Курсы валют

Доллар США
2.0501
Евро
Российский рубль

Погода

13..15 °C

Пункт гледжання

Што станоўчае прынясуць гульні ў Мінску?

Zakonnikov

Нават школьніку зразумела, што наладжваць міжнародныя спартыўныя мерапрыемствы і іншыя маштабныя відовішчы, маючы пад рукой значныя бюджэтныя грошы, непараўнана лягчэй, чым развіваць сучасную эканоміку, навуку і культуру, забяспечваць прыстойны народны дабрабыт.

Правядзенне ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску — гэта яшчэ адно сведчанне неадэкватнасці прыярытэтаў, якія заўжды пануюць у аўтарытарнай краіне. Пасля абрання прэзідэнтам былы дырэктар саўгаса «Гарадзец» адразу абвясціў сябе на ўвесь свет «вялікім атлетам», прытым у розных відах спорту. Міжнародныя спартыўныя чыноўнікі ў яго асобе знайшлі «залатую жылу», яны навыперадкі кінуліся прапаноўваць правядзенне розных спаборніцтваў. Мясцовае чыноўніцтва (у першую чаргу спартыўнае) хутка асвоіла няхітрую навуку і пачало кляпаць міжнародныя мерапрыемствы адно за адным. Арганізацыйны «рытуал» іх правядзення практычна паўтараецца, за выключэннем некаторых нязначных асаблівасцяў. Словам, працэс у Беларусі пастаўлены на канвеер.

Спорт для аўтарытарных правіцеляў — гэта самы даступны, маштабны і эфектыўны піяр. Так павялося яшчэ з часоў старажытнага Рыма. Калі я ў 1984 годзе быў у рымскім Калізеі (ад лацінскага colosseus — агромністы, бо ўмяшчаў пяцьдзясят тысяч гледачоў), там здымалі мастацкі фільм на гістарычную тэму. У каменнай чашы, збудаванай на пачатку нашай эры, мітусіліся акцёры, гучаў узмоцнены мегафонам уладны голас рэжысёра. Перад гэтым мы з украінскім паэтам Раманам Лубкіўскім агледзелі арыгінальныя канструкцыі галерэяў, велічны фасад з трыма ярусамі аркадаў, прыхінутыя да сцен кавалкі плітаў са старажытнымі надпісамі, сляды вострых кіпцяў на прыступках, па якіх вялі дзікіх звяроў уніз на арэну, дзе іх чакалі адважныя гладыятары. Адштурхоўваючыся ад здымкаў лакальнага эпізода фільма, можна было даць волю фантазіі і выразна ўявіць крывавае відовішча: жорсткае змаганне, гул трыбунаў, самазадаволеныя твары імператараў (Цэзара, Нерона, Даміцыяна) і прадстаўнікоў бліжэйшага атачэння. Смяротныя баі гладыятараў прыносілі вядомасць і славу жорсткім, фанабэрыстым правіцелям.

Што станоўчае прынясуць гульні ў Мінску беларускаму народу, краіне? Спартыўны журналіст С. Шчурко даў такую ацэнку: «Сам по себе проект неудачный: организаторы опоздали с Европейскими играми лет на 60—70… Знаете, почему норвежцы однажды отказались от проведения зимней Олимпиады, хотя страна очень богатая? Там подсчитали затраты хотя бы на обслуживание членов МОК, после чего от идеи проведения таких соревнований отказались. Потому что норвежцы не привыкли к показной роскоши. Люди, придумавшие эти игры, изначально создали для себя шикарные условия. Но ради чего тратить безумные средства на их обслуживание?..

Есть две группы болельщиков: наши и российские. Последние с удовольствием приедут в Минск потусить, поболеть за русских, которые, безусловно, займут первое командное место. Наших фанатов такое зрелище тоже устроит: когда еще мы увидим, что белорусы в большинстве видов спорта позволят себе биться за тройку? На Олимпиаде мы себе такого позволить не можем, зато на Европейских играх, статус которых в мире на уровне универсиад, к которым профессиональный спорт серьезно не относится, мы, конечно, можем срубить медалей…

Мне бы хотелось, чтобы в Беларусь приехало сумасшедшее количество иностранцев, которые позже возвращались бы в нашу страну. Это можно было бы сделать, если бы мы сумели разнообразить новые Европейские игры. Если пытаться 70-летнюю старушку приукрашивать с помощью самых лучших стилистов, одевать у самых модных дизайнеров и выдавать ее за 20-летнюю девушку, чтобы она всем понравилась, это гиблое дело».

