае градус павагі і любові да іх. Але вяртанне да савецкіх прыёмаў убівання ў галовы людзей нейкага пастулата або ідэі выклікае пагарду і агіду. Такі падхалімскі ход і нібыта непрыкметная гіпнатызуючая апрацоўка аўдыторыі разлічаны на моладзь. Ды дарма старацца! Не толькі старэйшыя пакаленні, але і юнакі, дзяўчаты, якія хоць з большага вывучалі гісторыю, ведаюць, што ў СССР былі ўжо «наш дорогой и любимый вождь Иосиф Виссарионович Сталин», «наш дорогой Никита Сергеевич Хрущев», «наш горячо любимый Леонид Ильич Брежнев». Чым гэта скончылася, таксама вядома.

Чыноўнікамі, дыктарамі і вядучымі тэлебачання бясконца паўтараюцца «заклінанні» аўтарытарнага часу: «по поручению нашего президента», «выполняя поручения нашего президента», «как сказал наш президент». Чуеш і задаеш пытанні: няўжо, калі б не гэты індывід, дык нічога б не рабілася, а як жа Беларусь існавала да яго і будзе жыць пасля? Падтанцоўшчыкам ніколькі не сорамна перад грамадствам за грубы, прымітыўны падхалімаж. Цяпер яны на ім трымаюцца.

Але сказаць па тэлебачанні, што «поручения президента выполняются неукоснительно», — гэта адно, а выканаць — іншае. Адным з фальшывых акордаў у нуднай сімфоніі правалаў эканамічнай палітыкі рэжыму стала «калійная вайна» з Туркменістанам. Будаўніцтва Гарлыкскага калійнага горна-абагачальнага камбіната, якое вяла кампанія «Белгорхимпром» з чэрвеня 2009 года, адбывалася са скандаламі. Туркменскі бок абвінавачваў Беларусь у зрыве тэрмінаў, а Мінск выстаўляў яму прэтэнзіі ў несвоечасовай аплаце. Нарэшце, 31 сакавіка 2017 года два аўтакраты ўрачыста адкрылі камбінат. Але радасць была заўчаснай. Комплекс, які можа вырабляць 1,4 мільёна тон калійных угнаенняў у год, пры планавым заданні 720 тысяч тон выдаў на-гара толькі 24,2 тысячы тон. Цяпер бакі высвятляюць: хто ж вінаваты ў неэфектыўнай працы? Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу М. Мясніковіч сцвярджае, што беларусы «устраняли недостатки после так называемых туркменских золотых строителей», а ўлады Туркменiстана маюць спіс прэтэнзій да нашых будаўнікоў. Але як ні круці, за канфліктам стаіць нізкі ўзровень прафесіяналізму як кіраўнікоў, так і выканаўцаў. Адразу згадваецца жарт пра кепскага танцора, якому заўсёды нешта замінае.

У незалежных СМІ перыядычна з’яўляюцца паведамленні пра адыёзных індывідаў, якія былі пры пасадах і прынеслі грамадству і асабіста многім канкрэтным людзям шмат зла. Цэрберы рэжыму паступова сыходзяць з арэны: хто ўцякае за межы краіны да накрадзенай нерухомасці і рахункаў, хто выходзіць на «ўзмоцненую» пенсію, каб расказваць унукам пра «геройствы», а нехта кіруецца ў лепшы свет на вечны спачын. Разбуральную місію яны выканалі — загналі Беларусь у аўтарытарны тупік, з якога мы ніяк не можам вылезці на волю, а цяпер зніклі. Як кажуць у народзе, паспрабуйце насыпаць ім солі на хвост! А на іх месца прыходзяць нічым не лепшыя «дзеячы», бо падтанцоўка гадуе і рассаджвае па кіруючых крэслах сваіх хлуслівых, цынічных і сквапных дзяцей і ўнукаў.

Сёння падтанцоўка выступае асноўнай сілай, якая стымлівае прыход дэмакратыі ў Беларусь і Расію. Гэта «новы клас», якому выгадна быць пад крылом аўтарытарных правіцеляў, карупцыяй, крадзяжамі нарошчваць уласнае багацце і павучаць збяднелую большасць грамадства, што лічыць чужыя грошы і нерухомасць — неэтычна. Як ні крыўдна, але ў яе шэрагі можна залічыць многіх заходніх палітыкаў і нават асобных прадстаўнікоў мясцовай апазіцыі, якія носяць ваду ў рэшаце, «перавыхоўваюць» аўтакратаў.

Доўгая кар’ера правіцеляў рана ці позна завершыцца, але падтанцоўка застанецца. Не выключана, што яна са свайго асяроддзя выпхне наверх чарговага аўтарытарнага «правадыра», і для новых пакаленняў беларусаў і расіян зноў паўторыцца цемрашальства. Не лепш будзе выглядаць сітуацыя, калі, як цяпер ва Украіне, замест патрыятычнага служэння незалежнай Айчыне многія пракуроры, суддзі і іншыя службоўцы зоймуцца сабатажам.

Наша грамадства ніяк не можа ўцяміць, што яно — магутная сіла, якая здольная нацыянальна і палітычна з’яднацца і даць адпор злу. Толькі гэта трэба рабіць своечасова! Спазненне прыводзіць да таго, што зверху гучыць каманда: «Танцуют все!» — і рабскі балет зацягваецца надоўга.

Мне ўспамінаюцца словы выдатнага расійскага тэатральнага рэжысёра Г. Таўстаногава: «Главная наша российская беда — попустительство злу. Мы и видим его, и возмущаемся, но бороться с ним — тут нас нет. Почему так происходит?»

Гэтая заўвага тычыцца і беларусаў — сапраўды, чаму?

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Галоўны рэсурс

Амерыканскія горкі

«Адвакаты» справядлівасці

Хамут прымусу

Loading...

Добавить комментарий