Курсы валют

Доллар США
2.0506
Евро
Российский рубль

Погода

8..10 °C

Пункт гледжання

Смерць — у абдымках

Zakonnikov

Трагічных выпадкаў, якія адчайна крычаць сучасным людзям: «Будзьце пільнымі, не паўтарайце памылак!», — у гісторыі чалавецтва не злічыць. Але тыя вучыцца не хочуць. Пра гэта сведчыць складаная, заблытаная сітуацыя, якая па віне аўтарытарных рэжымаў склалася паміж Расіяй i Беларуссю.

Новы прыступ расійска-беларускай «любові», рэанімацыя Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы 1999 года, курс на інтэграцыю дзвюх краін выклікаюць у расіян і беларусаў старэйшага пакалення згадкі пра камічныя пацалункі ўзасос генеральнага сакратара ЦК КПСС Л. Брэжнева з кіраўніком ГДР Э. Хонэкерам і гарачае абсліньванне былога «арыгінальнага цыцэрона» расійскага прэм’ер-міністра В. Чарнамырдзіна яго тутэйшым калегам В. Кебічам. Да гэтых даўніх эпізодаў сёння дадаюцца тэлесюжэты пра паездкі правіцеляў за мяжу, прыёмы важных гасцей дома, дзе не абыходзіцца без «любошчаў», якія часта выклікаюць усмешкі. Але гісторыя сведчыць, што смяецца той, хто смяецца апошнім, бо ў абдымках, якімі б фальшывымі і пацешнымі яны ні былі, можна і задушыць.

Правіцелі Расіі і Беларусі сцвярджаюць, што ў адрозненне ад цывілізаванага свету яны ідуць «асаблівым шляхам», які сябе апраўдаў і варты пераймання. Чым жа станоўчым выявілася «самабытнасць»? Пакуль што нічым. Адзінае дасягненне — гэта тое, што «пабрацімы» намёртва ўраслі ў прэзідэнцкія крэслы і скрануць іх змогуць толькі беспрэцэдэнтныя народныя ўзрушэнні. Яны наспяваюць, але пакуль што развіццё падзей (прыкладна, як у кастрычніку 1917 года), нягледзячы на рост сацыяльнай незадаволенасці, на прорву паміж пачварна багатымі і катастрафічна беднымі людзьмі, стрымлівае інерцыя невыводнага страху.

Палітычнае жыццё ў краінах ледзьве ліпіць, і то дзякуючы самым смелым і адважным людзям, бо астатнія грамадзяне маўчаць, панура сядзяць пад дубінкамі і штрафамі.

Няма ніякага прагрэсу ў развіцці эканомікі, у стварэнні належных умоў для прадпрымальніцтва, паляпшэнні дабрабыту ўсіх працуючых грамадзян, у нарошчванні бюджэтных грошай для забеспячэння прыстойнай сацыяльнай дапамогі непрацаздольнаму насельніцтву. У Расіі 21 мільён бедных людзей. У 48,2 % расіян грошай хапае толькі на ежу і вопратку. У раскошы жыве і далей назапашвае багацце адзіны клан кіруючай і прыўладнай «эліты». Такая ж сітуацыя, калі невялікі пласт багатых людзей багацее, а бедныя бяднеюць, склалася і ў Беларусі, дзе працэнт маламаёмасных грамадзян яшчэ большы, чым у суседзяў.

Дык навошта было марнаваць больш чвэрці стагоддзя, каб мець такі вынік? Што можна пераймаць у Расіі і Беларусі?

Не маючы сучасных дасягненняў, аўтарытарныя правіцелі як за саломінку ўхапіліся за Вялікую Айчынную вайну і мусоляць тэму, загортваючы ў кокан хлусні. Але дакладную ацэнку таго, што адбывалася ў 1941 — 1945 гадах, даўно даў выдатны рускі пісьменнік-франтавік В. Астаф’еў, з якім я меў гонар сябраваць. Віктар Пятровіч са слязамі на вачах казаў пра Перамогу над гітлераўскай Германіяй: «Мы залили их реками крови и завалили горами трупов». Ёсць дакументальныя сведчанні таго, што ў час Ржэўскай бітвы «немецкие пулеметчики сходили с ума», бо «не могли все время убивать».

Для беларусаў другая сусветная вайна пачалася значна раней — у 1939 годзе, калі Германія напала на Польшчу. Да 1941 года нашы людскія страты ў змаганні з нямецкім фашызмам былі вялікімі.

