Курсы валют

Доллар США
2.0944
Евро
Российский рубль

Погода

14..16 °C

Пункт гледжання

Крыжа на іх няма

Zakonnikov

Амаральная дыктатура цяпер наўмысна здзекуецца з нас, наматваючы людскія нервы на валасаты кулак. Вандалізм у жалобных Курапатах перад Вялікаднем — гэта выпадак, калі пра мярзотнікаў, якія ўчыняюць святатацтва, кажуць: «Крыжа на іх няма».

Верш, які хачу працытаваць, напісаны 30 верасня 1994 года адразу пасля прыходу да ўлады А. Лукашэнкі. Мільёны яго прыхільнікаў надта радаваліся кар’ернаму ўзлёту саўгаснага дырэктара, а мне, чалавеку, які нарадзіўся і вырас у савецкай вёсцы з яе рабствам і прымітывізмам, было зразумела, чым скончыцца дурная весялосць бяздумнага электарата. Перад выбарамі я выступаў у СМІ за парламенцкую рэспубліку, супраць інстытута прэзідэнцтва і канкрэтнага амбіцыйнага прэтэндэнта, але мой голас быў «вопиющим в пустыне».

Радкі верша «Свінні на могілках» гучаць так:

У месцах тых,
Дзе панаваць павінны
Спакой і смутак
вечнае мяжы,
На ўрослыя грудкі залазяць свінні
І чухаюць азадкі аб крыжы.

Нажэрціся — у іх адзіны клопат,
Ім усё роўна,
дзе шукаць харчы.
Лычастых далакопаў
простым плотам
Ад шкоды можа людства ўберагчы.

І сыдуць неразумныя нябогі,
Калі прыкрыкне гаспадар: «Аюсь!»
А хто прагоніць тых свіней двухногіх,
Што нішчаць і дратуюць Беларусь?

Жывем дагэтуль з галавой пахілай,
І замыкаецца ганебны круг,
Якім нахабна па Айчыне мілай
Капыцяць статкі
ўкормленых зладзюг.

Заходзіцца душа,
нямее сэрца
Пад цёмным, страшным знакам
адкрыцця:
Калі няма павагі ў нас да Смерці,
Адкуль павага будзе да Жыцця?

Ганебны круг замкнуўся ў Курапатах, дзе «чэрці ў чорным», узброеныя бульдозерамі і экскаватарамі, вывернулі Крыжы. Так мы і жывем. Знешне Беларусь выглядае нібыта сучаснай краінай, але ўнутры яе даўно пануе абсурд і неафеадалізм са звярыным тварам. Прытым дыктатару ўтрымліваць абсалютную ўладу лягчэй, чым у часы Сталіна, Гітлера і Мусаліні. Ён займеў у падпарадкаванне людзей, даведзеных сталінізмам і брэжнеўскім «мяккім таталітарызмам» да рабскага стану, да бесхрыбетнасці. За час праўлення А. Лукашэнка столькі разоў парушаў заканадаўства і маральныя нормы, што ў іншай краіне яго змялі б з трона. А беларусы страцілі чалавечую годнасць, трываюць цынічны здзек, не выходзяць з пратэстам.На гэта асмельваюцца толькі самыя адчайныя.

Апраўданне страху ёсць. Што чакае ў Беларусі чалавека, які ўдзельнічае ў мірнай пратэстнай маніфестацыі? Найперш дубінкі, кулакі і абцасы грамілаў, затым суды, турмы і штрафы, а далей — страта месца працы або вучобы.

Каб і надалей трымаць людзей у страху, да паслуг дыктатара — апошнія дасягненні навукі і тэхнікі, новыя тэхналогіі. Рэпрэсіўныя органы ў Беларусі ўзнесены на такую ж статусную вышыню, як гэта было пры Сталіне, яны забяспечваюцца па высокіх мерках, а таму, нібы спушчаныя псы, лютуюць, рвуць на часткі любога, хто асмельваецца крытыкаваць аўтарытарызм і правіцеля.

Сутнасці жорсткіх рэалій у Беларусі не ўяўляе дэмакратычны Захад, які жыве паводле строгага захавання законнасці і маральных нормаў. Яго прадстаўнікі прымаюць ліслівую дэмагогію ўзурпатара пра рух да прагрэсу, за праўду, хваляць яго. Прыкладам слепаты служаць выказванні пасла Англіі ў Рэспубліцы Беларусь Ф. Гіббс, канцлера Аўстрыі С. Курца і іншых. У той жа час заходнія палітыкі і дыпламаты невысокай думкі пра беларусаў: «Ну што зробіш, яны самі хочуць быць пад дыктатарам».

