Курсы валют

Доллар США
2.0351
Евро
Российский рубль

Погода

22..24 °C

Пункт гледжання

Усе — на абарону!

Zakonnikov

З часу набыцця нашай краінай незалежнасці прайшло больш чым чвэрць стагоддзя. Для гісторыі такі тэрмін — мізэрны, але беларусы спазналі ў ім шмат перажыванняў: ад эйфарыі да расчаравання. Цяпер мы вярнуліся да пачатку. Галоўным клопатам зноў становіцца абарона незалежнасці Айчыны.

На працягу ХХ стагоддзя беларусы часта траплялі ў складаную сітуацыю з той прычыны, што мы рашаем важныя нацыянальныя праблемы мімаходзь, нахапок, праз калена. Робім так, як выгадна ў гэты момант, а там — пабачым.

Адсутнасць мудрай стратэгіі і разумнага тактычнага выбару ў 1994 годзе прывялі нас да разбітага карыта. Пасткай для незалежнасці стала Дамова аб стварэнні Cаюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі, падпісаная 8 снежня 1999 года Б. Ельцыным і А. Лукашэнкам. Ініцыятыва сыходзіла не ад Расіі, а ад правіцеля Беларусі, які тады пад шумок выношваў амбіцыйны план стаць уладаром самай вялікай краіны на планеце.

У дакуменце ёсць фальсіфікацыя: «…руководствуясь волей народов России и Беларуси к единению и опираясь на общность их исторических судеб». Па-першае, у двух народаў не пыталіся, яны не галасавалі, па-другое, праз вякі лёс расіян і беларусаў адрозніваўся, што пацверджана гістарычнымі падзеямі і дакументамі. Доўгі час беларусы былі пад прыгнётам імперскай Расіі.

Даследаванні палітолагаў і сацыёлагаў паказваюць, што незалежнасць Беларусі як палітычная, юрыдычная, эканамічная, філасофская і маральная катэгорыя неаднолькава ўспрымаецца рознымі сацыяльнымі пластамі грамадства.

Правіцель і яго служкі дэмагагічна падтрымліваюць яе з прычыны таго, што яна дала магчымасць займець пасады, доступ да вялікіх матэрыяльных рэсурсаў і грошай, да высокага дабрабыту. Яны валодаюць усім, практычна імі ў жыцці ўзята верхняя планка, больш няма да чаго імкнуцца. Гэта ясна, калі ўлічыць слабыя асабістыя здольнасці, узровень адукаванасці і культуры кіруючага кантынгенту. Акрамя таго, у іх ёсць яшчэ адна незалежнасць: ад народа, ад законаў, ад сумлення, ад праўды.

Але носьбітам рэакцыйнага рэжыму без праблем падыдзе і ўваходжанне ў Расію. Калі, не дай Бог, краіна пяройдзе пад кіраванне Крамля, то яны не прападуць. Новым уладам патрэбны паслугачы з мясцовых кадраў.

Я не перастаю дзівіцца рамантычнай наіўнасці многіх мясцовых, расійскіх, еўрапейскіх, амерыканскіх аналітыкаў, экспертаў і журналістаў, якія мяркуюць, што правіцель Беларусі будзе да канца трымацца за незалежнасць. У апошнюю хвіліну, калі расійскія апекуны прыціснуць у кутку да хрусту ў пазванках, ён можа згадзіцца і на пасаду «генерал-губернатара».

Аўтарытарны правіцель — гэта асаблівы індывід. Яму, зацыкленаму на ўладзе, няважна дзе і кім кіраваць, патрэбна толькі пасада, тэрыторыя і маса людзей. Ён у любой сітуацыі выбудуе сістэму, якая будзе абслугоўваць яго і армію прыслужнікаў. Каб гэта мець, прагматычны аўтакрат не выграбе да канца кішэні звычайных грамадзян, сваіх рэальных рабоў, па астаткавым прынцыпе «паклапоціцца» і пра іх.

Таксама не факт, што расійскія акулы бізнесу захопяць усю беларускую эканамічную базу, «на хлеб з маслам» застанецца і мясцовай прыўладнай прадпрымальніцкай «эліце». Не будуць пакрыўджаны і спартыўныя, артыстычныя піяршчыкі рэжыму, «каралевы прыгажосці» і іншыя гламуршчыкі. Так што ўвесь аўтарытарны бамонд «в шоколаде»...

Вялікая частка жыхароў Беларусі лічыць, што незалежнасць заключаецца ў тым, каб намінальна мець дзяржаву, правіцеля, бегаць на святочныя тусоўкі, спяваць «Мы, беларусы — мірныя людзі» і расчулена глядзець на слязу спартсменаў, у гонар якіх за мяжой зрэдку ўзнімаюць сцяг і гучыць гімн. Але гэта знешні бок, макіяж, за якім не бачны глыбокія правалы ў нацыянальным і дзяржаўным станаўленні.