Святкаваць вызваленне Беларусі або перамогу ў вайне трэба, але ўсё ж без залішняй пампезнасці, без грукату, вясёлых спеваў і разгульных танцаў, помнячы, якой невераемнай цаной яны былі дасягнуты. Народная памяць не залежыць ад працягласці красавання на святочных трыбунах аўтарытарных правіцеляў, генералаў і палкоўнікаў, ад колькасці тэхнікі і маршыруючых вайскоўцаў, выкарыстанага паліва.

Багатая Амерыка ў час ваенных парадаў не разбурае ў гарадах асфальт танкамі і бронемашынамі, а Беларусь, абвешаная пазыкамі, праводзіць нават рэпетыцыі, святкуе з купецкім разгулам. Ці ж гэта не марнатраўства?

Жалеза, якое грукоча на вуліцах Мінска, калоны ўзброеных малайцоў, у тым ліку і з Расіі, асабіста ў мяне не выклікаюць патрыятычных пачуццяў, а нараджаюць страх за мірны дзень дзяцей і ўнукаў. Чаму так успрымаю ваенныя парады? Ды таму, што беларускія армія, міліцыя, КДБ, за рэдкімі выключэннямі, не маюць нацыянальных адзнак і духу, унутранай роднасці з народам, практычна гэта носьбіты «русского мира».

Каланізацыя Беларусі імперскай Расіяй, якая пачалася ў ХVІІІ стагоддзі і не спынялася, працягваецца цяпер скрытна. Неабыякавых беларусаў насцярожвае дэмагагічная балбатня У. Пуціна пра «единый народ». Ён спрабуе запэўніць, што будзе «не единое государство», «но там, правда, много элементов вплоть до создания союзного парламента, введения единой валюты и т.д.». У гаворцы з Д. Мядзведзевым яму падпяваў і А. Лукашэнка: «Как Путин говорил, мы один народ».

Такія ж супакойваючыя слоўныя рэверансы назіраліся перад агрэсіяй Расіі супраць Украіны. Таўклася вада ў ступе, а потым раз — і «Крым наш»! І ў Данбасе пачалі ваенныя дзеянні «зялёныя чалавечкі». Захопнікі нахабна залезлі на чужую зямлю, а цяпер, украінцы, ламайце галовы, як іх адтуль вытурыць. Вось вам і «адзін народ»!

Валтузня з інтэграцыяй выгадна абодвум правіцелям, якія, хоць і шукаюць «запасныя аэрадромы», пра што сведчаць гарачыя братанні з аўтакратамі ў розных кропках планеты, ды будуць абараняць сваё прэзідэнцтва да апошняга.

Скажу шчыра — мне абрыдла бясконцая слоўная гульня вакол аўтакратаў, якім дынамічны час наступіў на пяты, загадвае сысці, а яны чапляюцца за троны, лічаць сябе «вяршыцелямі сусветнай палітыкі». Як грамадзяніну незалежнай Рэспублікі Беларусь мне няважна, з якой нагі раніцай устаў У. Пуцін, як ён паглядзеў на А. Лукашэнку, а той — у адказ. Сёння яны — прэзідэнты, а заўтра стануць пенсіянерамі, прыватнымі асобамі і будуць займацца ўнукамі, праўнукамі або гадаваць коз, авечак, вырошчваць кавуны ці бульбу, сядзець з вудай на беразе возера.

У свеце сёння сапраўды пануе культ улады і грошай. Мільёны людзей нацэліліся на іх здабычу любымі спосабамі. Але ёсць іншыя прыярытэты. Можа, некаму «да лямпачкі», а мне важна, у які дзень святкуецца незалежнасць, які маем герб, пад якім жывем сцягам,таму што сур’ёзна стаўлюся да гісторыі народа,да Айчыны. Яна для мяне не проста геаграфічнае месца, дзе толькі робяць кар’еру і назапашваюць уласнае багацце, а родная зямля, палітая крывёю, слязьмі і потам продкаў, на якой будуць жыць мае нашчадкі. У няўстойлівым часе я клапачуся пра іх, бо хто, акрамя мяне, стане гэта рабіць? Кожны народ сам дбае пра захаванасць на планеце і годную будучыню.

Пасля сыходу ўзурпатара з дапамогай гістарычнай праўды народ усё верне на сваё месца, каб не існаваць у самалюбаванні, хлусні і падтасоўках, а мець дынаміку годнага развіцця...

Смерць побач з любімым чалавекам — гэта, магчыма, не самае горшае ў лёсе канкрэтнай асобы, мужчыны або жанчыны. Але такі трагічны фінал у фальшывых абдымках імперскай Расіі не падыходзіць для майго народа, любімай Айчыны, якія прагнулі і змагаліся за сваю свабоду і незалежнасць.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Што станоўчае прынясуць гульні ў Мінску?

Раўненне — на Быкава!

Згубленая мэта

Рэстаўрацыя страху

Добавить комментарий