Бяздумнае стаўленне да сітуацыі ў Беларусі з боку еўрапейскіх палітыкаў перашкаджае палітычнаму і грамадзянскаму сталенню беларусаў. Акрамя таго, многія заходнія кіраўнікі лабіруюць інтарэсы сваіх бізнесоўцаў у нашай краіне, за словамі і дзеяннямі часта тырчаць вушы нажывы.

Канешне, віна беларусаў у сваім ганебным стане — несумненная. Хоць гэта многім не падабаецца, але казаў і зноў паўтару: зло трэба бачыць і спыняць своечасова, пакуль не пусціла карані. А. Лукашэнка падгроб усё пад сябе і стаў узурпатарам не імгненна. За яшчэ толькі задуманы злачынны ўчынак неабходна, не марудзячы, біць па руках. Тады не было б абражанай роднай мовы, згвалтаванай Канстытуцыі, пашкуматанага дзяржаўнага нацыянальнага сцяга, скінутага на дол герба «Пагоня» і многа чаго яшчэ. А галоўнае — мы б мелі свабоду і нармальную ўладу. Цяпер жа змаганне са злом стала намнога больш складаным, але іншага шляху ў нас няма.

Тутэйшая шэрасць, якая ў пераходным хаосе надоўга прыліпла да ўлады, не мае здольнасцяў развіваць эканоміку, навуку і культуру, але ставіць рэкорды ў ідыёцкіх прыдумках і вандалізме. Вар’яцтва службоўцаў у пагонах і без іх, што нішчаць Крыжы, пастаўленыя ў месцы расстрэлу сталінскімі катамі бязвінных грамадзян,нараджае ў людскіх душах нянавісць да цемрашалаў і змагарны дух.

Выдатна, што супраць вандалізму выступілі рэлігійныя дзеячы. Мяне кранулі філасофскія словы арцыбіскупа Т. Кандрусевіча: «Так, як сёння аднесліся да Крыжоў у Курапатах, напаўняе сэрца болем, смуткам, пакідае шмат пытанняў і задумы аб будучыні нашай Бацькаўшчыны». А прэс-сакратар БПЦ С. Лепін нагадаў важную выснову: «Бесы очень боятся знамения Креста Господня, ибо на нем Спаситель разоблачил и выставил их на позор».

Прэс-сакратар Н. Эйсмант, каб надаць «важнасці» скандальным падзеям, заявіла, што прэзідэнт загадаў «навести порядок» у Курапатах, «чтобы это место выглядело достойно, но безо всякой политики». Карыстальнікі інтэрнэта абурыліся: той, хто ні разу не наведаў жалобнае месца, не схіліў там галаву, раптам «заклапаціўся».Памяць пра ахвяр сталінскіх рэпрэсій — самая высокая палітыка!

Мясцовыя чэрці могуць насіць нацельныя крыжыкі, але адначасова яны здольныя са святым знакам на шыі выкрадаць і пасылаць у нябыт людзей, спадцішка збіваць кастэтамі акадэмікаў, літаратараў, мастакоў, кіна- і тэатральных рэжысёраў, выкладчыкаў ВНУ і нарэшце — нішчыць памятныя Крыжы. У царстве «праваслаўнага атэіста» ўсё сфальсіфікавана— біяграфіі, статыстыка, выбары,вера.

Але нават закончаныя мярзотнікі баяцца гневу і суда, праўда, не столькі Божага, як народнага, таму замаскіравалі нумар машыны, што ўдзельнічала ў злачынстве, а самі апрануліся ў цывільнае адзенне.

У СССР пасля фармальнага развенчвання дыктатуры Сталіна не правялі люстрацыю злачынцаў, якія ўдзельнічалі ў крывавых рэпрэсіях, не асудзілі сталінізм юрыдычна і ўсенародна. Што ў выніку адбылося? Забойцы пралезлі ў шэрагі ветэранаў, атрымлівалі высокія пенсіі, расказвалі піянерам і камсамольцам пра свой «гераізм», а ўдовы, дзеці расстраляных і замучаных у канцлагерах насілі ярлык — «родзічы ворагаў народа», гібелі без кавалка хлеба. А цяпер крывавага тырана ў Беларусі і Расіі зноў валакуць на п’едэстал, пераймаюць яго злачынны вопыт.

Калі прыйдзе час свабоды і дэмакратыі, не павінна быць ніякай літасці да мярзотнікаў — ад самых высокіх па пасадзе і да шараговых. Яны ведаюць, што робяць. Гэта свядомае і цынічнае зло, якому няма апраўдання.

Пакуль у Беларусі пануе саўгасная дыктатура, мне згадваецца геніяльны М. Някрасаў, які зарыфмаваў думку малавядомай рускай пісьменніцы Н. Хвашчынскай: «Бывали хуже времена, но не было подлей».

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Воля ў сабе

Насустрач вайне

Скінемся на лаяльнасць?

Крытыка з падпечку

Loading...

Добавить комментарий