Як могуць асэнсавана і цвёрда абараняць незалежнасць краіны людзі, якія называюць сябе беларусамі, але па сутнасці выпадаюць з паняцця этнасу? Гэта казкі для бедных, што правіцель і яго служкі валодаюць роднай мовай, культурай, звычаямі, традыцыямі, любяць родны край. Рэальна яны здольны агучыць пару завучаных сказаў, а затым хапаюцца за паперку, бо думаюць, гавораць і паводзяць сябе не па-беларуску. Многім з іх абсалютна няважна, дзе жыць.

Наша грамадства знаходзіцца ў расслабленым стане. Яно не рэагуе на праявы зла з боку аўтарытарнай улады (пазбаўленне народа права выбіраць, бясконцы валюнтарызм аднаго індывіда, ператварэнне краіны ў адстойнік для беглых аўтакратаў і г.д.), на знешнія пагрозы.

У 2014 годзе ніхто не падазраваў, што расійская армія захопіць Крым і пачнуцца ваенныя дзеянні на ўсходзе Украіны. Але ў Крамлі злачынства даўно было спланавана, ястрабы чакалі зручнага моманту. Няма сумніву, што яны маюць некалькі варыянтаў уцягвання Беларусі ў склад Расіі, выберуць падыходзячы, калі надыдзе час Х. Да такога развіцця падзей трэба быць гатовымі!

Калі СССР увёў танкі ў Прагу, якая паўстала супраць камуністычнага гвалту, на Чырвоную плошчу ў Маскве выйшлі толькі 8 чалавек. Але яны былі больш відушчымі і мудрымі, чым затурканая, задураная прапагандай большасць. Праўда аказалася на баку жменькі разумных, смелых і мужных людзей.

Цяпер пра самае важнае. Незалежнасць, як паветра, патрэбна ў першую чаргу нам — звычайным людзям. Яна дазваляе самарэалізавацца кожнаму грамадзяніну і ўсяму народу.

Сённяшнім пакаленням беларусаў жыць прасцей, чым продкам, якія былі пад нацыянальным і сацыяльным уціскам. Але рабскія паводзіны сучаснікаў змушаюць задумацца: няўжо распарадзіцца незалежнасцю складаней, чым яе заваяваць? Значыць, мы дэградавалі?

У мяне ёсць верш «Пелька» (1997), які заканчваецца страфой:

«У сабор, у саюз, у імперыю!
Манна з неба прасыплецца там…»
Мітусяцца маленькія Берыі,
Сталін сніцца маўклівым рабам.

Час паказаў, што радкі не страчваюць актуальнасці. У Беларусі і ў Расіі прапаганда займаецца рэанімацыяй і ўслаўленнем крывавага тырана, яго цемрашальскіх ідэй. А нашыя грамадзяне з нізкім дабрабытам спадзяюцца, што з уваходжаннем Беларусі ў склад Расіі ў іх адразу павысяцца зарплаты і пенсіі.

Насельніцтва глыбока не ўнікае ў палітычнае жыццё, яму напляваць на пацучыную валтузню ў вярхах. Мільёны людзей заняты выжываннем, а сотні тысяч «прасунутых» клапоцяцца пра кар’еру, пра назапашванне багацця.

Але бывае, што надыходзіць час, калі трэба ўсё адкласці ўбок. На сёння больш важнай справы, чым абарона незалежнасці Беларусі, у нас няма. А таму ў выкананні святога абавязку мы не павінны дзяліцца на прыхільнікаў А. Лукашэнкі і на апазіцыю, яго трэба выконваць з’яднана, адзіным фронтам. Найперш усім народам трэба дамагчыся скасавання Дамовы 1999 года.

У трывожны час, улічваючы хлуслівыя ўмовы, у якіх у нас праходзяць выбары, дэмакратычныя сілы не павінны займацца пустой, амбіцыйнай валтузнёй. Навошта паўтарацца? Усё гэта пройдзена ў 2010 годзе. Хай у сваю «дэмакратыю» гуляюць правіцель і падстаўленыя ім у спіс асобы!

А мы рашуча скажам як «легальнай паўзучай інкарпарацыі», так і захопу краіны: «Не!» Лёс Рэспублікі Беларусь, якая паўстала намаганнямі мільёнаў самаахвярных продкаў, у нашых руках. Усе — на абарону незалежнасці Айчыны!

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Пагоня за піярам

Родныя людзі

Цунамі хлусні

Цяжар знявагі

Добавить комментарий