Пра невысокі статус гульняў засведчыла тое, што ў Мінск не прыехалі лідары еўрапейскіх краін, іх праігнаравалі нават суседзі. Кампанію А. Лукашэнку склалі расійскі прэм’ер-міністр Д. Мядзведзеў, прэзідэнт Малдовы І. Дадон, прэзідэнт Сербіі А. Вучыч. Скандал з дэманстратыўным няўдзелам А. Вучыча ў адкрыцці гульняў, бо па запрашэнні Еўрапейскага алімпійскага камітэта прыехаў прэзідэнт Рэспублікі Косава Х. Тачы, якую Сербія не прызнае, у чарговы раз абвяргае дэмагагічны лозунг чыноўнікаў: «Спорт — па-за палітыкай».

Цырымонія адкрыцця гульняў пакінула неадназначнае ўражанне. З аднаго боку, мастацкая частка атрымалася даволі маляўнічай, замешанай на паказе беларускай гісторыі, але неверагодна эклектычнай, зведзенай да банальных атрыбутаў: буслоў, зуброў. У прысутнасці замежных гасцей, як толькі прыпяклі абставіны, рэжым успомніў нават родную мову, якая ў буднія дні загнана ў гета. З туману выплылі і слаўныя людзі Айчыны. Але, як на выбарах, нават тут не абышлося без фальсіфікацый. На слуцкім поясе чытаем словы: «…адзіная рэальная каштоўнасць у чалавека на свеце — яго жыццё», але імя іх аўтара Васіля Быкава — прапала.

Увогуле, адкрыццё гульняў вымушае напомніць аўтарытарнай уладзе, што родную мову і гісторыю сваёй Айчыны беларусы павінны вывучаць не на стадыёнах, а ў дзіцячых садках, школах, гімназіях, ліцэях і ВНУ.

Кіраўнік ЕАК Я. Качыянчыч якраз, каб падкрэсліць павагу да народа, вітаў гледачоў на беларускай мове. Праўда, чытанне тэкста, напісанага мясцовымі «безукоризненными организаторами», відаць, лацінкай, атрымалася казусным. У сацыяльных сетках нават з’явіўся водгук: «Вышло что-то вроде — спасибо за слабоумие, что приняли игры».Тым не менш, высокаму госцю — удзячнасць, бо ён паспрабаваў сказаць па-беларуску, а мільёны беларусаў маўчаць, не робяць і спробы.

У гэтыя дні, перасоўваючыся па сталіцы па прыватных патрэбах, я вывучаю рэакцыю жыхароў. Сівы чалавек з кульбай у трамваі голасна кажа: «Долгами обвешены, как новогодняя ёлка, а всё никак не успокоятся — соревнование за соревнованием. Ни одна европейская страна, намного богаче нас, не взялась проводить эти третьеразрядные игры!»

У душным аўтобусе, які спыніўся перад праспектам, на скаргу і пытанне маленькай дачушкі: «Мне жарко, почему мы долго стоим?» — маладая мама адказвае: «Вон красивые автобусы едут, их пропускаем. У нас теперь много гостей. Они — гости, их надо встречать, в гостиницы размещать, подарки дарить». Малая цікавіцца: «А мы кто?» Мама з усмешкай тлумачыць: «А мы в Минске живём. Мы — жители». Дзяўчынка ўздыхае і кажа: «Хорошо бы нам быть гостями…»

Сёлета ў першыя летнія месяцы сышлося ажно чатыры відовішчныя мерапрыемствы (ІІ Еўрапейскія гульні, свята Вызвалення, рэспубліканcкае свята «Купалле» ў Александрыі, «Славянскі базар» у Віцебску), якія з рознай сквапнасцю, але паглынаюць бюджэтныя (народныя!) грошы. Не ведаю, як каму, а па мне — гэта вялікі перабор.

Без сарказму, шчыра кажу, што буду задаволены, калі гульні ў Мінску падораць спорту некалькі сусветных рэкордаў, прынясуць задавальненне турыстам, адкрыюць для іншаземцаў самабытную прыродай і культурай Беларусь. Але пакуль што ўражанне ад тусоўкі ў «саўгасе» — сумнаватае, не чапляе. Ды і на вуліцах сталіцы спартыўнага ажыятажу сярод яе жыхароў не назіраецца…

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Раўненне — на Быкава!

Згубленая мэта

Рэстаўрацыя страху

Змена ўлады

Добавить комментарий